Вы тут

Уладзіслаў Адамчанка: Хачу быць годным кіраўніком


Гаспадарка, якой кіруе 27-гадовы дырэктар, невялікая. Але гэта не значыць, што работы і адказнасці тут менш. 

Малады кіраўнік ледзь знайшоў для нас вольную гадзіну ў сваім шчыльным працоўным графіку. Прычым позна вечарам у нядзелю, калі на вуліцы ўжо сцямнела. Для сельскай гаспадаркі выхадныя дні — паняцце ўмоўнае. Восеньскіх спраў тут колькі заўгодна. Уладзіслаў удакладняе: ставілі жывёлу на зімова-стойлавы перыяд, вырашалі нюансы па даільным абсталяванні, чыстцы хлявоў, расстаноўцы жывёлы, сартаванні — пытанняў шмат.


Справы сямейныя, не менш важныя

На сустрэчу малады чалавек прыехаў не адзін, а з будучай жонкай Людмілай, якую прыхапіў па дарозе з работы. Таму і размову пачалі са спраў сямейных, не менш важных, чым вытворчыя. Гэты кірунак у нашай краіне таксама ў прыярытэце.

Уладзіслаў не па гадах мудры і разважлівы. «Вы таксама заўважылі?» — пацікавілася Людміла, калі я падзялілася сваімі назіраннямі ўслых. Ёсць такая катэгорыя маладых людзей, якія да любой справы падыходзяць з адказнасцю. Дзяўчына гэта ацаніла.

Яна хоць і магіляўчанка, але абяцае падумаць наконт таго, пераманьваць будучага сужэнца ў горад або не. Уладзіслаў сціпла маўчыць, але прызнаецца, што часу на сям’ю сапраўды няшмат.

— Ён ёсць, але не заўсёды так бывае, што свабодныя субота і нядзеля. Зімой яго больш, вядома. Але і ў зімовы час узнікаюць экстранныя пытанні. І тады трэба свае асабістыя планы адкласці, ехаць на работу... Планую хутка пайсці ў водпуск. Сілас мы нарыхтавалі, тэхніку на зімоўку амаль паставілі, практычна ўсё зрабілі. Застанецца толькі даіць кароў, карміць і чысціць у іх. Таму і планую водпуск. Па кантракце маю права на 37 дзён, але хоць бы некалькі тыдняў адпачыць. 

У гаспадарцы ёсць спецыялісты, у якіх можна быць упэўненым: галоўныя інжынер, аграном, ветурач. Водпуск буду праводзіць з сям’ёй, ніякіх цёплых краёў не планую, спецыфіка работы не дазваляе.

Цікава, што Уладзіслаў — работнік сельскай гаспадаркі ў першым пакаленні. Ніхто з яго радні да гэтай галіны не мае дачынення.

— Нарадзіўся ў Слаўгарадзе, выхаваннем мяне, брата і сястры займалася маці, — расказвае ён пра сябе. — Здароўе ў маці не вельмі добрае. Гэта таксама стала адной з прычын майго вяртання на радзіму. Слаўгарадскі раён — сельскагаспадарчы, але мы жылі ў кватэры, і што гэта такое, да пары да часу ведаў апасродкавана. Але лёс склаўся так, што сельская гаспадарка стала справай жыцця. Пасля 9 класа паехаў вучыцца ў Клімавіцкі аграрны каледж па спецыяльнасці «Ветэрынарны фельчар». Па размеркаванні трапіў у Горацкую райаграпрамтэхніку, адкуль праз тры месяцы пайшоў у армію. Служыў у Бабруйску ў вайсковай часці 5527, быў намеснікам камандзіра ўзвода. Нашымі абавязкамі былі забяспечваць парадак на футбольных матчах, ахоўваць горад. Даводзілася і хуліганаў затрымліваць.

