Вы тут

Дзмітрый Шабеця: Не кожны чалавек можа прымераць столькі розных вобразаў


Сакрэт таго, як малады артыст оперы можа быць даволі вядомым шырокай публіцы, ведае Дзмітрый Шабеця. У Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры Беларусі ён служыць некалькі гадоў, але гледачы адразу звярнулі ўвагу на яго голас і на тое, што Дзмітрый нібыта раствараецца ў вобразах, якія ўвасабляе. Такое адчуванне, што ён не толькі працуе ў гэты момант, але і атрымлівае рэальнае задавальненне ад таго, што робіць. Прычым не толькі ў тэатры. Бо артыст яшчэ актыўна канцэртуе па Беларусі. У рамках уласнага праекта «Беларускія прэм’еры» ён прадстаўляе музыку айчынных кампазітараў, праводзячы, па сутнасці, асветніцкую работу. Бо любоў да такога няпростага мастацтва, як опера, пачынаецца з прыгожай мелодыі, а таксама імя кампазітара і выканаўцы, якога потым захочацца паслухаць яшчэ...


— Прыход у Вялікі тэатр стаў новым этапам, які на вас, падобна, падзейнічаў натхнёна…

— Першапачаткова пасля заканчэння Акадэміі музыкі я пайшоў працаваць у Музычны тэатр. На той момант, калі скончыў вучобу, былі пытанні з размеркаваннем стажораў, немагчыма было пайсці адразу ў салісты оперы. Памятаю, калі ў нас было размеркаванне, Кацярына Мікалаеўна Дулава, якая была тады рэктарам Беларускай акадэміі музыкі, убачыла, што я іду ў Музычны тэатр, паглядзела на мяне са здзіўленнем. Цяпер ужо шмат што змянілася, ёсць магчымасць, каб маладыя людзі прыходзілі пасля вучобы па размеркаванні ў Вялікі тэатр. Але я пачаў працаваць у Музычным тэатры, і лічу, што гэта выдатная школа для артыста. Асабліва, калі трапляеш у такія творчыя абставіны, заняты цікавай працай. Акрамя аперэт, там ідуць мюзіклы і шмат канцэртаў. Цікава і тое, што ў іх даволі часта бываюць гастролі па Расіі. У мяне за адзін год было, напэўна, больш за сто канцэртаў у Музычным тэатры. Гэта дапамагло адчуць унутраную свабоду, справіцца са сцэнічным хваляваннем, уласцівым маладому артысту, які толькі выпусціўся з кансерваторыі. Плюс яшчэ і ў тым, што ты глядзіш, назіраеш і бярэш усё найлепшае ад найлепшых. Гэта добрая школа.

У Вялікі тэатр я б адразу з задавальненнем прыйшоў працаваць, каб была такая магчымасць. Але, лічу, што нічога не страціў: там шмат пачарпнуў для сябе. І тут працягваю развівацца: партый вельмі шмат, рэпертуар пашыраецца. Вось таму да ўсяго ёсць вялікая цікавасць.

— У Музычным тэатры свая спецыфіка. Напэўна, трэба было перастройвацца?

— Я заўсёды спяваў адным і тым жа голасам. Насамрэч першапачаткова я эстрадны выканаўца, з самага дзяцінства спяваў эстрадную музыку, «папсу» ў шырокім паняцці гэтага слова. Але пайшоў вучыцца на акадэмічны вакал, таму што мне было важна атрымаць менавіта гэтую адукацыю. Хацелася навучыцца спяваць па акадэмічных канонах, таму што калі ты ведаеш асновы дыхання, пеўчай правільнай тэхнікі і гэтак далей, то твой голас гатовы да цяжкасцяў. Ты можаш спяваць усё ў любым жанры, у якім табе зручна, у якім трэба будзе працаваць як выканаўцы. Музычны тэатр адрозніваецца тым, што ў ім ёсць менавіта мюзіклы, а гэта ўжо зусім іншая падача, іншы гук. У адрозненне ад той жа класічнай аперэты, у якой іншая асаблівасць — вельмі шмат гутарковага тэксту. У нас у оперным тэатры, напрыклад, ідзе «Лятучая мыш» — вялікую сцэну агучыць без мікрафона менавіта з патрэбнай падачай голасу даволі праблематычна, як бы правільна ты ні гаварыў. У Музычным тэатры ў гэтым плане значна прасцей, таму што там ёсць мікрафон, ты можаш рухацца як заўгодна, але публіка цябе пры гэтым чуе. Музычны тэатр мне блізкі, у мяне там шмат сяброў. Але справа ў тым, што опера мне заўсёды была больш цікавай, я да яе імкнуўся.

