Вы тут

Даўніна натхняе сучаснасць: музыка, опера і балет ля сцен палаца ў Нясвіжы


Той, хто аднойчы пабываў у Нясвіжы, ведае, што туды вяртацца можна бясконца — і кожны раз рабіць для сябе нейкае адкрыццё, атрымліваць новыя эмоцыі, прыемна і з карысцю бавіць час. Вось і Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі, паспрабаваўшы аднойчы, вырашыў штогод ездзіць у Нясвіж. Вынікам супрацоўніцтва з Нацыянальным гісторыка-культурным музеем-запаведнікам «Нясвіж» з’уляюцца «Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў». А сёлета наогул асаблівыя нагоды для такіх сустрэч. Сам тэатр знаходзіцца на ўздыме, нядаўна адзначыўшы 90-годдзе. Але ў старажытным беларускім горадзе сёлета адзначаюць 440 гадоў з моманту закладкі першага камня ў фундамент палаца. І 30 гадоў як у яго сценах створаны музей-запаведнік. Такое спалучэнне патрабуе адмысловай імпрэзы.


І яна ажыццявілася — з размахам. Праграма суперпнасычаная: 10 самых розных імпрэз. На тры дні тэатр камандаваў у Нясвіж 451 чалавека — гэта рэкорд за ўсе гады правядзення «Вечароў...» Але сёлета, як ніколі раней, арганізатары назіралі цікавасць да фестывалю на адкрытым паветры. Усе квіткі былі раскуплены, і людзі хацелі яшчэ. Прычым, на фестываль Вялікага тэатра ў Беларусі ў Нясвіж імкнуліся госці з блізкага і далёкага замежжа. Шмат хто прыехаў з Казахстана і Расіі. Але цікавіліся прыязджаючыя з Літвы і Польшчы, як сцявырджаюць прадстаўнікі мясцовай улады, дзякуючы таму, што ёсць выдатнае рашэнне наконт знаходжання іншаземцаў у нашай краіне, вельмі многія карыстаюцца выпадкам патрапіць на паказ Вялікага тэатра ў Нясвіжы. Такім чынам актывізуецца турызм у горадзе, усе гатэлі браніруюцца загадзя, а культурныя імпрэзы дазваляюць зрабіць баўленне часу прыемным.

— Вабіць не проста замак, а само месца, сам горад. Замак нельга ўспрымаць асобна ад цудоўных помнікаў архітэктуры, — адзначае Дзмітрый Яшчанка, дырэктар Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж». — Але мы не спыняемся. Цяпер ідзе рэстаўрацыя яшчэ аднаго аб’екта ЮНЕСКА, які знаходзіцца на нашай тэрыторыі, ёсць спадзяванні, што ў наступным годзе ён будзе адрамантаваны цалкам.

Адпаведна, тэатр вельмі пільна складае праграму — каб адпавядала месцу, часу і пажаданням людзей, для якіх паездка ў Нясвіж у гэтыя чэрвеньскія дні становіцца выдатным падарожжам, аздобленым духам мастацтва. І і артысты гэта адчуваюць, што падкрэсліў мастацкі кіраўнік Вялікага тэатра Беларусі Валянцін Елізар’еў: 

— Я радуюся, што тэатр кожны год тры дні праводзіць на блаславёнай зямлі ў гэтым цудоўным замку. Тут асаблівая аўра, адчуваецца пранікненне мастацтва: залы палаца напітаныя духам часоў, калі тут было жыццё, і існаваннем пасля рэстаўрацыі ў наш час. У гэтых сценах стваралася мастацтва. Тут, у Нясвіжскім замку, нараджаліся беларускія оперы і балеты. Гэта месца, намоленае высокім мастацтвам, — харэаграфіі, оперы, драмы. Я сюды прыязджаю заўсёды ў прыўзнятым настроі. А калі заходжу на плошчу перад палацам, у мяне нараджаюцца асаблівыя пачуцці і асацыяцыі. Шкада толькі, што нельга зладзіць паўнавартасныя дэкарацыі на гэтай сцэне, але нават пры гэтым уся харэаграфічная частка балета «Дон Кіхот» захаваная поўнацю.