Пасля арміі вярнуўся ў Горкі. Пакуль адсутнічаў, намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі райаграпрамтэхнікі Міхаіл Сідарэнка стаў кіраўніком «Копцеўскай нівы», запрасіў мяне працаваць галоўным ветурачом. 

І я пагадзіўся. Падчас работы там вырашыў, што трэба павышаць кваліфікацыю, паступіў завочна на спецыяльнасць «Зоаінжынер» у Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Пэўны час пасля акадэміі працаваў індывідуальным прадпрымальнікам, практыкаваў артапедычныя паслугі для жывёл. Ездзіў па ўсёй Беларусі. Жыў у Горках, а выязджаў і ў Мінск, і ў Брэст, і па ўсёй Магілёўскай вобласці.

«Прымножылі свае паказчыкі, і гэта радуе»

Кіруе ААТ «Урэчанскі» Уладзіслаў няпоўны год — з 2 снежня мінулага года. Цэнтр гаспадаркі знаходзіцца за шэсць кіламетраў ад Слаўгарада — у вёсцы Чырвоны Усход. Там жа ферма па адкорме быкоў, мехдвор і кантора. У суседніх Шаламах функцыянуюць малочнатаварная ферма і комплекс, а ва Урэччы — ферма для буйной рагатай жывёлы і па дарошчванні цёлак. Гаспадарка спецыялізуецца на жывёлагадоўлі. Агульнае пагалоўе складае 2164 галавы, з якіх 967 — дойныя каровы. Астатнія — рамонтны маладняк і «адкорм». 

У гаспадарцы працуюць 95 чалавек.

— Па выніках дзевяці месяцаў маем 120 працэнтаў эфектыўнасці работы па жывёлагадоўлі, па агранаміі — 106 працэнтаў, — канстатуе суразмоўнік. — Прымножылі свае паказчыкі, і гэта радуе. Сярэдняя зарплата ў работнікаў 1367 рублёў. З транспартам нам дапамагаюць, бо тут чарнобыльская зона. Раз на год нешта з новай тэхнікі даюць, забяспечваюць мінеральнымі і азотнымі ўгнаеннямі. Мы «сераднякі», хоць праблем хапае. Цяжка, напрыклад, знайсці замену нашым даяркам. Амаль усе яны перадпенсіённага ўзросту. Дзе шукаць новых, не ведаю. Ферма, на жаль, пакуль не аўтаматызаваная.

Малады дырэктар марыць адрамантаваць стары комплекс і ўстанавіць там новую сучасную сістэму даення, каб быў замкнёны цыкл — усё, пачынаючы ад нараджэння цяляці да атрымання малака, адбывалася на адной тэрыторыі. Самастойна зрабіць гэта, вядома, немагчыма. Таму звяртаецца да кіраўніцтва раёна з прапановай дапамагчы. Паралельна займаецца рэканструяваннем хлявоў, якія не выкарыстоўваюцца.

Сярэдні ўзрост працаўнікоў у калектыве 45–50 гадоў. Моладзь не вельмі ахвотна звязвае свой лёс з сельскай гаспадаркай. У Слаўгарадзе ёсць ліцэй, дзе рыхтуюць трактарыстаў, але нават мэтавікі не спяшаюцца прыходзіць адпрацоўваць. Малады кіраўнік разам са старшынёй Слаўгарадскага райвыканкама наведваў у пошуках кадраў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Выпускнікоў бянтэжыць, што раён вельмі маленькі, усяго каля 10 тысяч чалавек. Ім больш падабаюцца вялікія гарады.

— Тая моладзь, якая працуе, таксама не заўсёды адказная, — кажа суразмоўнік. — Трэба ўвесь час кагосьці падштурхоўваць. Не ведаюць дакладна тэхналогію работы, дзесьці шкодзіць лянота. Наогул цяпер такая тэндэнцыя, што людзі адмаўляюцца ад тых жа кароў, іншай хатняй жывёлы. Раней у вёсцы ў кожнага была рагуля, а сёння — дзве-тры на вёску. Шмат хто з’язджае ў горад са словамі, што нават высокая зарплата іх не прымусіць застацца ў вёсцы. Напэўна, гэта звязана з праславутымі TіkTok, «Інстаграмам» і іншымі сацсеткамі, дзе сёння ўсе сядзяць і чытаюць, што грошы прыходзяць лёгка. Вось моладзь і шукае такія варыянты. Але былі выпадкі, калі некаторыя вярталіся ў гаспадарку.

