Вы тут

Віцебшчына паказвае самы высокі надой малака па краіне на адну карову


Малочная жывёлагадоўля ў Беларусі — адна з самых эфектыўных галін сельскагаспадарчай вытворчасці. Валавы надой малака пастаянна расце ва ўсіх рэгіёнах. Па выніках мінулага года 23 раёны краіны атрымалі больш як сем тысяч кілаграмаў малака ад каровы за год.


Крок у тэхналогіі

Дасягненні апошніх гадоў пацвярджаюць вернасць прымальных на ўзроўні Прэзідэнта рашэнняў па падтрымцы і развіцці АПК, у прыватнасці, па будаўніцтве і рэканструкцыі сучасных малочнатаварных комплексаў, мадэрнізацыі прадпрыемстваў перапрацоўчай прамысловасці. За апошнія дзесяць гадоў аб’ём паставак за мяжу малакапрадуктаў вырас больш чым на 50 працэнтаў, іх удзельная вага ў экспарце харчовых — каля 40 працэнтаў.

Лідарамі сярод раёнаў па прадукцыйнасці дойнага статку летась сталі Гродзенскі, Бераставіцкі і Нясвіжскі раёны, больш за ўсіх малака ад каровы за год атрымалі жывёлаводы сельскагаспадарчага вытворчага кааператыву «Ларынаўка» Аршанскага раёна — звыш 13,2 тысячы кілаграмаў. Вытворчасць малака ў прадпрыемстве — асноўная галіна, лідарам па надоях гаспадарка становіцца не ўпершыню. Высокія вынікі тут дасягаюцца за кошт сбалансаванага харчавання, высакаякасных кармоў, добрага догляду і, перш за ўсё, зладжанай работы ўсяго калектыву. Рагулі жывуць у камфортных умовах у шатрах або арачніках, на зборку якіх патрабуецца ўсяго некалькі месяцаў.

У ліпені мінулага года Аляксандр Лукашэнка наведаў малочнатаварны комплекс «Паўлінка» ААТ «Агракамбінат «Юбілейны» Аршанскага раёна. Кіраўнік краіны падкрэсліў, што ў наступнай пяцігодцы ўвесь дойны статак Беларусі павінен быць тэхналагічна пераведзены ў комплексы накшталт «Паўлінкі».

Гэты МТК — рабатызаваны, тут жыве амаль дзве тысячы кароў, якіх дояць 34 робаты. За машынамі, якія пакрысе замяняюць людзей, сочаць мехатронікі (прадстаўнікі пакуль яшчэ нязвычнай для людзей прафесіі), якіх на комплексе восем чалавек. Асаблівасць МТК заключаецца ў тым, што расклад даення для кожнай каровы распрацоўваецца з улікам яе прадукцыйнасці. Так, рагулі, якія даюць звыш 36 кілаграмаў, дояцца чатыры разы на дзень; тыя, што даюць па дваццаць, — два. Сучасныя комплексы дазваляюць задзейнічаць менш чалавечых рук, якіх у жывёлагадоўлі заўсёды не хапае. Так, напрыклад, на старой ферме 200 кароў абслугоўвалі шэсць даярак, цяпер за дзвюма тысячамі рагатых назіраюць восем мехатронікаў. Яшчэ год таму кароў, што даюць больш як 36 кілаграмаў малака, на комплексе налічвалася ўсяго 30, сёння іх колькасць вырасла ў дзесяць разоў. За 2023 год валавая вытворчасць малака ў Аршанскім раёне дасягнула 109,7 працэнта да ўзроўню папярэдняга года.

У развіццё аграпрамысловага комплексу Віцебскага раёна ў асноўны капітал сёлета будуць прыцягнуты інвестыцыі ў памеры 300 мільёнаў рублёў. Штогод у раёне адзначаюць прырост па малацэ, летась жывёлаводы атрымалі больш чым 90 тысяч тон пры сярэднім удоі на карову 6520 літраў. У аграпрамысловым комплексе Прыдзвіння ўведзены ў строй шэраг сельскагаспадарчых аб’ектаў, у іх ліку прафілакторый на МТФ «Мішуткі» і «Добрына», памяшканні для ўтрымання буйной рагатай жывёлы на вытворчым участку «Вымна» і цялушак на комплексе «Ноўка», рэканструяваны МТК «Падбярэззе». 

У планах кіраўніцтва раёна — будаўніцтва двух памяшканняў для ўтрымання жывёлы з даільным абсталяваннем у вытворчым кааператыве «Альгоўскае», а таксама цялятніка на 190 галоў у вёсцы Калінава СГП «Мазалавагаз».

Героі малочнай нівы

Аператар машыннага даення Алена Фурс працуе на ферме «Карпекі» Полацкага раёна. Па выніках абласных спаборніцтваў па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі за чацвёрты квартал мінулага года жанчына стала пераможцай. Дзень аператара даення пачынаецца а трэцяй гадзіне раніцы, да пяці разам з калегамі наводзяць парадак у даільнай зале. Пасля дзевяці Алене ўдаецца вярнуцца дадому на гадзіну і зноў назад, на ферму. Усяго за дзень тры дойкі, пасля апошняй жанчына вяртаецца а дзясятай гадзіне вечара. Даіць Алена Мілецьеўна навучылася ў 22 гады і вось на працягу 15 гадоў спасцігае гэту няпростую прафесію. Зараз з каровы ў суткі жанчына атрымлівае каля 30 літраў малака, значную дапамогу даяркам аказваюць людзі, якія займаюцца раздоем цялушак. І, вядома, акрамя прамых «механічных» дзеянняў, Алена ўважліва назірае за кожнай з рагуль: важна своечасова знайсці захварэлых, выявіць скрытыя масціты.

КУСГП імя Чарняхоўскага заўсёды знаходзіцца ў тройцы лідараў па вытворчасці і продажы малака ў Дубровенскім раёне. Сярэдні ўдой з каровы тут складае больш за 4,6 тысячы кілаграмаў, буйной рагатай жывёлы ў гаспадарцы больш як 2,2 тысячы галоў, з якіх 525 — дойнага статку. Высокія надоі на ферме «Калінаўка» — у большай ступені заслуга трох аператараў машыннага даення Святланы Галех, Ганны Аўдзеенкі і Таццяны Світко, якія з году ў год атрымліваюць узнагароды на раённым свяце да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі.

Працоўны стаж Святланы хутка перасягне трэці дзясятак, пад доглядам жанчыны знаходзяцца 50 галоў дойнага статку. З тым што прафесія даяркі нялёгкая, але патрэбная, згаджаецца яе калега Таццяна, якая прыйшла ў гаспадарку дзесяць гадоў таму. «Працоўны дзень ненарміраваны, вялікія фізічныя нагрузкі, трэба ўлічваць мноства фактараў, каб жывёлы былі здаровымі, а малако — якасным. Але за столькі гадоў мы звыкліся, цяжару не адчуваем. Цяпер амаль увесь працэс механізаваны, дапамагаюць новыя даільныя ўстаноўкі, тэхперсанал», — дзеляцца жанчыны.

Ганна Аўдзеенка — адна з самых тытулаваных працаўнікоў прадпрыемства. Нягледзячы на высокую працоўную нагрузку, у 2016 годзе ў складзе дэлегацыі Дубровенскага раёна прымала ўдзел у рабоце V Усебеларускага народнага сходу. «Галоўнае — любіць сваю справу і адносіцца да прафесіі адказна. Тады і надоі будуць высокія», — расказвае Ганна.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.