Вы тут

Што паказаў эксперымент у школьным харчаванні і якім яно будзе ў новым навучальным годзе?


Эксперымент па ўдасканаленні школьнага харчавання, які праводзіўся ў некаторых школах краіны летась, адобраны як вучнямі і іх бацькамі, так і на ўзроўні ўрада. Таму яго вырашана распаўсюдзіць на ўсе школы. Спецыялісты прыйшлі да высновы, што такое харчаванне з’яўляецца паўнавартасным, якасным і бяспечным і, што немалаважна, падабаецца школьнікам, а, адпаведна, у адходы адпраўляецца зусім нязначная частка прадуктаў. Так, у меню не будзе гамбургераў і чызбургераў, але цалкам магчымы падобны на іх гарачы бутэрброд. Нічога супраць не маюць спецыялісты і наконт піцы, праўда, і яна ў меню будзе нячаста.


Новае харчаванне распаўсюдзяць на ўсе школы

Як адзначыла начальнік аддзела па арганізацыі харчавання Нацыянальнага інстытута адукацыі Міністэрства адукацыі Люцыя Міхальчук, звыш мільёна школьнікаў у Беларусі атрымлівае школьнае харчаванне. Пры гэтым бясплатнае аднаразовае, двухразовае ці трохразовае харчаванне атрымлівае 17 катэгорый школьнікаў, а гэта больш за 750 тысяч дзяцей. Яшчэ 350 тысяч харчуецца за бацькоўскую плату.

Спецыяліст нагадала, што ў мінулым навучальным годзе ў 23 школах Беларусі праходзіў пілотны праект па апрабацыі новых тэхналогій прыгатавання ежы. Удзельнічалі 17 гарадскіх школ і гімназій і шэсць школ у сельскай мясцовасці. Эксперымент прызнаны паспяховым. Таму да канца лета вядзецца падрыхтоўка персаналу школьных сталовых і апрабаваны спосаб харчавання будзе прымяняцца ў частцы школ — з 1 верасня 2023 года, у частцы — з 1 студзеня 2024 года, у астатніх — з 1 верасня 2024 года.

Асноўныя змены датычацца ўкаранення новых страў і вырабаў. Пры іх прыгатаванні будуць кіравацца новым зборнікам, складзеным з улікам смакавых пераваг школьнікаў. Ён уключае каля 400 страў, якія можна прыгатаваць і дома. Зборнік з новай рэцэптурай размешчаны на сайтах Міністэрства адукацыі, абласных упраўленняў па адукацыі, школ.

Галоўнымі высновамі пасля правядзення эксперымента падзялілася загадчыца аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Міністэрства аховы здароўя Ала Малахава.

— Гадамі школьнае харчаванне гатавалася на аснове зборніка рэцэптур. І няхай там быў дастатковы пералік страў, але выбіраліся пераважна простыя ў выкананні, а складаных пазбягалі. Так, няпроста прыгатаваць дранікі, бабку ці складаную салату. Такім і быў рацыён: што больш простае і бяспечнае. Але смакавыя перавагі мяняюцца і ў дарослых, і ў дзяцей, з’яўляюцца новыя прадукты. І гэтаму павінна адпавядаць сённяшняе харчаванне ў школах.

Піца ў меню дапускаецца, шаўрма — не

Ала Малахава адзначыла, што з пачатку эксперымента ў прэсе з’яўляліся крытычныя матэрыялы, маўляў, цяпер дзеці будуць есці фастфуд і ў школе.

— Так, былі ў эксперыментальным меню гамбургеры, чызбургеры, але цяпер яны выключаны. Будзе штосьці падобнае, што будзе прынцыпаў мець назву, скажам, гарачы бутэрброд. Бо адзін з прынцыпаў — выхаванне здаровага харчавання ў школьнікаў.

Пры гэтым спецыяліст адзначыла, што нічога дрэннага не здарыцца, калі раз на два тыдні школьнік з’есць піцу.

— Мы не забараняем піцу, раз на два тыдні яе можна ўключыць, — падкрэсліла Ала Малахава, дадаўшы, што не ўсе стравы, напрыклад, тую ж шаўрму, уводзіць у меню школьніка бяспечна. Аднак выбар вялікі.

— На месцах тэхнолагамі распрацавана больш за 400 рэцэптаў. Яны былі прадстаўлены нам, і мы разгледзелі і адобрылі іх не толькі з пазіцый складанасці прыгатавання, але і з пазіцыі дзіцячай дыетэтыкі.

