Вы тут

Як зрабіць школьнае харчаванне і смачным, і рацыянальным?


У Гродзенскай СШ №33 апошнім часам заўважаецца рэзкае скарачэнне харчовых адходаў у школьнай сталовай. Іх і раней было няшмат на 700 дзяцей — каля 5-6 кілаграмаў за дзень. Але цяпер стала практычна ўдвая менш. Гэта высветлілася падчас эксперымента, які праходзіць у некаторых навучальных установах абласнога цэнтра. Сутнасць яго ў тым, што меню для сталовай тэхнолагі складаюць разам са школьнікамі, з улікам іх пажаданняў.


Аб­мяр­ку­ем ме­ню ра­зам! (Вуч­ні про­філь­на­га кла­са МНС Ка­ця­ры­на Зда­но­віч, Ула­дзі­слаў Дзер­га­ві­ца, ды­рэк­тар кам­бі­на­та школь­на­га хар­ча­ван­ня Каст­рыч­ніц­ка­га ра­ё­на г. Грод­на Іры­на Но­ві­ка­ва і за­гад­чы­ца вы­твор­час­ці ста­ло­вай СШ № 33 Та­і­са Ску­ра­та­ва.)

Аладкі — «на ўра»!

— Эксперымент накіраваны на тое, каб школьнік, прыйшоўшы ў сталовую, атрымаў менавіта тое, што хоча з'есці. Каб харчаванне было не толькі карысным, смачным, але і рацыянальным з пункту гледжання затрат дзяржавы і бацькоў, — кажа дырэктар камбіната школьнага харчавання Кастрычніцкага раёна г. Гродна Ірына НОВІКАВА і прапануе пераканацца ў гэтым на прыкладзе СШ № 33.

Разам з Ірынай Уладзіміраўнай накіроўваемся ў школу. Дзеці тут харчуюцца ў сталовай і, акрамя таго, могуць скарыстацца паслугамі буфета.

Для дырэктара школы Юрыя КОРЫКАВА плюсы новага падыходу да харчавання вучняў відавочныя:

— У нашай школе традыцыйна быў высокі ахоп харчаваннем, але дзеці не заўсёды спажывалі ўсё, што ім прапаноўвалі. Цяпер, калі іх пажаданні ўлічваюцца пры фарміраванні меню, сітуацыя карэнным чынам змянілася. Дзеці атрымліваюць паўнацэннае харчаванне, якое ім падабаецца, прычым з'ядаюць практычна ўсё.

Гэта пацвярджае і загадчыца вытворчасці школьнай сталовай Таіса СКУРАТАВА:

— Меню мы складаем з улікам пажаданняў, выказаных дзецьмі падчас анкетавання. Некаторыя стравы (напрыклад, бульбяныя аладкі, фаршыраваныя мясам) літаральна «змятаюцца» са стала. Усе нашы работнікі падключаюцца, каб зрабіць іх не менш за 700 штук.

Калі эксперымент «Складзі меню сам» распаўсюдзіцца на ўсе навучальныя ўстановы Кастрычніцкага раёна, то за месяц аб'ёмы адходаў (якія цяпер не выкарыстоўваюцца, а закопваюцца на палігонах) могуць зменшыцца на 1,8 тоны.

— Наша задача — каб увогуле не было харчовых адходаў, — лічыць Ірына Новікава.

Для дзяцей, асабліва сярэдніх і старшых класаў, у школах распрацоўваюць меню «заўтрашняга дня». Дапусцім, у панядзелак можна падаць талон з заяўкай на аўторак — на адзін з двух варыянтаў страў.

Дарэчы, у трох СШ раёна цяпер праходзіць эксперымент па арганізацыі «шведскага стала». Кожны можа выбраць на снеданне тое, што яму падабаецца, з трох відаў другіх страў, гарніраў, салатаў і напояў.

— Акрамя таго, для дзяцей, якія маюць праблемы са здароўем, у кожнай навучальнай установе распрацаваны дыетычны комплекс. Улічваем і пажаданні наконт вегетарыянскага комплексу. Можам складаць асобнае меню для дзіцяці з пэўнымі асаблівасцямі харчавання, — кажа Ірына Новікава.

У школь­най ста­ло­вай.

Які настрой у смайліка?

Што спадабалася, а што здалося нясмачным? Свае водгукі вучні выказваюць класнаму кіраўніку альбо непасрэдна работнікам сталовай. А ў адной школе прымянілі наступны спосаб ацэнкі грамадскай думкі. Пасля снедання дзеці пакідалі на сталах «тварыкі» з розным «настроем». Усміхаецца — значыць, усе стравы прыйшліся даспадобы. Плача — нешта не спадабалася.

Анкетаванне, якое правялі ў школах — удзельніцах эксперымента, пацвердзіла, што культура харчавання, схільнасці ў ежы дзіцяці фарміруюцца ў сям'і. І ў цэлым разуменне важнасці правільнага, здаровага харчавання ёсць. Невыпадкова аднымі са страў-«лідараў», паводле апытання, сталі салаты са свежай агародніны (агуркі, памідоры, капуста). Менш падабаюцца стравы са свініны, больш — з птушкі, рыбы. Дзеці таксама хочуць, каб было больш садавіны, сокаў.

Зразумела, не ўсе прапановы, якія школьнікі выказалі ў анкетах, будуць ажыццяўляцца. Напрыклад, піцу альбо чыпсы, калі надта хочацца, давядзецца ўжываць асобна ад школьнага меню.

— Па-першае, у рацыёну ёсць пэўны цэнавы сегмент, і не ўсе віды харчавання тут можна выкарыстаць. А па-другое, у меню ўлічваюцца натуральныя нормы па каларыйнасці прадуктаў, бялку, тлушчу, вугляводах, — тлумачыць Ірына Новікава.

— Ці не атрымалася так, што пажаданні дзяцей не стыкуюцца з неабходнымі патрабаваннямі? — пацікавіліся мы.

— Усе неабходныя прадукты, якія школьнікі таго ці іншага ўзросту павінны атрымаць згодна з нормай, санітарнымі правіламі, яны атрымліваюць.

— А як ставяцца да гэтага эксперымента бацькі школьнікаў?

— Імкнёмся быць з імі партнёрамі. Нашы спецыялісты выступаюць на бацькоўскіх сходах, запрашаем бацькоў на дэгустацыю страў, якія гатуем дзецям. З цікавасцю выслухаем і па магчымасці ажыццявім іх прапановы.

prakopchіk@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Талеркі — чыстыя, дзеці — задаволеныя

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.