Вы тут

«Гушкаючы ў далонях гром...»


«Будуць сніцца лясы дарагія,

І сюды я вярнуцца гатоў,

Каб сказаць: хай жыве настальгія —

Хісткі мосцік з юначых гадоў».

Паэт Віктар Гардзей усю сваю творчасць прысвячае родным Малым Круговічам, што ў Ганцавіцкім раёне Брэсцкай вобласці... Тут 75 гадоў таму, 19 жніўня 1946 года, ён прыйшоў на свет, тут склаў першыя вершы. А ў 1963 годзе сямнаццацігадовы Віктар Гардзей дэбютаваў у газеце «Піянер Беларусі» з першым апавяданнем «Памылка». Зрэшты, якія толькі жанры не засвоіў... Кнігі прозы і паэзіі, творы для дзяцей, пераклады... Аўтар іх атрымаў прэмію імя І. Мележа, прэмію «Залаты Купідон» ды іншыя. Засвоіў і рэдактарскую працу, дасюль дапамагаючы ўбачыць свет у літаратурных выданнях творам іншых аўтараў. Загучалі па-беларуску, дзякуючы Віктару Гардзею, раманы Флабэра «Саламбо» і Стывенсана «Чорная страла», аповесць-казка Гофмана «Шчаўкунчык і мышыны кароль» ды іншая класіка, якая вымагала выдатнага валодання слоўнымі нюансамі. Напярэдадні юбілею Віктар Гардзей адказаў на пытанні «Звязды».


— Адна з вашых паэтычных падборак называлася «Вершы, напісаныя ў белых бярэзніках». Вам сапраўды лепш пішацца на прыродзе?

— Так яно і ёсць. У белых бярэзніках пішацца лепш. Аднойчы, калі быў яшчэ вучнем дзясятага класа, чагосьці блукаў у нашым садку, радуючыся першаму красавіцкаму прагрэву, і трэба ж здарыцца цуду — менавіта там, пад яблыняй, напісаўся цалкам камфортны верш, навеяны пачаткам першай веснавой навальніцы. Каб не забыць, хутчэй прыбег у хату, запісаў на нейкім акрайку і быў прыемна здзіўлены, што вершы можна складаць і так, проста ў галаве, без пяра і паперы. Дакладна гэты паэтычны твор запомніўся на ўсё жыццё:

З-за лесу хмара наплыла,

Гушкаючы ў далонях гром,

Па колеру яна была

Падобная на чарназём,

На тое поле, што не раз

Прайшоў упоперак і ўздоўж,

Араў і сеяў, зноў араў

І ведаў, што цыбаты дождж

Навекі ніткаю адной

Звязаў зямлю і край нябёс,

Дзе з хмары першы гром вясной,

Бы кволы парастак, прарос.

— «Нарадзіўся я ў глыбі Палесся, на балоцістай і лясістай Ганцаўшчыне, дзе і цяпер, нягледзячы на маштабную меліярацыю, фаўна і флора яшчэ радуюць сваім багаццем і першародным хараством» — так вы аднойчы напісалі пра сябе. Любоў да Палесся, да роднай вёскі гучыць ва ўсіх вашых творах. Але, як большасць беларускіх літаратараў, апынуліся ў горадзе. Як вы ставіцеся да вызначэння Міхася Стральцова «сена на асфальце» — ці суадносіце гэта з сабой?

— У той час, як выйшла з друку другая кніга прозы гэтага выдатнага пісьменніка, пасля школы я працаваў у Ляхавіцкай раённай газеце. З вялікім захапленнем прачытаў апавяданні, хоць аўтара ведаў і раней. Завяршалася эпоха Хрушчова з яго імкненнем зблізіць узровень жыцця гарадскога і сельскага насельніцтва, разам з тым сямімільнымі крокамі набліжаўся час, калі сена не спатрэбіцца і ў самой вёсцы. Аднак выдатныя апавяданні на тэму «былога вяскоўца», яго вяртання да былых каранёў напісалі Міхась Стральцоў, пісьменнікі Алесь Жук, Міхась Вышынскі, Мікола Гіль, Мікола Капыловіч, так што вобраз «сена на асфальце» можна цалкам суаднесці з пэўнай гістарычнай эпохай, больш вядомай цяпер як застой.

— Ці сыдзе вясковая тэма з беларускай літаратуры?

— Гледзячы ў якім аспекце. Тая тэма, якую мы любілі, якой ганарыліся, урэшце, за якую славілі саміх пісьменнікаў, здаецца, сышла беспаваротна. Несумненна, вёска зменіцца, мяняецца і цяпер, але застанецца жыць, значыць, вернуцца сюды паўнакроўныя вяселлі, хрэсьбіны, фальклор, народныя традыцыі. Літаратурныя творы — таксама.

