Вы тут

Кіно як праваднік міфалагічнага кода нацыі


Глядзім чарговую карціну з Нацыянальнага конкурсу.

Фільм «Хранатоп», што складаецца з некалькіх частак, быў створаны аднайменнай арт-групай пад кіраўніцтвам Андрэя Кудзіненкі. Некалькі эпізодаў — некалькі аўтараў, некалькі поглядаў, некалькі вобразаў. 11 і 12 лістапада карціна будзе паказана на XXІІ Мінскім міжнародным кінафестывалі «Лістапад»; праект арт-групы «Хранатоп» стаў удзельнікам Нацыянальнага конкурсу побач з 34 іншымі поўнаметражнымі, кароткаметражнымі, ігравымі, дакументальнымі і анімацыйнымі работамі. Гэта адзін з тых фільмаў, што да конкурснага лістападаўскага паказу аказаўся адзначаным іншымі фестывалямі.

7-15

«Хранатоп» абмяркоўваўся яшчэ на стадыі свайго стварэння, ідэя зрабіць «твітар-серыял», як яго называў куратар праекта Андрэй Кудзіненка, падалася цікавай. Такім жа аказаўся вынік, пра які загаварылі яшчэ больш, калі стала вядома пра галоўны прыз праграмы «Амнібус» на расійскім кінафестывалі «Кінашок». Потым праект паказалі ў пазаконкурснай праграме кінафестывалю «Бульбамуві». Яго арганізатар Януш Гаўрылюк таксама датычны да стварэння «Хранатопа», як і беларускія творцы Аляксандр Дзепалеў, Мікалай Князеў, Раман Капанюк і іншыя.

У праект уваходзяць сем навел па 5-7 хвілін. Гэты фармат добра ўпісваецца ў сучаснасць, дзе інтэрнэт-прастора ўздзейнічае на мысленне грамадства і запаўняе сабой жыццё. Кароткія жанры, сціслыя выказванні, ролікі на Youtube, сэрвісы Twіtter і Іnstagram выхавалі нецярплівых «спажыўцоў», якія ўвесь час рвуцца да наступнага здольнага зачапіць слова, кадра, да шматзначнасці і кароткасці. Вядома ж, «Хранатоп» — не першы кінапраект, што складаецца з некалькіх навел. Можна ўзгадаць з апошніх альманахі «Парыж, я люблю цябе» (і падобныя) ці «Нью-Ёркскія гісторыі», «У кожнага сваё кіно», «На дзесяць хвілін старэйшы», «Чатыры пакоі», «Кава і цыгарэты» Джыма Джармуша альбо «Апавяданні» Міхаіла Сегала і «Дзікія гісторыі» Даміана Сіфрона.

Эпізоды «Хранатопа» не аб'яднаны агульнай стылістыкай (хаця б таму, што аўтары розныя), тым і цікавыя — прадстаўленнем некалькіх розных рэжысёрскіх фантазій з адным умоўным абагульненнем — гэтыя эпізоды датычныя сучаснай міфалогіі.

Складана раскрыць сутнасць гэтага паняцця: сучасная міфалогія хаваецца ў чалавечых падспудных памкненнях, відавочных праявах і, вядома ж, як і ўсё сучаснае, мае сваю глебу і сваю гісторыю. Беларусы, як заўважаюць некаторыя асабліва назіральныя людзі, у нечым засталіся язычнікамі. У гэтым спалучэнні язычніцтва і хрысціянства здольная выявіцца наша выключнасць, на гэтай аснове мусіць вызначыцца і этнічная асаблівасць нацыі. Па альманаху «Хранатоп» глядач не назаве глыбінных, традыцыйных, выхаваных стагоддзямі рыс беларускага характару, не зможа выкрыць яго дакладныя якасці, але заўважыць нейкі няўлоўны след, асцярожны пошук датычнасці да беларускасці, уласнае аўтарскае назіранне.

Тут можна ўбачыць міфічных істот — лясных німфаў, што кружаць галовы двум мужчынам; можна пачуць малітвы і размовы з Богам, спевы на провадзінах душы ў іншы свет, разгледзець магічны сэнс у малюнках аголенай жаночай натуры.