— Таму так актыўна кінуліся ў працу?

— Я бяру толькі тыя партыі, якія, на мой погляд, будуць карысныя для майго развіцця як выканаўцы. Усё і адразу спяваць немагчыма ў любым выпадку. Ёсць разуменне таго, што гэта рэпертуарны тэатр. Таму ў рэпертуарнага тэатра ў любым выпадку будуць нейкія патрабаванні, бо ёсць творчая неабходнасць у канкрэтным персанажы, значыць, гэтую праблему трэба вырашаць. І я стараюся не «скакаць праз галаву». Шмат разоў мне прапаноўвалі спяваць Германа ў «Пікавай даме». Адмаўляўся, пакуль гэта не хачу спяваць: руская музыка — гэта наогул вельмі цяжка. У мяне, дарэчы, у асноўным замежная класіка і беларуская. Рускай мала, таму што я баюся гэтай музыкі. Насамрэч нялёгка ўвасобіць таго ж Германа, таму што ты пачынаеш жыць з гэтай партыяй, крыху трансфармуешся па стане ў гэтага персанажа. Думаю, такія партыі павінны прыходзіць з досведам. Іх трэба напоўніць унутрана, каб потым выстаўляць напаказ.

Пра нейкія партыі я марыў заўсёды — Каварадосі («Тоска»), Радамес («Аіда»), Самсон («Самсон і Даліла»). Люблю гэтыя оперы, але разумею, што выконваць іх па ўзросце ранавата таксама. Але я спяваю і Паўля ў «Мёртвым горадзе» Карнгольда ў маскоўскай «Новай оперы». І «Аіду» ў Маскве спяваю. Разумею, што мне гэтая музыка цяпер патрэбна.

— Што дае ўдзел у маскоўскіх спектаклях? Гэта зусім іншы тэатр, іншы падыход да оперы.

— Што менавіта да «Новай оперы» — у іх цікавыя пастаноўкі. Там даволі кампактная зала, фармату нашага музычнага тэатра. Яны «заточаныя» на тое, каб нечым здзіўляць: праз відэарад, кампазіцыйныя рашэнні, тое, што датычыцца рэжысуры. Напрыклад, у пастаноўцы «Мёртвага горада» — гэта ліфт, які ездзіць на два паверхі і цалкам выцясняе аркестравую яму. Аркестр ззаду цябе, дырыжора бачыш толькі на маніторах, якія расстаўлены ў зале. Акустыка мяняецца ў кожным пункце, у гэтым, вядома, вялікая складанасць: ты ўвесь час перастройваешся пад тыя адчуванні, у якіх трэба працаваць у кожнай канкрэтнай частцы сцэны. Але яны здзіўляюць, там шмат добрых пастановак. І класныя салісты. Калі хто хоча паслухаць оперу ў іншай візуалізацыі, то чаму б не? Бо ў нас у тэатры больш класічны падыход да оперы. Дарэчы, «Аіда» там і ў нас — вельмі розныя спектаклі. У нас гэта прыгожая, проста фантастычная пастаноўка. Мала які тэатр можа дазволіць сабе такі маштаб, вялікае задавальненне спяваць у такім спектаклі…

Але супрацоўніцтва з іншымі тэатрамі развівае выканаўцу ў любым выпадку. Калі працуеш у розных пастаноўках адной і той жа оперы, персанаж напаўняецца новымі фарбамі. Бо калі ты выходзіш у адным спектаклі, то наперад ведаеш, што табе трэба рабіць, якія мізансцэны і гэтак далей. Але калі з’яўляюцца іншыя пастаноўкі, у якіх пастаўлены і новыя задачы для цябе як для артыста, нават могуць мяняцца абставіны, у якіх існуюць героі, то гэта стымулюе на далейшае развіццё. Безумоўна, ёсць пастаноўкі, якія нічым цябе не здзівяць, яны могуць нават раздражняць і не падабацца, але з гэтым таксама даводзіцца спраўляцца. Дарэчы, такі перыяд перажываюць усе вакалісты, якія, напрыклад, вучацца ў кансерваторыі: калі табе даюць твор, які табе не падабаецца, ты не хочаш яго спяваць, але табе кажуць, што ты павінен зрабіць яго такім, каб палюбіць. Таму што ў тэатры табе давядзецца працаваць у пэўных абставінах. Нават калі ёсць выбар, што спяваць, а што — не. Бо бываюць сітуацыі, у якіх сябе трэба пераломваць, каб партыя стала зручнай, а спектакль — утульным. Канешне, тэатр нешта прапануе ў плане рэпертуару, але ад чагосьці артысту ўсё ж трэба адмаўляцца, а ад чагосьці — не…