— На вашай радзіме ёсць вуліца вашага імя... Гэта была для вас нечаканка? А калі вы былі дзіцем, падлеткам — як ставіліся сямейныя, суседзі, знаёмыя да вашых літаратурных спроб? Ці ніхто пра гэта не ведаў?

— Шчырая праўда — поўнай нечаканасцю. Пра вуліцу нічога не ведаў, пакуль перад усёй вёскай не зачыталі адпаведнае рашэнне сельвыканкама. Нагодай, відаць, паслужыла тое, што роднай вёсцы Малыя Круговічы, яе працавітым людзям я прысвяціў усю сваю прозу, безліч газетных матэрыялаў. А свята паэзіі ў гонар майго 50-годдзя землякі арганізавалі цудоўнае — з танцамі, чытаннем вершаў, нават з футбольным матчам. У час свайго юнацтва вершы мала каму паказваў, хіба што блізкім сябрам. Нейкім чынам пра мой цікавы занятак даведаўся сусед Канстанцін Шуцілаў, і кожны раз пры сустрэчы інакш мяне і не называў, як Віктор Гюго.

— Вы нарадзіліся ў пасляваенны год... Часта звярталіся ў творчасці да тэмы вайны? Што для вас значыць гэтая тэма?

— Калі звароты і былі, дык толькі эпізадычныя. З мяне хапіла і таго, што пра вайну пісалі Міхась Лынькоў, Іван Шамякін, Янка Брыль, Васіль Быкаў, Іван Мележ, Іван Пташнікаў, Ілья Гурскі, Алесь Асіпенка, Іван Чыгрынаў і іншыя. Усю беларускую ваенную прозу ахапіць немагчыма. Я ж яшчэ любіў чытаць і даволі таўставатыя мемуары партызанскіх камандзіраў.

— «У студзені 1985 года я пачаў працаваць у рэдакцыі часопіса „Родная прырода“ загадчыкам аддзела фаўны і вельмі хутка зразумеў, што жывёльны свет Беларусі ведаю даволі павярхоўна, прынамсі, не так добра, як гэта патрабуецца рэдактару навукова-папулярнага выдання» — цытую ваша даўняе інтэрв’ю. Тады вы пачалі «пазнаваць таямніцы жывой прыроды», неяк нават здзейснілі ідэю стварыць паэтычную «Чырвоную кнігу Беларусі для дзяцей», прычым збіраючы матэрыялы не толькі праз выданні, але ездзячы ў камандзіроўкі па ўсёй краіне. Здаецца, асабліва часта сустракаюцца ў вас птушкі — прынамсі, у творах для дзяцей. Дзесьці чытала, што вас назвалі паэтам-арнітолагам... Любіце птушак? Ці ёсць для вас нейкая птушка-сімвал?

— Мая птушка-сімвал — бусел у «чырвоных ботах». Летам у выдавецтве «Народная асвета» выйшла знакавая кніга «Птушка года Беларусі» — пра цікавы экалагічны конкурс для дзяцей. Конкурс працягваецца, а вядзе яго грамадскае аб’яднанне «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

— Вы — паэт, празаік, пішаце для дзяцей... Ці ёсць нейкія правілы, якіх трэба прытрымлівацца дзіцячаму пісьменніку?

— Перш за ўсё трэба пісаць для дзяцей свежа і арыгінальна. Каб не паўтарыцца, неабходна добра ведаць творчасць сваіх папярэднікаў. З дзяцінства я палюбіў вершы Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Танка, Артура Вольскага, творы сваіх равеснікаў — Міколы Чарняўскага, Міколы Маляўкі, Казіміра Камейшы. Мне пашанцавала, што ў наш час наклады дзіцячых кніг былі высокімі, і па іх нават стаялі ў чарзе. Помню, калі зборнік вершаў «Зай, які лічыў варон» з яго 80-тысячным тыражом быў раскуплены ўмомант, і аўтару нічога не дасталася. Выручыў Мікола Чарняўскі, які выдзеліў мне некалькі асобнікаў з асабістых запасаў.

— Вы вядомы і як перакладчык. Сёння, дарэчы, у беларускай літаратуры вельмі шмат перакладаецца сусветнай класікі, так, што некаторыя ставяцца скептычна — навошта, калі можна гэта прачытаць на рускай мове? Які перакладзены твор ваш любімы?

— Апошнім часам я ўзяўся перакладаць з польскай мовы вершаваную аповесць «Палескі тыдзень» аўтара XVІІІ стагоддзя, свайго земляка Артура Бартэльса. Раней пераклаў ягоную паэму «Дзяніскавічы», якая выйшла асобным выданнем.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».