Вы тут

Пельмені, шашлычок «Школьны» ці малочны суп?


«Думаць пра тое, чым харчуецца ваша дзіця ў школе, гэтак жа важна, як і пра тое, якім прадметам яго там вучаць. Правільнае харчаванне значыць не менш, чым добрая адукацыя. Калі да сарака гадоў у вас ужо цэлы букет хвароб, то ніякія веды па трыганаметрыі не дапамогуць», — гэта цытата з кнігі, якую напісала былы школьны шэф-кухар. Сёння ў большасці развітых краін свету пытанне забеспячэння школьнікаў якасным харчаваннем прыраўноўваецца да пытання нацыянальнай бяспекі, у тым ліку і ў Беларусі. Арганізацыя школьнага харчавання традыцыйна знаходзіцца пад пільным кантролем беларускага урада, Камітэта дзяржкантролю, міністэрстваў адукацыі, аховы здароўя і санітарнай службы.


Навуковы падыход

У снежні мінулага года ў Беларусі стартаваў пілотны праект па арганізацыі харчавання школьнікаў, які ахапіў 21 установу адукацыі: па тры — у кожнай вобласці і тры — у сталіцы. Днямі стала вядома, што эксперымент будзе прадоўжаны да канца мая і дадаткова ахопіць дзве мінскія пачатковыя школы № 112 і № 29. У новай рэдакцыі пастановы Савета Міністраў выкладзены эксперыментальныя нормы харчавання, якія складаюцца з разліку колькасці розных груп і відаў прадуктаў (у спісе некалькі дзясяткаў пазіцый) у суткі на аднаго вучня з улікам узросту школьнікаў.

Трэба заўважыць, што арганізацыя харчавання навучэнцаў школ даўно стала актуальнай тэмай, якую развіваюць не толькі на ўзроўні кіраўніцкіх органаў, але і аналізуюць з пункту гледжання навукі.

Важныя пытанні, што датычацца школьнага харчавання, аказаліся нядаўна ў цэнтры ўвагі Міжведамаснага каардынацыйнага савета па праблемах харчавання пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Школьныя абеды абмяркоўвалі прадстаўнікі Дзяржстандарту, Дзяржкантролю, Міністэрства аховы здароўя, Акадэміі навук і іншых ведамстваў. Удзельнікі савета, у прыватнасці, параўналі, як харчаванне школьнікаў арганізавана ў Беларусі і за мяжой, і падзяліліся апошнімі дасягненнямі ў пашырэнні лінейкі прадуктаў, прызначаных для дзіцячага харчавання.

Педагагічная мадэль

— Каля 370 мільёнаў школьнікаў штодня як мінімум у 161 краіне свету забяспечваецца школьным харчаваннем, — паведаміў прафесар кафедры таваразнаўства і арганізацыі гандлю Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій, кандыдат тэхналагічных навук Сяргей МАСАНСКІ. — Школьнае харчаванне стала часткай нацыянальных вучэбных праграм у многіх краінах. Цяпер у беларускіх школах рэалізоўваецца праграма гарачага харчавання школьнікаў, а гэта можа дазволіць сабе далёка не кожная краіна нават з высокім узроўнем даходаў. Замежны досвед, безумоўна, складае для нас цікавасць, асабліва падыходы, якія паказалі высокую эфектыўнасць, мы яго не ігнаруем, але ставімся асцярожна, паколькі ў нас склаліся свае традыцыі ў харчаванні.

Спецыяліст падкрэсліў, што сучаснае школьнае харчаванне заснавана на так званай педагагічнай мадэлі. Сёння прынцыпова важна не толькі накарміць дзяцей, але і навучыць іх свядома выбіраць харчовыя прадукты з улікам іх уплыву на здароўе, прывіваць дзецям здаровыя харчовыя звычкі, выхаваць адказнага спажыўца ў Мэтах устойлівага развіцця. Гэта не менш важна, чым навучыць правілам паводзінаў у грамадстве ці ведам па школьных прадметах.

Сяргей Масанскі заўважыў, што фізіялагічныя і натуральныя нормы харчавання ў Беларусі і іншых краінах моцна адрозніваюцца. Напрыклад, харчовая каштоўнасць абеду для дзяцей 6—10 гадоў складае ў нашай краіне 715 кілакалорый. Для параўнання: у Швецыі гэта 600 кілакалорый, у Фінляндыі — 550, у Германіі — 450. Натуральныя нормы для школьнікаў гэтага ж узросту ў Беларусі складаюць 800—825 грамаў, у Германіі — 680 грамаў, у ЗША — 700 грамаў.

