Вы тут

Новы погляд на стары сюжэт прапануе Вялікі тэатр оперы і балета


Вялікі тэатр оперы і балета таксама далучыўся да святкавання Міжнароднага дня тэатра разам з трупай Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра балета Барыса Эйфмана. У замежнай праграме «Вялікія гастролі» на сцэне Вялікага прайшлі паказы балетаў «Яўгеній Анегін» і «Чайка». 


Беларускія гледачы ўжо знаёмы з тэатрам. У 2010 годзе трупа прадставіла першую пастаноўку Барыса Эйфмана «Чайка» па п’есе Антона Чэхава. У перыяд з 2015 да 2016 года Санкт-Пецярбургскі акадэмічны тэатр здзіўляў нас балетам «Радэн, яе вечны ідал» і пастаноўкай «Чырвоная Жызэль». У чэрвені 2022-га ў Вялікім тэатры оперы і балета адбылася прэм’ера спектакля «Эфект Пігмаліёна». 

Барыс Эйфман — вядомая асоба ў свеце харэаграфічнага мастацтва. Смелыя і фантастычныя эксперыменты сталі візіткай майстра. Здаецца, знакамітыя сюжэты твораў рускай класікі, такія як «Яўгеній Анегін» і «Чайка», ужо немагчыма расказаць інакш, але Барыс Эйфман адкрывае новыя гарызонты. Другая версія балета па знакамітай п’есе А. П. Чэхава вельмі адрозніваецца ад папярэдняга вырыянта. «Ёсць знаёмыя назвы — мы на іх ідзём, але гэта ўжо зусім іншыя гісторыі. Беспамылковы выбар музыкі — Чайкоўскі і Рахманінаў — найлепшыя кампазіцыі для ўспрымання. 

Тэндэнцыі змяняюцца, і нам трэба ім адпавядаць. Таму прыйшоў час убачыць Анегіна ў танцы і з іншага ракурсу паглядзець на стары чэхаўскі сюжэт», — расказала генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі Кацярына Дулава. 

Адметнасць і самабытнасць харэаграфіі Барыса Эйфмана адзначыў Ігар Колб. Балетмайстар заўважыў, што «дзякуючы таленту, характару, стараннасці Эйфмана кожны артыст становіцца індывідуальнасцю ў яго ўмелых руках, што вельмі важна, бо мы маем спектаклі, якія стагоддзямі будуць жыць і славіць тэатр». 

Вядучыя салісты Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра Барыса Эйфмана Марыя Абашова (выконвае ролі Ірыны Аркадзінай і Таццяны Ларынай), Любоў Андрэева (іграе Таццяну Ларыну) і Уладзімір Афонічкін (Канстанцін Трэплеў і Уладзімір Ленскі) расказалі пра свае партыі і вопыт работы з майстрам. 

У першай версіі спектакля «Чайка» Марыя Абашова сыграла Ніну Зарэчную. «Дзіўна, як Барыс Якаўлевіч можа паглядзець на свае пастаноўкі з іншага ракурсу і цалкам змяніць першапачатковы сэнс», — падзялілася прыма-балерына.

Зорка трупы Барыса Эйфмана, а ў мінулым — салістка Вялікага тэатра Беларусі Любоў Андрэева прызналася, што прыязджае на гастролі ў Мінск як дадому. «Я ведаю, што нас тут чакаюць. Раней, калі сама была маленькай, я бегла сюды на балет, каб паглядзець на неверагодную харэаграфію Эйфмана. Гледачу заўсёды падабаецца, бо гэтыя глыбокі псіхалагізм, філасофскі падтэкст пакідаюць моцныя і незабыўныя пачуцці». 

Сам майстар не змог прыехаць на гастролі ў Беларусь, бо працуе над новым спектаклем па знакамітым рамане Ф. М. Дастаеўскага «Злачынства і пакаранне», прэм’ера якога адбудзецца восенню гэтага года. 

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Сцэны з балета «Яўгеній Анегін»

Фота з сайта bolshoibelarus. by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.