Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» даведалася, як праходзіць эксперымент па школьным харчаванні


Эксперымент па ўдасканаленні школьнага харчавання, які праводзілі ў некаторых школах краіны ў мінулым годзе, быў адобраны вучнямі і бацькамі, таму новую сістэму пакрысе пачынаюць уводзіць ва ўсіх установах адукацыі. Вядома, што «пераключыцца» адначасова ва ўсіх школ не атрымаецца па пэўных прычынах, аднак некаторыя ўстановы паўночнага рэгіёна даволі паспяхова выкарыстоўваюць новыя падыходы ў арганізацыі харчавання. Карэспандэнт «Звязды» завітала ў гарадскую і сельскую школы, каб даведацца, што ўяўляюць сабой пазіцыі «Экзотыка» і «Фантастык», якія нядаўна з’явіліся ў новым меню школьнікаў.


На сняданку ў Акцябрскай сярэдняй школе

Эксперыментальны салатны ход

У пілотным праекце на Віцебшчыне прымалі ўдзел тры ўстановы адукацыі, адна з якіх — гімназія № 1 г. Віцебска імя Ж. І. Алфёрава. Па новых методыках праекта гімназія працуе і цяпер, у ёй навучаюцца больш за тысячу дзяцей, якія штодзённа забяспечваюцца гарачым харчаваннем. З улікам таго, што ўстанова адукацыі працуе ў дзве змены, сталовая сустракае сваіх наведвальнікаў шэсць разоў на дзень! Пачатковая школа атрымлівае бясплатны сняданак, а сярэдняя і старэйшая — абед, кошт якога вар’іруецца ад 2.50 да 3.50 рублёў у залежнасці ад порцый для малодшых і старэйшых вучняў. Кожны абедзенны перапынак залу сталовай з утульнымі круглымі столікамі займаюць амаль 145 дзяцей.

Згодна з новымі падыходамі ў харчаванні, час прыёму ежы для дзяцей ссунуўся на дзве з паловай гадзіны — так школьнікі паспяваюць прагаладацца і, як вынік, амаль нічога не пакідаюць на талерках. 

Нягледзячы на тое што пельменямі юных гімназістаў не здзівіць — яны ў школьным меню былі даўно (імі забяспечвае ўстановы адукацыі горада арганізатар школьнага харчавання ААТ «Вітміл»), — пазіцыя «Экзотыка» дагэтуль прыводзіць у захапленне нават самых прыдзірлівых крытыкаў. «Экзотыкай» кухары назвалі курыную катлету пад сырам з ананасамі. З’явіліся ў меню і бульбяная запяканка, і курыныя нагетсы, і бульбяныя долькі — выдатны аналаг амерыканскаму фастфуду. Асабліва даспадобы дзецям блінчыкі з тварожным начыннем і шакаладным соусам, кексы, ёгурты і малочныя кактэйлі. Супоў у звычайным меню гімназіі няма — так склалася даўно на аснове анкетавання вучняў і іх бацькоў, але для тых, хто на працягу дня захоча паесці гарачанькага, суп можна набыць асобна, яго гатуюць на кухні штодня. Новаўвядзеннем у рамках пілотнага праекта сталі салаты, якія прыйшліся гімназістам даспадобы.

Смятаннікі, смажанкі, школьныя піцы, сасіскі ў цесце, як і разнастайныя напоі, можна набыць на працягу дня дадаткова ў гімназічным буфеце. Свежую выпечку тут гатуюць самі, штосьці з кандытарскіх вырабаў пастаўляе «Вітміл». Але школьнікі не прамінаюць пасля абеду захапіць у буфеце менавіта булачку, бо ведаюць, што калектыў кухараў пад кіраўніцтвам Алены Акімчанкавай заўсёды гатуе смачна, як мама.

Загадчык вытворчасці гімназіі № 1 г. Віцебска Алена Акімчанкава

«Той факт, што менавіта наша гімназія ўвайшла ў лік устаноў адукацыі вобласці, у якіх праходзіў пілотны праект, не выпадковасць. Вялікая колькасць вучняў і моцная матэрыяльна-тэхнічная база гімназіі дазволілі апрабаваць новыя падыходы ў харчаванні эфектыўна. Дадаткова мы набылі халадзільную камеру на кухню і ў буфет, агароднінарэзку для салатаў, элементы для сервіроўкі сталоў. Рэгулярна сярод школьнікаў і іх бацькоў праводзіцца анкетаванне, па выніках якога пэўныя пазіцыі ў меню змяняюцца. Практыка паказвае, што харчовых адходаў стала значна менш, а гэта значыць, што бюджэтныя сродкі і сродкі бацькоў выкарыстоўваюцца рацыянальна», — адзначае дырэктар гімназіі Ларыса Ляўковіч.