— Як ад партыі Рамана ў нацыянальнай оперы «Сівая легенда»?..

— Я чатыры гады яе дамагаўся. Вельмі хацеў гэта праспяваць. Спектакль глядзіцца на адным дыханні, вельмі кампактная опера. Дарэчы, калі я паслухаў арыгінальную арыю Рамана (з першай рэдакцыі), я зразумеў, што цяпер яна стала больш прыгожай, гучыць проста фантастычна. Раней марыў, але не спеў: так атрымлівалася, што ці то спектакль гэты ішоў не надта часта, ці то я з’язджаў…

І вось зараз супала, што і я прасіў гэта праспяваць, і мне сказалі «так». Вельмі прыгожая музыка, моцны персанаж, моцны спектакль. Нейкія тэхнічныя і пастановачныя недапрацоўкі (на мой погляд) музыка кампенсуе з лішкам. Радуюся, што партыя Рамана ў маёй творчай скарбонцы. Маё жаданне было прадыктаванае найперш прыгажосцю музыкі, потым ужо я думаў пра тое, што гэта нацыянальны рэпертуар. Але я люблю спяваць па-беларуску.

— Кажуць, што гэта не так проста для вакаліста…

— Вельмі не проста. Але гэта праца на супраціўленне. Таму што мова мілагучная, але месцамі яна дае жорсткасць, а праз слова можна данесці вельмі шмат. Плюс персанаж дваякі: то ён лірычны, то ён вельмі драматычны. У гэтым таксама была цікавасць.

Калі я яшчэ вучыўся ў кансерваторыі, то спяваў арыю Кізгайлы, яна мне таксама вельмі падабалася. З яе і пачалася любоў да музыкі Дзмітрыя Смольскага. Калі оперу выпусцілі, яна ўсюды гучала. Гэта музыка, якую адзін раз пачуў, а потым ходзіш і напяваеш. Арыя Рамана мне падабалася нават менш, насамрэч. Але потым, калі ўбачыў гэтую оперу, патрапіў на вельмі добры склад выканаўцаў, то зразумеў, што я таксама жадаю гэта спяваць, таму што вельмі моцная музыка, якая ўзнімае дух і дае вялікі зарад. Пасля дэбюту ў партыі Рамана я не мог спаць, хацелася яшчэ адзін такі спектакль праспяваць... А ёсць спектаклі, пасля якіх хочацца выключыцца і адпачыць.

— Вы спявалі і барытонавыя партыі, і тэнаравыя. У выніку вызначыліся як тэнар?

— Мой дыяпазон і афарбоўка голасу дазваляе спяваць і тое, і тое. У часы вучобы ў кансерваторыі ў мяне былі яшчэ пошукі ў гэтым плане. Было пытанне: ці хачу я цягнуцца ўверх і спяваць у тэсітуры, якая зручная? Натуральна, захацелася, таму стаў спяваць вышэй. Тэнар, як правіла, станоўчы персанаж. Акрамя таго, тэнаравы рэпертуар больш разнастайны, чым у барытонаў. І, на мой погляд, больш цікавы. Хоць ёсць барытонавыя партыі, якія хочацца праспяваць, і калі-небудзь, магчыма, мяне ўбачаць у вобразе Гразнога або Скарпіа. Прычым пераход ужо будзе апраўданы ўзростам.

— Але тэнары, як правіла, вельмі запатрабаваныя…

— Дарэчы, у штаце Вялікага шмат тэнараў. Але справа ў тым, што на маім рэпертуары практычна нікога няма, а было б нядрэнна: ці замена, ці нават проста дубль, які можа спатрэбіцца любому вакалісту — мы ж людзі, можам і захварэць, і лепш паберагчы сябе ў такім стане. У любым выпадку тэатральным раскладам, які складаецца на месяц наперад, агаворваецца, каб максімальна пазбегнуць залішняй нагрузкі і нязручнасцяў для артыстаў.

