Вы тут

Стыпендыя за веданне замежнай мовы і мёд у школьным меню


Імя першага настаўніка — на ўсё жыццё

Пераважная большасць дарослых расіян (97 працэнтаў) памятае імя свайго першага настаўніка, паказала апытанне SuperJob. Толькі тры працэнты апытаных забыліся, як звалі іх педагога ў першым класе.

Жанчыны памятаюць імя першага настаўніка часцей за мужчын (98 працэнтаў супраць 96 працэнтаў), а рэспандэнты з больш высокім даходам — часцей за тых, хто атрымлівае менш.

Цікава, што на вынікі даследавання практычна не ўплываў узрост апытаных: сярод рэспандэнтаў ва ўзросце да 34 гадоў імя першага настаўніка забыўся адзін працэнт, у групе ад 35 да 44 гадоў — тры працэнты, у групе старэйшых за 45 гадоў — два працэнты.


Стыпендыя за веданне замежнай мовы

Ва Узбекістане з’явілася дадатковая стыпендыя для студэнтаў, якія валодаюць замежнай мовай на высокім узроўні, паведамляе прэс-служба міністэрства аховы здароўя рэспублікі.

Выплата пачала дзейнічаць ужо з 2023/2024 навучальнага года. Заахвочваюць ёю студэнтаў медыцынскіх ВНУ і тэхнікумаў, якія маюць міжнародна прызнаны сертыфікат па англійскай, нямецкай або французскай мове з вынікам, не ніжэйшым за ўзровень С1. Выплачваюць стыпендыю ў памеры трох базавых разліковых велічынь штомесяц у дадатак да звычайных выплат на працягу ўсяго тэрміну дзеяння сертыфіката.

Для назначэння стыпендыі рэктары ВНУ і тэхнікумаў павінны штоквартальна падаваць спісы ў Дэпартамент навукі і адукацыі міністэрства. Як удакладнілі ў яго прэс-службе, цяпер у дзевяці медыцынскіх ВНУ краіны навучаецца 56 студэнтаў з высокім веданнем замежных моў.


Мёд у школьным меню для імунітэту

Лідар партыі «Новыя людзі» Аляксей Нячаеў звярнуўся да кіраўніка Расспажыўнагляду Ганны Паповай з прапановай уключыць мёд у меню школьных сталовых. На думку аўтара ініцыятывы, гэта «павысіць імунітэт школьнікаў і знізіць агульную стамляльнасць», паведамляе ТАСС.

Дэпутат нагадаў, што ў некаторых расійскіх рэгіёнах мёд ужо ўключаны ў рацыён школьнікаў. У той жа час у метадычных рэкамендацыях Расспажыўнагляду мёд паказаны толькі як харчовы прадукт, які можа быць выкарыстаны для фарміравання конкурснай дакументацыі для арганізацыі харчавання навучэнцаў.

«Адсутнасць мёду ў рэкамендаваным прыкладным меню, а таксама ў неабходных сярэднясутачных наборах харчовых прадуктаў для навучэнцаў цягне да сітуацыі, калі большасць школ у Расіі не ўключаюць яго ў рацыён харчавання школьнікаў. Уключэнне мёду ў іх харчаванне здольнае прыкметна ўмацаваць здароўе. Замест цукру дастаткова дзесяці яго грамаў у дзень».

Да таго ж, на думку дэпутата, рэалізацыя гэтай ініцыятывы падтрымае малы і сярэдні бізнес, які займаецца вытворчасцю мёду, а прыярытэтнымі яго пастаўшчыкамі ў школы краіны могуць стаць лакальныя малыя гаспадаркі і фермеры.


На вучобу паступілі тры пакаленні сям’і

У Карфагенскі каледж, размешчаны ў Кеношы, амерыканскі штат Вісконсін, сёлета паступілі прадстаўніцы трох пакаленняў адной сям’і. У навучальнай установе ўпершыню ў гісторыі ВНУ будуць адначасова атрымліваць адукацыю бабуля, маці і дзве дачкі. Пра гэта паведамляе CNN.

Сёстры Саманта Мальчэўскі і Мія Картэр нават будуць жыць у адным пакоі ў інтэрнаце. Першая атрымлівае спецыяльнасць медсястры, а другая будзе вывучаць бухгалтарскі ўлік. Іх маці, Эмі Мальчэўскі, больш за 20 гадоў працуе на кампусе Карфагенскага каледжа, яна выкладае графічны дызайн і займаецца кар’ерным кансультаваннем студэнтаў, а дочкі бывалі ў яе на працы з самага дзяцінства. У гэтым годзе Эмі вырашыла працягнуць сваю адукацыю і паступіла ў магістратуру каледжа. Калі Эмі прыняла гэтае рашэнне, яна прапанавала пайсці павучыцца і сваёй маме і бабулі дзяўчынак, Крысці Шван. Тая, нядоўга думаючы, пагадзілася. Бабуля Саманты і Міі выбрала кірунак «Бізнес-дызайн і інавацыі».

Па словах віцэ-прэзідэнта прыёмнай камісіі каледжа Эшлі Хэнсан, ёй сустракаліся сем’і, у якіх усе дзеці вучыліся ў іх. Таксама даволі часта ў Карфаген ідуць вучыцца дзеці і ўнукі выпускнікоў. Сёлета сярод тых, хто паступіў, іх каля 70 чалавек. Аднак каб бабуля, маці і ўнучкі-дачкі вучыліся адначасова... «Я, спадзяюся, паступленне Крысці Шван паслужыць прыкладам для многіх і доказам таго, што вучыцца можна на працягу ўсяго жыцця. Я, можа, сама пайду абараняць доктарскую, калі мне будзе 80 гадоў», — сказала віцэ-прэзідэнт прыёмнай камісіі.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.