7-13

Асобныя каларытныя эпізоды хочацца пасмакаваць. З такога «Хранатоп» пачынаецца. Прадугледжваецца ўмоўны лятальны зыход, умоўны труп, умоўны былы мужчына Сідар. Дзве рэальныя жанчыны сядзяць у хаце каля «цела» і размаўляюць па-беларуску: «Ну што ты сядзіш, хоць паплач, хоць нябожчыку прыемна будзе» — «А хто ён мне? Чужы чалавек» — «Чужы не чужы, а пакрываў спраўна раз на тыдзень, калі я ў царкву хадзіла». Эпізод увогуле так па-прасцецку, па-вясковаму шчыры і бесцэнзурны. Такая манера нам — беларусам — знаёмая, нешта ў гэтай непрыкрытасці дакладна ёсць, мабыць, блізкае і ў той жа час дзіўнае да стрыманага смеху. Да дзвюх жанчын нечакана далучаецца яшчэ адна, а потым яшчэ адна — і вось яна, гендарная праблема. Адзін мужык быў на ўсю вёску (і на такіх пікантных жанчын) — і той памёр. Калі верыць ілюзіі. У гэтай навеле мне якраз бачыцца нешта язычніцкае, а можа, крыху і дэманічнае ў жаночай натуры. Чатыры жанчыны ў вёсцы — гэта ўвогуле агонь, «ім, дурным, трэба цяпер здружыцца».

Яшчэ адзін эпізод звязаны з памінаннем умоўнага персанажа, на гэты раз без імя. У статычным плане мы бачым карціну, падобную да «Тайнай вячэры» (можа, у гэтым разгадка яе сэнсу) — за вялікім сталом у цэнтры сядзіць жанчына, з абодвух бакоў мужчыны. Віно і празрысты алкаголь на стале. Наліваюць, кладуць на адзін кілішак кавалак хлеба. І зноў эпізод сумяшчае радасць і трагедыю, што можа здацца жыццесцвярджальным, але не ў гэтым выпадку. Танец жанчыны ў змрочным пакоі больш нагадвае рытуал; нецвярозая шалёнасць мужчын, што перанялі ў яе эстафету, нагадвае тое, у што звычайна пераўтвараюцца сустрэчы вялікай колькасці людзей (славян). Усе заснулі, апроч галоўнай гераіні, што гучна і надрыўна смяецца. Для яе вечар яшчэ не скончаны...

...Да невысокага абрыву пад'язджае машына. Адзін персанаж скідвае другога ўніз і, трымаючы ў руках пісталет (час ад часу прыстаўляючы яго да сябра), прыгаворвае нешта накшталт «я цябе з дзяцінства ведаю, а ты пацаноў кінуў». Вяршыць суд і караць вінаватага аказваецца не так лёгка, як гэта робіцца гангстарамі і мафіёзі ў замежных фільмах. Наш персанаж вагаецца, пакутуе і ніяк не можа адважыцца на крок, дзеля якога ён сюды прыехаў. Па законах крымінальнага свету трэба вырашаць усё хутка і бязлітасна, не пераключацца на эмоцыі, не праяўляць слабасці. Герой навелы не знаходзіць сіл на тое, каб трымацца негалосных законаў, і падае-садзіцца на зямлю, дастае бутэльку «Балантайнс» і прапануе свайму сябру апошняе жаданне. Той і выдае... І выжывае, таму што, акрамя бязлітаснасці, ён яшчэ і хітры.

Муж з жонкай сядзяць за сталом. На стале нож. На сцяне кілім, на якім напісана «Слава Союзу Советских Социалистических Республик». Глядзяць адно на аднаго. Муж бярэ нож і ідзе ў хлеў, адкуль чуецца парасячы віск. Справа зроблена, у жонкі з'явілася шмат працы, а муж... хоча павесіцца. Што і робіць. Традыцыйная ў нас форма адносін паміж свекрывёй і зяцем. «Мама» прыходзіць да дачкі, бачыць зяця на вяроўцы і прывабны кавалак мяса побач. Цягнецца па харч. Збіраецца ісці. Толькі акт павешання аказаўся фікцыяй (тлумачце, як хочаце) і зяць загаварыў...

Дзіўныя гэтыя сем эпізодаў. Тут радасць на трагедыі, дзе і трагедыя страчвае сваю эмацыйную моц, і радасць нейкая «абумоўленая», неабсалютная, магічная. Розныя тут аўтарскія падыходы, ёсць сіметрычная статычнасць і мітусня пры святле агню, гумар у стылі народных казак і невытлумачальная рашучасць з сыходам у містычнасць, няўмелыя малітвы за сябе і за роднага чалавека.

Трэба гэтыя сем эпізодаў паглядзець, каб знайсці сваё бачанне сучаснага фальклору.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.