Ёсць адрозненні і ў наборы прадуктаў. У беларускіх школах дзецям даюць больш мяса, рыбы, птушкі, яек, морапрадуктаў, малака, тварагу, садавіны і сухафруктаў. Напрыклад, у Германіі ў штодзённым рацыёне пераважае агародніна, нямецкім школьнікам даюць арэхі, часцей уключаюць у меню бабовыя, а вось сок там увогуле выключаны са школьнага харчавання як крыніца свабоднага цукру. У Германіі дзецям даюць шклянку вады, у ЗША — шклянку малака. Амаль ва ўсіх краінах дзецям даюць або ваду, або абястлушчанае малако, і нідзе не даюць гарбату.

«Мы таксама параўналі колькасць смакавых інгрэдыентаў, якія можна выкарыстоўваць пры гатаванні страў, — расказаў Сяргей Масанскі. — У нас дазволены лімонная кіслата, соль, цукар, крухмал бульбяны, таматная паста, разынкі і журавінавы прыпас. У Германіі — ванільны цукар, мёд, перац, кукурузны крухмал, арэгана, размарын, сумесь траў, карыца, маяран, папрыка, цэдра лімона, воцат, мускатны арэх, імбір, куркума, карыяндар, праванскія травы, гарчыца, таматная паста, расткі бобу, свежая пятрушка, насенне сланечніку, грыбы, шматкі міндалю, соевы соус, булён з агародніны і крупяны булён. У нас сем інгрэдыентаў, а ў Германіі — 30. Вядома, мы не заклікаем выкарыстоўваць воцат ці перац, але колькасць інгрэдыентаў, якімі можна змяніць смак стравы, не ідзе ні ў якое параўнанне. Да замежнага досведу ў дадзеным пытанні варта прыгледзецца...»

Шведскі стол у школе

Адна з галоўных праблем у арганізацыі школьнага харчавання, якая ва ўсіх на слыху, — вялікая колькасць адходаў пасля прыёму ежы.

«На курсах павышэння кваліфікацыі мы правялі апытанне тэхнолагаў, адказных за арганізацыю харчавання ў школах. Папрасілі іх на падставе ўласнага прафесійнага досведу ацаніць працэнт адходаў прадукцыі ў школьнай сталовай. Дыяпазон адказаў быў шырокі — ад 25 да 70 працэнтаў, — канстатаваў Сяргей Масанскі. — Між іншым, лічыцца, што пры добрай арганізацыі харчавання аб'ём адходаў не павінен перавышаць 15 працэнтаў. У нашай сітуацыі хочацца спытаць, а на што мы нацэленыя: выдаць ежу ці ўсё ж такі накарміць?»

Колькасць адходаў не з'яўляецца ў цяперашні час кантралюемым паказчыкам, аднак пры высокім іх узроўні ўсе астатнія паказчыкі забеспячэння фізіялагічнай каштоўнасці харчавання проста губляюць сэнс. Таму калі ў меню прысутнічае нейкая страва, якая пастаянна адпраўляецца ў адходы, ніякая агітацыя не дапамагае, і дзеці працягваюць яе ўпарта ігнараваць, значыць, трэба яе замяніць.

Што сёння часцей за ўсё трапляе ў адходы ў школьных сталовых? Гэта першая страва, трэцяя і хлеб. У сельскай мясцовасці дзеці больш ахвотна ядуць першую страву, там такая традыцыя ў харчаванні захоўваецца, а ў гарадскіх сем'ях ужо даўно адмовіліся ад супоў. І гэта таксама трэба ўлічваць. Удзельнікі міжведамаснага савета сышліся на думцы, што пачынаць карміць дзяцей ужо пасля першага ўрока — не толькі немэтазгодна, бо ўсё адправіцца ў адходы, але і шкодна, асабліва калі тыя паснедалі дома. Менавіта таму ў пілотным праекце першы прыём ежы прадугледжаны прыкладна праз 3,5 гадзіны ад пачатку заняткаў, каб дзеці нагулялі апетыт. Тут можна прыгадаць і 825 грамаў ежы, якую малодшыя школьнікі павінны паспець з'есці за кароткі перапынак. А калі яны негалодныя, то ежа аўтаматычна адпраўляецца ў адходы...