А яны бываюць — гэта жыццё. Напрыклад, я лётаў у Баку спяваць «Кармэн». У нас толькі адзін рэйс, які ляціць у пэўны час. Пералёт сам па сабе — выпрабаванне. А я прыляцеў, паспаў дзве гадзіны і пайшоў на спеўку, а потым на аркестравую рэпетыцыю. Адкуль у мяне ўзяліся сілы і голас?.. На наступны дзень быў яшчэ адзін прагон і спектакль. Вакалісты вельмі часта пастаўлены ў нязручныя ўмовы, але гэта прафесія для моцных людзей. Тут трэба мець жалезныя нервы, і характар патрэбен пэўны, каб вытрымаць магчымыя прэсінгі.

— Вас у Вялікім тэатры, хутчэй за ўсё, будуць яшчэ больш нагружаць…

— Я гэтага не баюся. Але няхай гэта ідзе на карысць. Таму што праца — гэта ў любым выпадку добра. Шмат працы нікому не шкодзіць: ты ўвесь час у тонусе, голас у трэнажы. Бо ёсць небяспека ў тым, калі выходзіць на сцэну рэдка: трэнінг знікае, могуць забывацца нейкія моманты, і голас трэба падтрымліваць у форме. Вядома, ніхто не перашкаджае займацца вакалам кожны дзень. Але без выхаду на сцэну артыст шмат страчвае. На сцэне трэба быць пастаянна, трэба на ёй жыць, наша прафесія прадугледжвае гэта 24/7.

Прафесія выдатная, я яе вельмі люблю. Рады, што займаюся сваёй улюбёнай справай, і кожны персанаж, які ў мяне ў скарбонцы, дадае эмоцыі, цеплыню на душы, асабліва калі рыхтуеш новую ролю і пачынаеш з ёй зрастацца. Не кожны чалавек можа прымераць столькі розных вобразаў, а наша прафесія дазваляе гэта зрабіць, што немагчыма сумаваць ні душой, ні целам, ні мазгамі. Напрыклад, адзін клавір — гэта прыкладна 300-400 старонак (кніжачка з нотамі, дзе шмат тэксту, калі ён на замежнай мове, то кожнае слова перакладаеш). Мы трэніруем свой мозг увесь час, таму што вучым, паўтараем, плюс аналізуем, калі ідзе разбор клавіра. Займальная дзейнасць, праўда?

— Такое адчуванне, што вы жывяце толькі музыкай і операй…

— Дзякуй богу, тут усё ў парадку. Я паспяваю займацца не толькі любімай прафесіяй, але і сустракацца з сябрамі, наведваць выставы, люблю хадзіць у іншыя тэатры. Таксама люблю адрывацца і пагуляць. Абавязкова трэба сабе даваць адпачынак. Таму што, калі ты маральна не разнявольваешся, то паступова нарастае назапашвальны эфект ад стомленасці.

— Хто вам дапамагае ў гэтым?

— Сябры, безумоўна, сям’я, мая каханая жонка. Імкнуся праводзіць больш часу з дарагімі людзьмі. Дарэчы, бывае трэба пабыць і сам-насам са сваімі думкамі, нават нікуды не выходзіць — сёння ты адпачываеш так, а заўтра можаш пайсці ў клуб да раніцы. У залежнасці ад настрою. Трэба ўмець пераключацца на розныя станы.

— У чым бачыце для сябе развіццё ў Вялікім тэатры Беларусі? Што для вас у прыярытэце як для артыста?

— Як артыст я магу развівацца толькі дзякуючы сваім калегам, якія разам са мной працуюць у спектаклях. Бо калі ёсць тандэм, калі ёсць добры кастынг на спектакль, гэта вельмі шмат значыць. Калі чалавек не замінае табе працаваць, а, наадварот, дапамагае для таго, каб цябе ўзняць на свой узровень ці на больш высокі ўзровень, гэта вельмі важна. Можна развіваць сябе пашырэннем выкананых персанажаў, браць для сябе новыя вяршыні. Бо без новых партый, без новага рэпертуару, без унутранага напаўнення для кожнага персанажа нічога не будзе. Дзеля гэтага чытаю і перачытваю кнігі. Перыядычна пераглядаю нейкія фільмы. І гляджу новыя пастаноўкі тых спектакляў, у якіх ужо спяваю — можна нейкія сцэнічныя рэчы для сябе знайсці. Іншымі словамі, трэба абавязкова шмат слухаць, шмат чытаць, глядзець і сачыць за працай іншых, хадзіць на спектаклі сваіх калег і ў іншыя тэатры. Дзякуй богу, мы з жонкай гэта ўсё вельмі любім і як гледачы.