Работа Уладзіславу ў цэлым падабаецца, ёсць у ёй свае плюсы. «Кожны дзень чамусьці вучышся, спазнаеш, вывучаеш псіхалогію чалавека, — рэзюмуе ён. — Да аднаго патрэбны адзін падыход, да другога — іншы. Глядзіш, як моладзь працуе. Работа кіраўніка вельмі дапамагае развівацца, з’яўляецца разуменне таго, як працаваць з чалавекам, эканоміку пралічваць».

Замежны вопыт пайшоў на карысць

Калі Уладзіслаў працаваў галоўным ветурачом у «Копцеўскай ніве» ў Горках, пабываў разам з іншымі спецыялістамі ў двухтыднёвай замежнай камандзіроўцы. У Польшчы глядзелі, як функцыянуе жывёлагадоўчы комплекс у фермера. Было цікава даведацца, як ён абыходзіцца з вялікай гаспадаркай без вузкіх спецыялістаў. Паслугамі таго ж ветурача карыстаўся выключна па неабходнасці. Задавольваўся разавай кансультацыяй, а ўсё неабходнае рабіў сам. У Германіі беларускія спецыялісты азнаёміліся з работай лабараторыі, якая кантралюе якасць малака. Там расказалі, што для таго, каб павысіць яе да ўзроўню «экстра», ім спатрэбілася дзесяць гадоў. А ў Чэхіі атрымалася наведаць ВНУ накшталт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Там іншыя падыходы да навучання будучых спецыялістаў. Першыя два курсы яны вывучаюць агульныя прадметы, а потым бяруць вузкі кірунак.

— Такога, каб заатэхнік і з кармамі працаваў, і сартаваннем жывёлы займаўся, і шмат чаго іншага рабіў, у іх няма, — кажа Уладзіслаў. — У нас жа выпускаюць універсальных спецыялістаў. Мы і пра пчол павінны ведаць, і пра свіней, і пра кароў. Асабіста я вышэйшую адукацыю атрымліваў, каб глыбей разумець, як з каровамі працаваць, як іх карміць, утрымліваць. Па першай адукацыі я ветэрынар, але хутка зразумеў, што, каб у ветэрынара было менш работы, трэба добра працаваць заатэхніку. Накарміў якасна, падаслаў, стварыў у памяшканні аптымальны мікраклімат, тады і ветурач будзе толькі прафілактыкай займацца, а не лячэннем.

«Пасля паездкі шмат чаго карыснага для сябе вынес, — прызнаецца суразмоўнік. — Па той жа арганізацыі працы. Калі вярнуўся, веды прымяніў у „Копцеўскай ніве“. Па-новаму пабудаваў работу па ўтрыманні цялят да трох месяцаў. Пачалі прымяняць індывідуальныя домікі, якім раней не ўдзялялі патрэбнай увагі. Бо на свае вочы бачыў вынікі. Цяляты добра ў вазе прыбаўляюць, і прасцей працаваць у плане ўсялякіх там вакцынацый і прафілактычных мерапрыемстваў. Менш страўнікава-кішачных захворванняў, хвароб органаў дыхання».

— Наша работа дынамічная, патрабуе «зверкі гадзіннікаў», — заўважае кіраўнік гаспадаркі. — Ды і цікава даведацца, як працуюць гаспадаркі ў іншых абласцях. Мой таварыш па Клімавіцкім каледжы працуе ў Гомельскай вобласці, мы з ім перазвоньваемся, расказваем адзін аднаму пра рабочыя моманты. Абмяркоўваем пераход ад звычайнай фермы да комплексу, ёсць праблемы з кваліфікаванымі кадрамі, мінімізацыю страт.