«Дон Кіхот» Людвіга Мінкуса — прэм’ера гэтага года. Лёгкі і яскравы балет, дзе выдатна пануе дух даўніны. Але фестываль на адкрытым паветры мае свае асаблівасці і накладае дадатковую нагрузку на артыстаў, бо ім трэба больш выразнасці — асноўная ўвага цяпер менавіта на іх. Праўда, гэтаму спрыяюць яркія касцюмы, над якімі працавалі кацюмеры і майстрыхі швачнага цэху тэатра. Вядома, спектаклі адаптуюцца пад арганізаваную ў дворыку палаца сцэну — яна таксама за час правядзення фестывалю ўдаканальвалася і павялічвалася, каб артытам было зручна танцаваць.

Тое ж самае тычыцца і свежанькай прэм’еры оперы Джаакіна Расіні «Севільскі цырульнік», якую таксама пачулі ў Нясвіжы. Тут гістарычны антураж вельмі дарэчы, а касцюмы толькі ўзмацнялі ўражанне. І гэта толькі вялікія пастаноўкі, але ж яшчэ прадуманыя адмысловыя канцэртныя праграмы, і заключны Гала-канцэрт, прысвечаны юбілею тэатра — усё разам паспрыяла небывалай цікавасці да гэтага фестывалю.

— Я думаю, тут злучаецца адразу некалькі фактараў. Па-першае, сам факт прыезду Вялікага тэатра — гэта заўсёды вялікая падзея, і яна абгрунтавана тым, што гэта нешта сапраўднае, нешта вельмі жывое, што само па сабе — гарантыя цікавасці і чаканага задавальнення, — лічыць генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі Кацярына Дулава. — На сённяшні дзень мы сапраўды маем абсалютны рэкорд па продажы квіткоў. Мусіць, будзем думаць аб тым, ці не пашырыць фестываль у наступным годзе, каб задаволіць усіх, хто жадаў бы пабываць на спектаклях. На што звярнулі ўвагу сёлета — прадстаўленне для дзяцей. Я думаю, што мы і далей будзем ісці гэтым шляхам, таму што за вялікімі мастацкімі палотнамі мы забываемся на гэтую катэгорыю гледачоў. У будучыні падумаем аб асобным сцэнічным паказе для дзяцей, бо «Пеця і Воўк» Пракоф’ева — выдатная інтэрактыўная казка, створаная на энтузіязме нашых музыкаў, аркестра. І, вядома, мы не маглі прайсці міма даты нараджэння Сяргея Аляксеевіча Рахманінава. Наогул фармат зносін, якія даюць прадстаўленні на паветры, вельмі распаўсюджаны ў свеце і карыстаецца вялікай папулярнасцю: ён асаблівы па духу, па ўспрыманні шоу. А тут яшчэ асаблівыя муры замка, што ствараюць дзіўную атмасферу. Зразумела, што мы мусім далей прапаноўваць новыя фарматы і новыя варыянты прадстаўленняў. Што гэта можа быць? Мы маглі б асвоіць яшчэ адну пляцоўку дзеля канцэртных праграм. Мы можам падумаць пра нейкія маладзёжныя праекты: пра маладыя галасы оперы ці прадставіць праекты.

Пра тое, што фестываль варта развіваць, казала Людміла Вітко, начальнік аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па правах моладзі Нясвіжскага райвыканкама: гэтыя дні напоўненыя асаблівай атмасферай, яны надаюць нейкі рух, хоць ён заўсёды прысутнічае ў гэтым горадзе. І спалучэнне высокага мастацтва з прыгажосцю, якая навокал робіць сваю справу.

Нясвіж — гэта горад, які праз яго значнасць для гісторыі нашай краіны павінен наведаць кожны беларус хоць раз у жыцці. А калі наведванне падмацавана культурнымі ўражаннямі, то гэта – самае яскравае сведчанне таго, як даўніна натхняе скучанасць. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота тэатра

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.