Вы тут

Саліст оперы Вялікага тэатра Уладзімір Пятроў: Трэба хвалявацца не за сябе, а за персанажа


Сёлета Уладзімір Пятроў адзначыў адразу два юбілеі: у лютым народнаму артысту Беларусі споўнілася 60 гадоў. Акрамя гэтага, саліст оперы Вялікага тэатра адзначае і творчае свята — 30 гадоў на сцэне.

«Звязда» паразмаўляла з Уладзімірам Пятровым і даведалася аб поспехах, думках і хваляваннях артыста.


— З нагоды вашага двайнога юбілею, ці акрэслілі вы некаторыя вынікі, звязаныя з вашай кар'ерай?

— Я не магу казаць, што я сеў і пачаў рабіць вынікі жніва. Гэта пастаянны працэс працы над спектаклямі, якія ідуць цяпер, жаданне зрабіць іх лепш. Я вам больш скажу: я ўвогуле не хацеў адзначаць гэтыя юбілеі. Але абставіны склаліся інакш. Тым больш, калі гэта спрацуе на тэатр, то чаму не?

Вынікі я падводжу ўвесь час. Ты адпрацаваў спектакль і, як правіла, пасля яго не спіш і аналізуеш, што атрымалася, а што не. Гэта ў любым выпадку псіхалагічная «напампоўка». Асабліва, калі гэта драматычна складаны спектакль.

— Калі вы ўжо закранулі гэтую тэму, апішыце свой стан перад спектаклем і пасля яго.

— Па-першае, налада голасу — гэтаму аддаецца львіная доля намаганняў. Па-другое, псіхалагічны стан. Трэба хвалявацца не за сябе, а за персанажа, ролю якога ты выконваеш. Карысна глядзець запіс спектакля неўзабаве пасля таго, як яго адпрацаваў. Параўнаць свае адчуванні з тым, што людзі бачылі збоку. Гэта таксама частка працы над роллю. Добра, калі на спектакль прыходзіць чалавек, вуху якога ты давяраеш. Мая жонка таксама музыкант, дзякуючы гэтаму можа падказаць, куды трэба ўнесці папраўкі. Такім чынам я выбудоўваю не толькі свой голас, але і паводзіны на сцэне.

— Каго вы лічыце майстрам у сваёй прафесіі?

— Я шмат сустрэў на жыццёвым шляху людзей, якія падказвалі, накіроўвалі. Гэта той багаж, які не цісне, але які ты набываеш, працуючы ў розных тэатрах з рознымі выканаўцамі, дырыжорамі, рэжысёрамі.

Што датычыцца вакалу, то гэта канешне ж барытоны: Батыстыні, Бастыяніні, Леа Нучы — мы разам пелі на фестывалі ў Швейцарыі. Тэнар Джузэпэ Джакаміні, уладальнік вельмі высокага і звонкага голасу. Таксама даводзілася сустракацца з ім на фестывалі. Адна справа слухаць выканаўцу ў запісах, а зусім іншая — ужывую. Канешне ж, гэтыя моманты незабыўныя. Вельмі шмат розных спевакоў, па якіх можна вастрыць свой інструмент. Гэта бясконцая праца, якая доўжыцца ўсё жыццё. У вакале ўсё будуецца на адчуваннях і параўнаннях. На дэталях, якія трэба заўважаць, разумець і аналізаваць. І такія сустрэчы з майстрамі даюць пэўную базу і настрой.

— Чаму ролю Рыгалета вы лічыце этапнай у сваёй кар'еры?

— Гэта вяршыня — вельмі складаная для барытона партыя. Акрамя таго, яна драматычная. А мой голас не зусім драматычны. У маладосці ў мяне быў лірычны барытон: я прыйшоў у тэатр і спяваў Анегіна, Ялецкага, Сільвіа. Прайшоў час, голас трошкі трансфармаваўся. Я захацеў паспрабаваць. І вось, нешта атрымалася. Каб навучыцца плаваць, трэба зайсці ў ваду. Я ў гэтых спектаклях зайшоў — і не шкадую.

— З гэтага вынікае лагічнае пытанне: якія этапы яшчэ не пройдзеныя?

— Іх вельмі шмат. Гэта і опера Джузэпэ Вердзі «Сіла лёсу», і моцная драматычная партыя Яга ў «Атэла». Нам не бракуе матэрыялу, маем справу з таленавітымі кампазітарамі і таленавітай музыкай.