Як гэта — быць сельгасработнікам?

Сёлета ў калгасе эксперыментавалі, бралі летам вучняў на дапамогу. Заключылі са школамі дагаворы і запрасілі дзяцей паглядзець, як гэта — быць сельскагаспадарчым работнікам.

— Старшакласнікі вельмі захапляліся маленькімі цяляткамі, магчыма, нехта зацікавіцца і прыйдзе да нас працаваць, — спадзяецца Уладзіслаў. — Нешта іх цікавіць, але нешта і не падабаецца. У нас усе ўмовы створаны: і душавыя працуюць, і пральныя машынкі. Каб было ўсё ідэальна, трэба яшчэ грошы ўкладваць, пабудаваць некалькі хлявоў, аўтаматызаваць працу. Ёсць, куды рухацца. На жаль, не заўсёды ўсё атрымліваецца, як таго хочаш. Раённыя службы падказваюць, дзе мы што не дацягнулі, не дагледзелі. Стараемся гэта ўлічваць. А школьнікі, дарэчы, у нас за дзесяць дзён зарабілі па 300 рублёў. 

Нядрэнныя грошы.

Вучыцца адаптавацца да надвор’я

У гаспадарцы 2,5 тысячы раллі — 1,5 тысячы займае збожжавая група, 700–800 гектараў — азімыя зерневыя, яшчэ столькі ж — яравыя.

— Сянаж часткова загортваем у палімер, часткова складваем у сянажныя ямы, — расказвае спецыяліст тэхналогію. — Звярнулі ўвагу, што корм лепш захоўваецца ў палімеры. Таму і робім на ім акцэнт. Сёлета болей чым дзве тысячы сенажу закруцілі ў плёнку. 100 гектараў бяспокрыўных пасеялі люцэрны. Абнавілі травяны баланс і ўбачылі, што ёсць вынік. На наступны год будзем абнаўляць некалькі ўчасткаў агульным памерам 150 гектараў.

— Год сёлетні быў, канешне, капрызны, мы гэта добра адчулі, — канстатуе суразмоўнік. — Паўтара ўкосу травы знялі і не дацягнулі планку па сенажы. Але ў сувязі з тым, што ў нас пераходзячыя кармы, гэтую зіму перазімуем са спакойнай душой. Для сябе зрабіў выснову: трэба вучыцца адаптавацца да надвор’я і шукаць такія сарты траў, якія будуць радаваць. Не на канюшыну рабіць акцэнт, а на нешта накшталт райграсаў, якім менш патрэбна вільгаці для развіцця. Яравыя таксама сеялі пры недахопе вільгаці ў глебе, і развіццё іх было горшае. Сёлета азімыя пасеялі яшчэ да заканчэння належных тэрмінаў. З насеннем не было пытанняў, загадзя ўсё падрыхтавалі.

Для адпачынку — сучасныя ўмовы

Уладзіслаў паспеў пабыць ветурачом, прадпрымальнікам, цяпер працуе дырэктарам.

Розныя ролі, задачы…

— Лягчэй там, дзе няма адказнасці, — усміхаецца ён. — Прадпрымальнік працуе сам на сябе, а тут адказнасць за людзей, жывёлу, трэба думаць пра заробак для работнікаў, планаваць наступны дзень — хто што будзе рабіць. І так пастаянна ў думках пра работу. Найлепшы сродак аднавіць сілы для мяне — гэта сон. Пасля хутка ўсё становіцца на свае месцы. Нездарма кажуць, што раніца за вечар мудрэйшая. Вельмі карысна бывае сустрэцца з сябрамі або, напрыклад, схадзіць у лазню. Добра — сястра ў Слаўгарадзе жыве, і ў яе свая лазня. Па суботах хаджу да яе ў госці. Зімой гарадскую лазню з сябрамі наведваем, там ёсць басейн.