Сяргей Масанскі расказаў аб выніках эксперыменту, калі ў школе на чатыры тысячы навучэнцаў харчаванне для старшакласнікаў арганізавалі па прынцыпе «шведскі стол». У выніку адходы ежы атрымаліся мінімальнымі. Нават хлеб старшакласнікі з'ядаюць увесь, работнікі не паспяваюць яго падразаць. Дзяўчаты, якія клапоцяцца пра фігуру, ядуць хлеба менш, а вось хлопцы — з вялікай ахвотай.

Магчымасць выбару, безумоўна, вельмі важная. Ужо цяпер у метадычных рэкамендацыях прапісваецца, каб у школьным меню можна было выбіраць як мінімум з двух варыянтаў. Вядома, хацелася б тры-чатыры, але пры дэфіцыце кухараў у школьных сталовых такое пакуль наўрад ці магчыма.

Сяргей Масанскі згадаў пра нарматыў, які вызначае максімальны тэрмін спажывання ежы школьнікамі з моманту яе прыгатавання. Да 2019 года гэта было дзве гадзіны, цяпер — тры. Атрымліваецца, што тэрмін прыдатнасці бутэрброда ў школьным буфеце — усяго тры гадзіны, у той час як ва ўстановах грамадскага харчавання — суткі. Ён прывёў прыклад з практыкі гэтага года. Кантралюючы орган у ходзе праверкі ўстанавіў, што бутэрброды, якія прапаноўваліся ў школьным буфеце, пратэрмінаваныя... на 15 хвілін па нарматыўных тэрмінах рэалізацыі. Кантралёрамі было прынята рашэнне — бутэрброды з продажу прыбраць, а матэрыяльную шкоду — кампенсаваць. Прафесар лічыць, што трэба прадумаць механізм, каб якасная прадукцыя не выкідвалася, а напрыклад, замарожвалася.

Да таго ж варта заняцца і якасцю саміх прадуктаў для школьнага меню. Конкурсная сістэма закупак прыводзіць да таго, што выбіраецца самы танны тавар, які апрыёры не можа быць найлепшай якасці. Дарэчы, у Расіі на разгляд дэпутатаў вынеслі законапраект, які забараняе дадзеную працэдуру. Сярод крытэрыяў закупкі 60 працэнтаў складае якасць і 40 працэнтаў — цана. Гэта значыць, што менавіта якасць там у прыярытэце.

Самыя папулярныя стравы

— Якія віды харчавання прадстаўляць школьнікам — найважнейшае пытанне. Мы прапануем адысці ад выкарыстання традыцыйнай тэрміналогіі «сняданак», «абед», «падвячорак», дзеючых патрабаванняў да іх і пакінуць адзін від — «школьны абед» як найбольш паўнавартасны, — тлумачыць Сяргей Масанскі. — Навучэнцам павінна давацца гарачае свежапрыгатаванае харчаванне з мясцовай сыравіны, максімальна набліжанае да хатняга. У выпадку, калі дзеці доўга знаходзяцца ў школе, прапануецца ўвесці дадатковы прыём ежы — экспрэс-харчаванне (па сутнасці, усё той жа падвячорак. — Аўт.). У аснове асартыменту для экспрэс-харчавання — спецыялізаваныя прадукты, вырабленыя харчовай прамысловасцю. Калі чакаецца гарантаваны штодзённы збыт такой прадукцыі, адпаведна, з'явіцца эканамічная зацікаўленасць яе вырабляць. Наша харчовая прамысловасць мадэрнізаваная на самым высокім тэхналагічным узроўні і яна справіцца з гэтай задачай. Затое ў кухараў з'явіцца час і магчымасць больш увагі аддаваць якасці гатавання і абслугоўванню, а гэта пры іх мінімальным штаце прынцыпова важна. Даказаны факт, што смакавыя якасці і эстэтыка ежы з'яўляюцца ключавымі фактарамі пры выбары страў навучэнцамі.