— Якім чынам вы ўжываецеся ў ролю?

— Опера — гэта жывы жанр. Я вывучаю матэрыял, спрабую яго на свой голас. Чытаю літаратуру па спектаклі, гляджу відэа і параўноўваю, як гэта рабілі іншыя. Прыстасоўваю свой галасавы апарат да мізансцэн. Успамінаю законы сцэны Пакроўскага і Станіслаўскага. І нешта выкрышталізоўваецца. Мы ўсе быццам сасуды, у якіх вада ўвесь час пераліваецца. Адбываецца працэс узаемадзеяння, перадачы энергіі і ведаў ад аднаго чалавека да другога. Натуральна, гэта ўплывае і на спектакль. Тут вельмі важна, каб і рэжысёр, і дырыжор былі псіхолагамі, умелі сабраць каманду менавіта на гэты спектакль. Са мной працавалі падобным чынам, калі я выконваў ролю Анегіна ў кансерваторыі. Тады ўся драматургія, якая закладзена ў музыцы, робіцца больш зразумелай.

— У адным з інтэрв'ю вы казалі: «Свежасць шэдэўру трэба вяртаць, я бачыў, як разумна і далікатна гэта робяць у Францыі і Аўстрыі. Не любой цаной». Як вяртаць згаданую свежасць? І дзе менавіта для вас праходзіць мяжа паміж аднаўленнем і апашленнем?

— Тут вельмі тонкая грань. Я не прымаю, калі на сцэне робіцца бязладдзе. Мне спадабалася «Травіята» з Ганнай Нятрэбкай. Гэта сучасна, але там ёсць рэжысёрскае рашэнне, якое заснавана на тым, чаго патрабуе музыка. Такія пастаноўкі ты глядзіш на адным дыханні.

Толькі б гэта не супярэчыла музыцы — вось галоўны крытэрый. І яшчэ адказнасць. Часам у рэжысёраў яна адсутнічае. Яны жадаюць, каб запомнілі менавіта іх: вось усе зрабілі так, а я — наадварот,
пастаўлю саліста на галаву. Пытанне: а гэта апраўдана? Зараз назіраецца рэжысёрскі разгул. Абавязкова трэба распрануць героя або гераіню. Часам нельга рабіць такія рэчы. Перш чым рашыцца на такое, трэба задаць сабе шэраг пытанняў. Напрыклад, што ты хочаш гэтым прамовіць? З іншага боку, колькі людзей, столькі і думак.

— Для вас як для гледача які від мастацтва любімы?

— Паколькі большую частку свайго творчага жыцця я правёў у класічным жанры, то цікаўлюся ў асноўным канцэртамі. Напрыклад, струннага квінтэта «Серэнада», мы з імі рабілі праграму неапалітанскіх песень, старадаўніх рускіх рамансаў, Чайкоўскага, Рахманінава. Але абавязковая ўмова — цікавая, душэўная музыка, якая кранае. Люблю ваенныя песні, на якіх я вучыўся спяваць. Мая маці прайшла вайну дзіцёнкам, таму тэма патрыятызму культывавалася ў сям'і. Зразумела, што зараз іншы час, іншае стаўленне да многага, але мне блізкія і савецкія песні. Тая ж «Радзіма» Серафіма Тулікава — выдатная мелодыя. Аляксандра Пахмутава, Яўген Пцічкін — гэта асобная плеяда музыкантаў. У свой час мяне захапіла і бардаўская песня: гітара, студэнцкія гады...

— Вашы словы: «Трэба, каб слухач быў падрыхтаваны, аб гэтым павінны клапаціцца дзяржава і грамадства». Што ўваходзіць у працэс падрыхтоўкі?

— Я не магу казаць, што я такі дасведчаны ў гэтай справе, педант, які можа даваць парады. Ніякім чынам. Але ясна, што неабходна папулярызацыя жанру класічнай музыкі, пошук новых формаў. Думаю, трэба пачынаць з сям'і і школы: заахвочваць у дзецях прагу да музыкі. Але калі ў школах адмяняюцца ўрокі музыкі, то што мы будзем выхоўваць? Каго мы будзем выхоўваць? Увогуле, я мару аб тым, каб культура стаяла на першым месцы. Перад палітыкай і эканомікай. Тады, напэўна, нешта зварухнецца. А да гэтага будуць адны толькі словы.

Арына КАРПОВІЧ

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».