Вы тут

Фільм самага шумнага айчыннага рэжысёра «скарыў» вялікі экран


Напярэдадні Новага года ў сталічны пракат выйшаў «Party-zan фільм» — другая рэжысёрская работа драматурга і кінасцэнарыста Андрэя Курэйчыка, імя якога ідзе далёка наперадзе ўласнай творчасці. Яго першая карціна «ГараШ» прагучала на кінафестывалі «Лістапад-2015», пасля чаго ў пачатку мінулага года выйшла ў сталічны пракат. Водгукі даволі рэзананснага дэбюта (бо ва ўменні піярыць свой прадукт Курэйчыку не адмаўляе ніхто) дапамаглі рэкламнай кампаніі «Party-zan фільма»: гледачы чакалі тых жа трапных выказванняў, камедыйнага абыгрывання стэрэатыпаў, знаёмых антуражаў і адсылак да беларускага — роднага — наваколля. Усё гэта публіка атрымала і нарэшце ў асобе Андрэя Курэйчыка знайшла пастаўшчыка ўнікальнага беларускага кіно, што смела іранізуе над рэчаіснасцю. Праўда, абодва фільмы выглядаюць у нашым кантэксце выйгрышнымі збольшага таму, што, на жаль, не маюць канкурэнтаў.


Ніша камедыі, тым больш актуальнай, у айчынным кінематографе сапраўды пустуе, у той час як сцэнарыі «ГараШа» і «Party-zan фільма» ўбіраюць у сябе досціпы, заснаваныя на асаблівасцях беларускай сістэмы жыцця. Тут сімвалы і шматзначныя дэталі, падсэнсы (нават калі яны не наўмысныя, а падсвядомыя), невыпадковыя сюжэтныя павароты, выразы, жэсты, характары.

У «Party-zan фільме» рэжысёр вырашыў паіранізаваць над айчыннай кінаіндустрыяй. Па сюжэце Аляксей і Дзяніс — авантурыст без пэўнага роду заняткаў і праграміст, што захапляецца Стывам Джобсам, — пераймаюць у кінастудыі (маецца на ўвазе «Беларусьфільм») заказ пэўнай расійскай кампаніі на здымкі некалькіх сцэн для карціны «Брэсцкі пералом». Маскоўскі заказчык, з нейкім крымінальным бэкграўндам, дае на гэта сорак тысяч долараў (столькі на «Party-zan фільм» выдаткаваў Андрэй Курэйчык), якія Аляксей у выніку змывае ва ўнітаз у цягніку. Памятаючы пра небяспечныя сувязі «кліента», хлопцы ўсё роўна бяруцца здымаць гэтыя сцэны і сустракаюць на вакзале маскоўскіх рэжысёра і аператара.

Уласна гэта частка, дзе галоўныя героі разам з суседкай па купэ Мартай, што далучаецца да іх кампаніі, без грошай выконваюць сваю работу і ствараюць «наватарскія» сцэны для будучага кіно, становіцца самай насычанай і сімвалічнай. Ці паводле азначэння павінна такой быць. Увесь гэты немагчымы сюжэт становіцца саркастычным выказваннем у бок беларускага кінематографа, а дакладней, у бок той яго часткі, якая ўвасабляецца ў нацыянальнай кінастудыі. Аўтар трапна абыграў мянушку «Партызанфільм», якой называюць «Беларусьфільм», указаў на тое, што беларускія спецыялісты і пляцоўкі спраўна служаць расійскім кампаніям, што грошы на кіно «змываюцца ва ўнітаз», а фільмы здымаюцца ў кур'ёзных умовах татальнай эканоміі. Можна нават знайсці намёк на тое, што кіно ў Беларусі ствараюць непрафесіяналы, але тады гэта іронія — наўмысная ці не — у тым ліку з самога сябе.

«Party-zan фільм» — кіно, сапраўды, непрафесіянальнае, але за пару смешных жартаў беларускія гледачы прабачаюць яму няўдалыя мантаж, тэмпарытм, акцёрскую ігру і работу рэжысёра; найгрубейшы, быццам мы глядзім рэкламны ролік, продакт-плэйсмент; выкарыстанне шаблонаў, належна абыграць якія ў здымачнай групы не атрымалася; недарэчныя сюжэтныя павароты. Усё гэта апускаецца толькі за тое, што жарты «Party-zan фільма» нам геаграфічна блізкія. Блізкасць гэтая насамрэч толькі геаграфічная, у сэнсе знешняя: «беларускасць» у сцэнарыі, пабудаваным на сімвалах і адсылках, ствараецца штучна, праз даволі павярхоўныя знакі і выкарыстанне белага і чырвонага колераў. Гумар, галоўны складнік фільма, прытрымліваецца зразумелай масаваму гледачу манеры сomedy club, гэта значыць, таксама павярхоўных плоскіх жартаў.

Вядома, быць адзінымі на ніве сарказму ў скупой жанравай разнастайнасці беларускага кінематографа вельмі выгадна, але гэта не робіць добрым сам фільм. Вось прыклад, калі спрацоўвае прынцып «на бязрыб'і і рак рыба». Зразумела, Андрэй Курэйчык хацеў стварыць глядацкі прадукт, здольны паказаць, што беларускае кіно можа мець поспех і зарабляць грошы, таму мэты больш-менш даследаваць ці спасцігнуць жыццё краіны (страшна сказаць, экзістэнцыйныя пытанні), відавочна, не стаяла. Прыгледзецца — усе жарты «Party-zan фільма» будуюцца на даволі беглых заўвагах, неглыбокіх спасылках, спрошчаных ідэях узроўню кухонных размоў. Часам гаворка пра беларускае ўзвышаецца да канстатацый. «Тут усе так працуюць (несумленна)», — чуецца з вуснаў Аляксея, хоць для падобных гучных заяў герой не атрымлівае ў межах карціны — і не намякаецца, што атрымаў па-за кадрам, — дастатковага вопыту. Зялёны авантурыст нібыта ведае жыццё. Не да месца тут і нацягнуты драматызм. Недарэчнасць увогуле характарызуе «Party-zan фільм»: эмоцыя не адпавядае сітуацыі, сюжэтныя павароты не адпавядаюць адэкватнасці, здольнасці здымачнай групы не адпавядаюць задачам.

Здаецца, апроч гульні ў распазнаванне на экране знаёмых рэчаў у «Party-zan фільме» шукаць няма чаго. Творчасць Андрэя Курэйчыка, безумоўна, можна назваць феноменам беларускага кіно: больш нішто так шырока не абмяркоўваецца і, на жаль, не зарабляе грошы ў айчынным пракаце. А зарабіць можна на прадукце, які будзе дагаджаць інтарэсам як мага шырэйшай аўдыторыі. «Party-zan фільм» зарабіў, прагучаў, даказаў, але так і застаўся дрэнна скроенай плоскай камедыяй нават для ўзроўню масавага кіно.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Лёгкія штрыхі беларускасці

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.