Вы тут

Святлана Алексіевіч: «Мяне цікавіць гісторыя душы»


Букмекеры мяркуюць, а Шведская каралеўская акадэмія навук размяркоўвае, і часам яны становяцца аднадумцамі. Учора, 10 снежня, у Стакгольме беларуская пісьменніца, аўтар кніг «У вайны не жаночы твар», «Цынкавыя хлопчыкі», «Чарнобыльская малітва», «Час сэканд-хэнд», атрымала першую для беларускай літаратуры Нобелеўскую прэмію.

[caption id="attachment_114250" align="alignnone" width="600"]Шведскі кароль Карл Густаў ХVI  уручае Нобелеўскую прэмію Святлане Алексіевіч. Шведскі кароль Карл Густаў ХVI уручае Нобелеўскую прэмію Святлане Алексіевіч.[/caption]

...І стала побач з імёнамі Гюнтэра Граса, Габрыэля Гарсіа Маркеса, Томаса Мана, Эрнеста Хемінгуэя, Іосіфа Бродскага, Альбера Камю і іншых найвыбітнейшых аўтараў. Святлана Алексіевіч — чатырнаццатая жанчына-лаўрэат у гэтай галіне, а Нобелеўская прэмія па літаратуры ўручаецца з 1901 года. Ужо трэці год беларуская пісьменніца аказвалася сярод намінантаў на прэстыжную ўзнагароду (упершыню ў 2013 годзе, калі ў Швецыі выйшла кніга «Час сэканд-хэнд»). 8 кастрычніка гэтага года імя лаўрэата было агучана, як і ўласна фармуліроўка — за «шматгалосную творчасць — помнік пакутам і мужнасці ў наш час».

Кнігі пісьменніцы, сапраўды, гучаць сотнямі галасоў. Настаўнік Святланы Алексіевіч Алесь Адамовіч быў перакананы ў тым, што «пісаць пра трагедыі XX стагоддзя мовай мастацкай прозы — значыць абражаць людзей, бо катастрофы, войны, асабістыя трагедыі — не месца для высокай славеснасці». У нейкім сэнсе пераемніца гэтай ідэі Святлана Алексіевіч дакументуе рэальнасць, запісвае гісторыі, сустракаецца з тысячамі людзей. «Мой жанр стаіць на тым, што ў кожнага чалавека ёсць свае здагадкі, якія ён змог сфармуляваць раней за іншых. І калі гэта ўсё сабраць разам, атрымліваецца раман галасоў, раман часу. Адзін чалавек гэта зрабіць не можа», — сказала пісьменніца ў адным з інтэрв'ю.

Прызавы фонд Нобелеўскай прэміі па літаратуры роўны васьмі мільёнам шведскіх крон, а гэта больш за 950 тысяч долараў. Перад цырымоніяй уручэння 7 снежня пісьменніца прачытала лекцыю ў Шведскай акадэміі (што з'яўляецца абвязковай умовай Нобелеўскага камітэта), падчас якой сказала: «Я збіраю штодзённасць пачуццяў, думак, слоў. Збіраю жыццё свайго часу. Мяне цікавіць гісторыя душы. Побыт душы. Тое, што вялікая гісторыя звычайна прапускае, чым яна пагарджае. Я займаюся прапушчанай гісторыяй».

З беларускіх аўтараў на Нобелеўскую прэмію па літаратуры раней былі намінаваны Васіль Быкаў, які ў 1998 годзе саступіў партугальцу Жазэ Сарамага, у 2006 годзе за зборнік вершаў «Ксты» на ўзнагароду прэтэндаваў Рыгор Барадулін, двойчы — у 2009 і 2010 гадах — за свае казкі намінаваўся Георгій Марчук.

Сёлета канкурэнтамі Святланы Алексіевіч былі японскі пісьменнік Харукі Муракамі, кеніец Нгуці ва Тхіонга, лаўрэат Пулітцараўскай прэміі амерыканец Філіп Рот, нарвежскі празаік, адзін з самых запатрабаваных драматургаў у свеце, Юн Фосэ і іншыя творцы.

Святлана Алексіевіч нарадзілася ў 1948 годзе ва ўкраінскім горадзе Івана-Франкоўск, але пазней сям'я пераехала ў Беларусь, на радзіму бацькі, дзе будучая пісьменніца скончыла аддзяленне журналістыкі Белдзяржуніверсітэта, працавала настаўніцай і журналісткай. Першая кніга — «У вайны не жаночы твар» — была напісана ў 1983 годзе, праўда, выйшла яна крыху пазней, затое адразу ў некалькіх месцах: у маскоўскіх часопісах «Октябрь», «Роман-газета», выдавецтвах «Мастацкая літаратура», «Советский писатель».

Увогуле, кнігі пісьменніцы выдаваліся ў дзевятнаццаці краінах свету. Святлана Алексіевіч атрымала шэраг узнагарод — прэмію Рэмарка, Нацыянальную прэмію крытыкі ў ЗША, лейпцыгскую кніжную прэмію «За ўклад у еўрапейскае ўзаемаразуменне», расійскую незалежную прэмію «Трыумф», прэмію Курта Тухольскага «За мужнасць і годнасць у літаратуры» і іншыя.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.