Вы тут

Зоркі з раскладам, распісаным на гады наперад, прыязджаюць у Беларусь


Адна з іх, расійская оперная спявачка Хібла Герзмава, з праграмай «Віва ла опера» ўчора, 16 лютага, у Вялікім тэатры оперы і балета ў Мінску адкрыла ІV Міжнародны фестываль «Уладзімір Співакоў запрашае». На гэты раз мерапрыемствы фестывалю пройдуць адразу ў двух гарадах — Мінску і Магілёве. Арганізатары падрыхтавалі шэсць знакавых падзей, адной з якіх, дарэчы, стане сустрэча маэстра, народнага артыста СССР, скрыпача і дырыжора Уладзіміра Співакова са студэнтамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.


Выступленне спявачкі, якое ўрачыста адкрыла фестываль, суправаджаў аркестр Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета. Дырыжыраваў Уладзімір Співакоў. «Хібла спявае ў Метраполітан-оперы, Ла Скала, каралеўскай оперы «Ковент-Гардэн». Яна занятая так, як і павінна быць занятая зорка сусветнага класа, — сказаў маэстра напярэдадні канцэрта. — Нас звязвае вялікае сяброўства, таму я асабіста папрасіў яе, каб яна прыехала на фестываль у Мінск. Я шчаслівы, што ў мяне атрымалася «прывезці» яе сюды — вы пачуеце гэты боскі голас і атрымаеце асалоду».

На фестывалі можна будзе ўбачыць (і пачуць) Співакова і як скрыпача — 18 лютага ў Магілёўскай абласной філармоніі пройдзе канцэрт «Гадзіна Баха» з удзелам салістаў Нацыянальнага філарманічнага аркестра Расіі. Гэта адзіны канцэрт з праграмы фестывалю, што адбудзецца ў Магілёве, але, паводле слоў арганізатараў, ёсць нямала тых, хто збіраецца ехаць туды і з Мінска, каб пачуць ігру скрыпача.

У гэты ж дзень, 18 лютага, у мінскім Цэнтральным Доме афіцэраў будзе паказаны «адзін з галоўных сюрпрызаў фестывалю» — музычна-драматычны спектакль Рамана Вікцюка «Пяшчота» ў суправаджэнні струннага квартэта і піяністкі Басініі Шульман. Галоўную ролю ў спектаклі выканае Саці Співакова.

Прыма Марыінскага тэатра Ульяна Лапаткіна, адна з самых запатрабаваных балерын у свеце, сёння выступіць з праграмай «ТАНГА ГАЛА» разам з Нацыянальным латвійскім балетам у Палацы Рэспублікі.

Дзяржаўны сімфанічны аркестр Беларусі будзе суправаджаць ігру віяланчэліста Мішы Майскага ў Белдзяржфілармоніі, выступленне якога 21 лютага закрые праграму фестывалю. «Міша Майскі — выдатны віяланчэліст, мой калега, некалі мы жылі з ім разам у інтэрнаце Маскоўскай кансерваторыі», — кажа Уладзімір Співакоў.

Музыкант прызнаўся, што з прадзюсарам яны ўжо пачалі абмяркоўваць ідэі для наступнага фестывалю. «Кожны раз мы стараемся паказаць публіцы нешта незвычайнае, новае, любымі шляхамі імкнёмся ўключыць у праграму сусветных зорак, якія з вялікім жаданнем адгукаюцца на запрашэнне», — кажа прадзюсар фестывалю Максім Берын.

Пасля рэпетыцый маэстра з аркестрам Вялікага тэатра оперы і балета Уладзімір Співакоў, адзначыўшы прафесіяналізм музыкантаў, сказаў, што «культура і традыцыі Беларусі ў свеце прадстаўлены не так, як гэтага хацелася б і як яны заслугоўваюць». Сваё пастаяннае вяртанне ў Беларусь ён патлумачыў сардэчным прыцягненнем, нечым асабістым. Майстар-клас для студэнтаў Беларускай акадэміі музыкі адбудзецца ўжо сёння.

katsyalovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Прыцягненне музыкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.