Пры гэтым, нягледзячы на тое што рацыён распрацаваны на паўгода, увесь час у меню будуць з’яўляцца новыя стравы.

— Калі дзеці не ядуць нейкую страву — варта яе мяняць своечасова. Нельга, каб прадукты выкідваліся, бо гэта і дзяржаўныя, і бацькоўскія грошы. Варта імкнуцца да таго, каб не больш за 10% ежы адпраўлялася ў адходы, — адзначыла Ала Малахава.

Спецыяліст адзначыла, што падчас эксперыменту былі выяўлены і адмоўныя бакі. У прыватнасці, карміць усіх школьнікаў цягам дзвюх гадзін. Ад такога падыходу вырашана адмовіцца. Аптымальна, калі вучні 1–4 класаў будуць атрымліваць гарачы сняданак, вучні 5–11 класаў — гарачы абед.

— Такім чынам ежа будзе гатавацца паслядоўна і можна пазбегнуць скучанасці ў сталовай, — патлумачыла Ала Малахава.

Ці з’явіцца ў школах шведскі стол?

У рамках пілотнага праекта ў некаторых сталічных школах быў апрабаваны шведскі стол.

— Мы прапаноўвалі абед на выбар, прычым не толькі старэйшым школьнікам, але і вучням 1–4 класаў. Дзеці рабілі выбар з двух варыянтаў. Мы атрымалі цікавы вопыт. Добра, калі ўлічваюцца пажаданні, бо ва ўсіх свае сямейныя традыцыі і смакавыя перавагі, — расказвае дырэктар Камбіната школьнага харчавання горада Мінска Надзея Лукашэвіч. — Дапоўнілі і сталовыя прыборы, дадалі нажы, школьнікі з задавальненнем імі карыстаюцца. Для гарачых напояў мы прапанавалі цукар дадаваць асобна. Гэта вельмі віталася бацькамі. З’явілася новая форма шклянак — гладкая. Абедзенная зала школьнай сталовай усё больш нагадвае кавярню ці рэстаран — гэта таксама прываблівае.

Ёсць цікавы вопыт заказнога меню і ў рэгіёнах.

— У цэлым арганізаваць меню на выбар складана, але можна прапаноўваць асобныя стравы ці прадукты. Некаторыя дзеці, напрыклад, не п’юць малако, і іх не прымусіш. Навошта яго выліваць? Таму можна хоць бы тут даваць выбар. У Магілёўскай вобласці ў некаторых школах прапаноўвалі тры салаты на выбар — і яны з’ядаліся. Мы заўважылі, што дзеці прыносяць з сабой соусы і імі паліваюць мяса, катлету ці рыбу. Чаму не прапаноўваць на выбар соусы? У тым, каб стравы падабаліся школьнікам і іх з’ядалі, мусіць быць зацікаўлена і школа, і камбінаты школьнага харчавання, — рэзюмавала Ала Малахава.

Дыетычныя каўбасы і карыснае печыва

У Беларусі распрацоўваюцца малочныя, мясныя, хлебныя, кандытарскія і кансервавыя прадукты для харчавання школьнікаў, якія паступаюць не толькі ў школьныя сталовыя і буфеты, але і ў прадуктовыя крамы. Напрыклад, печыва, сушкі і саломка для школьнікаў з нізкім утрыманнем солі і цукру, якія абагачаюцца кальцыем і вітамінамі групы В. Сёлета ў навукова-практычным цэнтры Нацыянальнай акадэміі навук па харчаванні завяршаецца распрацоўка сухіх сняданкаў, у тым ліку з нізкім утрыманнем глютэну, а таксама цукру і солі. Тое ж датычыцца дзіцячых кансерваваных прадуктаў і сокаў.

— Да эксперыменту па ўдасканаленні школьнага харчавання намі падрыхтаваны цэлы пералік, які налічвае 54 групы прадукцыі. Уся яна запатрабавана ў Беларусі, валодае вялікім экспартным патэнцыялам і пастаўляецца за мяжу, — адзначыў намеснік генеральнага дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па харчаванні Дзмітрый Зайчанка.

Каля 30 найменняў малочнай і мясной прадукцыі распрацавана для харчавання дзяцей у інстытуце мяса-малочнай прамысловасці Нацыянальнай акадэміі навук. У прыватнасці, каўбасныя вырабы для дзяцей з павышаным індэксам масы цела. Такія каўбасы ўтрымліваюць на 30% менш тлушчаў, таксама ў іх істотна менш солі.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.