Зусім нядаўна эмацыянальна абмяркоўваліся ўмовы харчавання настаўнікаў у школьнай сталовай, у прыватнасці, цанавыя каэфіцыенты для педагогаў. «Калі яны будуць плаціць столькі ж, як школьнікі, гэта разглядаецца як неабгрунтаваная льгота, — растлумачыў Сярей Масанскі. — Таму ў нас ёсць прапанова. Для настаўнікаў, якія знаходзяцца непасрэдна з дзецьмі ў сталовай за адным сталом падчас абеду, устанавіць каэфіцыент 1,0. Гэта значыць харчаванне для іх будзе за тую ж цану, як і для школьнікаў. А для ўсіх іншых настаўнікаў, не занятых з дзецьмі ў абедзеннай зале, прапануецца ўстанавіць каэфіцыент 1,3. У першым выпадку настаўнік займаецца педагагічнай выхаваўчай работай, гэта значыць фарміруе ў дзяцей правільныя харчовыя паводзіны. У Германіі, Швецыі і Фінляндыі выдаткі на абед настаўнікам кампенсуе дзяржава. Або час, праведзены ў сталовай з вучнямі, залічваецца ім у якасці дадатковай педагагічнай нагрузкі».

Прафесар таксама звярнуў увагу на праблему міжгаліновых сувязяў у арганізацыі школьнага харчавання. Цяпер дадзеную сферу рэгулюе каля 50 нарматыўных актаў рознай галіновай прыналежнасці. «Сітуацыя непрымальная, калі адзін бок устанаўлівае правілы, патрабаванні і нормы пры адсутнасці ўзаемаўзгодненых метадаў і сродкаў для іх рэалізацыі ў іншага боку, — разважае ён. — Калі медыцына ўстанаўлівае нормы, але не суадносіць іх з рэсурсамі, якія маюцца ў распараджэнні грамадскага харчавання, то гэта няправільна. Калі сістэма адукацыі не фарміруе ў навучэнцаў харчовыя паводзіны, а зыходзіць з таго, што накарміць павінна грамадскае харчаванне, то гэта таксама няправільна. І калі грамадскае харчаванне не стварае атмасферу гасціннасці, а зыходзіць з таго, што педагогі прымусяць вучняў з'есці тое, што яны прыгатуюць, гэта абсалютна няправільна. Трэба шукаць кампраміс. Знайсці разумны баланс паміж санітарна-гігіенічнымі патрабаваннямі, якія дамінуюць у дадзены момант, адукацыйнымі мэтамі і прафесійнымі задачамі грамадскага харчавання. У нас вельмі жорсткі кантроль і за колькасцю, і за хімічным складам, хоць тлушчы, бялкі і вугляводы мала ў якіх краінах лічаць. Галоўнае — структура харчавання.

Пельмені заказалі самі школьнікі, якія маглі выказаць свае пажаданні ў анкеце яшчэ да старту пілотнага праекта.

Трэба браць пад увагу і патрэбы саміх дзяцей. Для малодшых школьнікаў цяперашнія натуральныя нормы, магчыма, празмерныя. Увогуле ўсе дзеці — розныя, і калі мы ўсім выдаём аднолькавую колькасць ежы, гэта зусім не азначае, што мы захоўваем такім чынам сацыяльную справядлівасць. Хтосьці з дзяцей прапанаваную ежу ніколі не з'есць, а хтосьці прыйдзе па дабаўку».

Варта дадаць, што падчас пілотнага праекта па ўдасканаленні гарачага харчавання ў школах вызначылі самыя папулярныя ў дзяцей стравы. Цяпер гэтыя навінкі маюць намер уключыць у меню для чацвёртай чвэрці. Напрыклад, высветлілася, што школьнікі любяць пельмені і з'ядаюць іх практычна дарэшты. Дарэчы, пельмені заказалі самі навучэнцы, якія маглі выказаць свае перавагі і пажаданні ў анкеце яшчэ да старту пілотнага праекта. На ўра ў дзяцей ідуць новыя мясныя стравы, асабліва курыныя: філе, кумпячкі, галёнкі. Традыцыйна добрым попытам карыстаецца і шашлычок «Школьны».

Але ёсць і антырэйтынг: дзеці слаба ядуць малочныя прадукты, не любяць малочныя супы, не вельмі «паважаюць» рыбныя стравы.

Чым гэты эксперымент спадабаўся дзецям? А тым, што да іх меркавання прыслухаліся! Нарэшце і чай сталі падаваць несалодкі. На сталах з'явіліся цукарніцы. І кожны можа цяпер падсаладзіць гарачы напітак на свой смак.

Сталічная школа № 121 — удзельніца пілотнага праекта. Дзецям прапанавалі нават выбраць форму макароны, якая спадабаецца ім больш за ўсё.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота з тэлеграм-канала 121-й сталічнай школы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».