— Жыць у сельскай мясцовасці не ўсім па душы, — адзначае малады кіраўнік. — Але, калі тут будзе будавацца жыллё і мецца работа, то знойдуцца ахвотныя застацца. Вось у Слаўгарадзе плануюць пабудаваць вялікі спартыўны комплекс з басейнам. Гэта плюс. Будзе дзе правесці вольны час з карысцю.

— А чаго не хапае Слаўгараду, каб моладзі было камфортна? — цікаўлюся я.

— Кавярня патрэбная, рэстаран. У Слаўгарадзе ёсць невялічкая кавярня, але гэта не тое. У нас у раёне распаўсюджаны адпачынак з выездам на прыроду. Таму і аграсядзіб дастаткова. Гэты кірунак актыўна развіваецца.

— І кінатэатр слаўгарадскі пажадана было б зрабіць больш сучасным, — дадае Людміла. — А то там нават рэпертуар стары. Я, напрыклад, люблю хадзіць у кіно, але тут для мяне няма нічога цікавага. І для дзяцей нічога прыстойнага няма. Добра было б і для моладзі стварыць сучасныя ўмовы для адпачынку. Каб яны не цягнуліся кудысьці, а ўсё атрымлівалі тут, на месцы.

«Цвяроза ацэньваю свае магчымасці»

Стаць годным кіраўніком — такая запаветная мара ў дырэктара калгаса. Ён глядзіць на мяне і тлумачыць:

— Лічу, што вопыту і ведаў пакуль не хапае, трэба вучыцца. Наведваў шмат розных раёнаў, арганізацый, бачыў, як працуюць іншыя, і цвяроза ацэньваю свае магчымасці. Трэба спачатку рэалізаваць задуманыя планы, зрабіць фермы больш сучаснымі. Цяпер ёсць новыя пасяўныя агрэгаты, якія дазваляюць некалькі аперацый рабіць адначасова. Гэта мінімізуе і сілы, і выдаткі, і тэхнічныя сродкі. Можам адразу і сеяць, і ўгнаенні ўносіць, і араць. Гэта тэхніка дарагая, але бяром на пробу і робім высновы. Калі вынік добры, тэхніка сябе хутка акупіць. Паколькі людзі не вельмі актыўна ідуць у сельскаю гаспадарку, такая тэхніка для нас — знаходка.

— А нейкія рацыяналізатарскія ідэі па спрашчэнні тых ці іншых задач былі?

— Былі ідэі, якія дазволілі дасягнуць вынікаў пры вырошчванні цялят. Перабудаваліся ў тым, што сталі прымяняць выпойванне пры нараджэнні цяляці ў першую гадзіну і індывідуальныя домікі. У сувязі з гэтым скарацілася вытворчае выбыццё і паказчыкі палепшыліся.

— Для кіраўніка сельскагаспадарчай арганізацыі маладосць — гэта недахоп або плюс?

— Хутчэй недахоп. Калі кіраўнік малады, то і каманда павінна быць маладой. Не заўсёды сыходзімся ў меркаваннях са старэйшымі спецыялістамі. Яны часцей за ўсё жывуць ранейшымі катэгорыямі і цяжка пагаджаюцца на новае. Мы, канешне, знаходзім кампраміс, але пераканаць бывае складана. Цікаўлюся вопытам суседзяў, праглядаю на YouTube, як яны працуюць. Мне бліжэй інфармацыя па фермерах, мы ж маленькая гаспадарка. У сваім родзе ўнікальная. Глядзім, што ў іншых, эксперыментуем і робім высновы, як працаваць далей. Наперадзе зіма, камбайны ўжо пастаўлены на захаванне, дэфектоўка праведзена, ведаем, што трэба прыкупіць, каб вясной быць цалкам гатовымі да бітвы за новы ўраджай.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Святланы РЫЖАНКОВАЙ і аўтара

Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.