Сваім вопытам ва ўдасканаленні школьнага харчавання гарадская ўстанова адукацыі ахвотна дзеліцца з калегамі з іншых школ, на базе гімназіі праходзіў абласны семінар для спецыялістаў аддзелаў па адукацыі Віцебшчыны, у ходзе якога кіраўніцтва гімназіі дзялілася сваімі напрацоўкамі і арганізоўвала дэгустацыю новых страў для школьнікаў і іх бацькоў.

Не горш, чым у горадзе

У сельскіх школах таксама пачынаюць арганізоўваць харчаванне навучэнцаў па новых методыках. У ліку тых устаноў адукацыі, якія ўжо маюць пазітыўныя вынікі, — Акцябрская сярэдняя школа Віцебскага раёна імя Героя Савецкага Саюза І. П. Собалева. Установа адукацыі з’яўляецца найбуйнейшай у раёне: сёння ў ёй навучаюцца 480 школьнікаў.

Пачатковая школа, як і паўсюль, атрымлівае гарачае харчаванне па датацыі, вучні 5–11 класаў, якія пражываюць у сельскай мясцовасці, — бясплатны абед. Дзеці з гарадской прапіскай (іх усяго 11 чалавек) у залежнасці ад порцыі плацяць ад 1.60 да 2.70 рубля.

Сярод новаўвядзенняў — прыём ежы пасля дзвюх з паловай гадзін з пачатку заняткаў. Раней усе школьнікі атрымлівалі толькі сняданак, цяпер для вучняў старэйшых класаў гатуюць паўнавартасны абед з супам. 

Дарэчы, малыя, якія застаюцца на «прадоўжанку», атрымліваюць яшчэ абед і падвячорак. Магчымасць заказваць апошні за дадатковы кошт ёсць і ў старшакласнікаў.

З новым меню, якое хутка ўжо зможа канкурыраваць з гарадскімі кавярнямі, знаёміць загадчыца сталовай Аксана Гладкіх. Высветлілася, што як у вясковых, так і ў гарадскіх дзяцей асаблівай папулярнасцю карыстаюцца курыныя нагетсы і бульбяныя долькі. Замест звычнага кампоту з сухафруктаў цяпер прапаноўваюць двухкаляровы кампот «Фантастык» з двух відаў садавіны, чаму асабліва рады малеча. Мясны асартымент таксама пашырыўся: з’явіліся «гнёзды» са свініны, катлеты «Дуэт» з курыцы і свініны, замест рыбы прыпушчанай — каўбаскі рыбныя «Залацістыя». Сярод хлебабулачных вырабаў лідзіруюць ватрушкі «Беларускія» з сырам. На дэсерт — свежая садавіна, глазураваныя сыркі. «Вельмі важна, што мы не адышлі ад супоў. І, як паказваюць водгукі дзяцей і іх бацькоў, першую страву дзеці ўсё ж такі ядуць ахвотна. У „топе“ школьнікаў — боршч, расольнік, малочны суп з грэчкай», — расстаўляе акцэнты Аксана Дзмітрыеўна.

Новае меню каштуюць гімназісты

Як расказала дырэктар школы Юлія Цярэшчанка, у праект установа адукацыі ўвайшла без цяжкасцяў: у школы моцная тэхнічная база, нядаўна быў зроблены рамонт, падчас якога значна змянілася і сталовая. Дадаткова было закуплена халадзільнае абсталяванне, у планах — параканвектаматы. «У новы працоўны лад наш калектыў кухараў увайшоў па-баявому, для арганізацыі паўнавартаснага школьнага харчавання кадраў хапае, дапамагаюць і практыканты з мясцовага аграрна-тэхнічнага каледжа. Разам са зменай страў у меню змяніўся іх знешні выгляд, што таксама пазітыўна адбіваецца на ўспрыманні вучнямі. Працэнт харчовых адходаў значна паменшыўся, мы атрымліваем пазітыўныя водгукі ад дзяцей і іх бацькоў. На аснове аналізу харчовых пераваг дзяцей са студзеня плануем увесці ў меню новыя пазіцыі», — адзначае Юлія Анатольеўна.

Напрыканцы

Нельга не адзначыць эфектыўнасць пілотнага праекта і пазітыўныя вынікі яго ўкаранення. Школа — месца, у якім дзеці праводзяць значны адрэзак жыцця, таму вельмі важна, у якіх умовах яны будуць знаходзіцца. Веды ведамі, а падсілкавацца таксама трэба смачна і ў поўнай меры.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.