— Добра, калі займаешся любімай справай. А ці важна вам адчуваць аддачу? Напрыклад, у выглядзе медаля Францыска Скарыны, які вы атрымалі сёлета?

— Мне здаецца, што ўсё добра ў свой час. Бывае, што нейкія ўзнагароды, медалі і званні людзі атрымліваюць ужо ў самавітым узросце, амаль у канцы кар’еры, якую чалавек мог бы рабіць больш натхнёна, атрымаўшы стымул у развіцці. У любым выпадку, чалавек працуе, бо не можа інакш. Але добра, калі яго заўважае не толькі публіка.

Мае значэнне і колькасць спектакляў у рэпертуары. Бывае, што артыст за год зрабіў такія партыі, што людзі рыхтуюць за жыццё. Чаму гэта нельга адзначыць раней, чым падыдзе ўзрост для нейкіх узнагарод? Мы ж працуем не ў пустэчу. Працуем на прафесійным узроўні і адчуваем водгук ад гледачоў.

Што датычыцца ўзросту, то ёсць яшчэ адзін момант, на які хацелася б звярнуць увагу. Усе разумеюць, якую нагрузку нясуць артысты балета, яны не могуць бясконца доўга танцаваць на адным узроўні чыста фізічна, як бы гэтага ні жадалі. Такая ж гісторыя ў вакалістаў са звязкамі. Усё зношваецца. Арганізм старэе, і голас відавочна не стане маладзейшым з часам, — гэта ж таксама мышцы, якія цягнуць цябе ўсё жыццё. Мне здаецца, што стаўленне да артыстаў оперы ў плане пенсіі павінна быць такім жа гнуткім, як і ў балеце. Бо ёсць пэўны запас твайго рэсурсу. Вядома, артысты самі могуць вырашаць, калі ім сыходзіць — калі ёсць сілы працаваць, то дай бог. Але калі б была такая магчымасць, мне здаецца, многія б задумаліся. Хоць гэта і вельмі вялікая радасць — сцэна не адпускае ні ў якім узросце. Мой педагог Эдуард Іванавіч Пелагейчанка сышоў з тэатра, але калі яго абудзіць уначы і папрасіць праспяваць нейкую партыю, ён запраста гэта зробіць, бо столькі ўсяго было выканана, яно застаецца на ўсё жыццё.

Бо, калі ты зараджаеш увесь спектакль сваёй энергетыкай, сваім персанажам, то стараешся, каб людзі паверылі і адчулі тое, што ты зараз перажываеш. І гэта, дарэчы, не залежыць ад таго, што я люблю спяваць. Напрыклад, тую ж «Тоску» — надзвычай прыгожая музыка. Каварадосі як персанажу немагчыма не спачуваць: насамрэч усе праблемы ад кахання. Гэта вельмі кранальна, і таму глядач ужо да фіналу спектакля адорвае цябе сваімі апладысментамі. Ідзе энергетычны абмен паміж намі, таму што ты разумееш, што не дарма стараўся, што не дарма працаваў. За час спектакля ты аддаў усе сілы, поўнасцю разрадзіўся, але ў гэты ж момант цябе зарадзілі зноў. Гэта вельмі крутое
пачуццё.

— А ці быў нейкі такі момант, калі вы для сябе засеклі: вось яно…

— Насамрэч, гэта было яшчэ на першых гастролях з Музычным тэатрам, здаецца, у Смаленску. Я прыехаў як новы артыст, праспяваў пару твораў і — ваў! Авацыі. Натуральна, мы такое перажывалі і на сцэне кансерваторыі. Але канцэртаў, каб так апладзіравалі, у мяне яшчэ не было. Момант, калі я зразумеў, што вучыўся не дарма, як хацелі мае бабулі і марылі на мяне паглядзець. Думаю, яны маглі б мной ганарыцца…

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота дадзены тэатрам


Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.