Вы тут

Раскажы мне пра сябе мовай кіно...


Пра затуманенае ўсведамленне, адчайны пошук арыенціраў, язычніцкую радасць на глебе трагедыі, кантрасты сістэмы, сучасныя павевы, простыя рэчы... выяві нам вобраз свой. У кароткаметражцы «Беларусь якая» маладая настаўніца, што ўяўляе краіну шэрагам кніжных штампаў — васількамі і зубрамі, — едзе на аўтобусе праз Кастрычніцкую станцыю метро, вуліцу Леніна, плошчу Незалежнасці... Уцягвае назвы, засвойвае колеры і неадчэпныя словы з падручнікаў, карыстаецца прапанаванай сістэмай алюзій і асацыяцый... А слова павінна выйсці за межы навязаных уяўленняў. Фільм Улады Сяньковай і Святланы Сакалоўскай аказаўся побач з іншымі беларускімі карцінамі ў праграме Нацыянальнага конкурсу міжнароднага кінафестывалю «Лістапад». Пытанне кароткаметражкі дакладна карэлюецца з мэтай конкурсу, дарэчы, вельмі маладога: ён не проста прэзентуе здольнасці нашых кінематаграфістаў, але і стварае суцэльную сістэму адлюстравання таго, што нас сёння хвалюе. Мовай кіно.

[caption id="attachment_108250" align="alignnone" width="600"]Ка­рот­ка­мет­раж­ка «Ад­ной кры­ві»  рас­каз­вае пра двух бра­тоў з роз­ны­мі по­гля­да­мі Ка­рот­ка­мет­раж­ка «Ад­ной кры­ві» рас­каз­вае пра двух бра­тоў з роз­ны­мі по­гля­да­мі.[/caption]

Нацыянальны конкурс кінафестывалю «Лістапад», што пройдзе з 6 па 13 лістапада, адбудзецца ў другі раз. Здавалася б, пасля мінулага пілотнага года, які карыстаўся больш шырокім часавым полем адбору, насычанасць магла не стаць якасцю сёлетняга конкурсу. Але стала. Поўнаметражныя і кароткаметражныя ігравыя, дакументальныя і анімацыйныя карціны пакажуць нам нас. Некаторыя з праграмных фільмаў, а таксама рэжысёраў-удзельнікаў чытачам вядомы.

Напрыклад, ужо абмеркаваная меладрама «Салодкае развітанне Веры» Аляксандры Бутар, знятая на кінастудыі «Беларусьфільм», стала адным з чатырох ігравых поўнаметражных фільмаў, прадстаўленых у конкурсе, побач з карцінамі «Гараш» Андрэя Курэйчыка, «Фартуна» Івана Маслюкова і «Беларускі псіхапат» Мікіты Лаўрэцкага. Паказальна, што ў шэрагу поўнаметражных работ гэта адзіная карціна ад нацыянальнай кінастудыі, астатнія — прадстаўнікі незалежнага кіно. Трагікамедыя «Гараш» пра аўтаслесараў у мінскім раёне Шабаны, прэм'еру якой мы чакалі яшчэ ў верасні. Аўтар зняў яе за свае сродкі і пазіцыянуе як новую форму нацыянальнага беларускага кіно. Галоўную ролю ў карціне выканаў саліст гурта «Нейра Дзюбель» Аляксандр Кулінковіч.

Камедыйны складнік, толькі ў бок змрочнага, даволі своеасаблівага, сарказму, ёсць і ў карціне «Беларускі псіхапат». Апроч яе, у праграме конкурсу яшчэ два кароткаметражныя фільмы Мікіты Лаўрэцкага — «Амерыкан бой» і «Паэзія». На рэжысёра спадзяюцца як на стваральніка ўнікальнай кінамовы, прынамсі прапанаваныя фільмы ўнікальнасць пакінуць бясспрэчнай, а вартасць яе будзе ацэньваць сам глядач.

Нягледзячы на тое, што сярод поўнаметражных фільмаў дзве прэтэнзіі на гумарыстычнае кіно, агульны погляд на праграму пакідае флёр песімістычнасці. Ці лепш сказаць, сюжэты ідуць па шляху фатальнай апакаліпсічнасці, незваротнасці. Чалавек у гэтым і ахвяра, і каталізатар.

Герой карціны «Фартуна» Івана Маслюкова знаходзіцца на шляху пачатку канца. З прычыны слабасці, хісткіх каштоўнасцяў, немагчымасці адмовіцца ад лёгкіх эмоцый. Ён жа за гэта і церпіць, але, вядома ж, не толькі ён. Разбурэнне і самаразбурэнне. Вобраз маладога беларускага мужчыны (не кажу, што тыповы) параўнаецца ў фільме з больш рашучай і моцнай жанчынай. Магчыма, у яе няма выбару.

Некаторыя карціны прысвечаны традыцыйнай для беларускага кінематографа тэме Другой сусветнай вайны. Фільм «Сваякі» Ігара Васільева, зняты па Васілю Быкаву, выяўляе яшчэ адну прыемную якасць беларускага кіно — канцэнтрацыю на чалавеку, яго пачуццях, яго рэакцыях, унутранай барацьбе, на яго твары. Гэта вядомая і блізкая беларусу гуманістычнасць. Чалавек, якую б пасаду ні займаў, якую б ролю ні выконваў, якія б учынкі ні рабіў, заўсёды першасны ў параўнанні з сюжэтам. Ён стварае гісторыю, а не гісторыя стварае яго. Абодва сыны ўдавы, якая жыве ў невялікай вёсцы, хочуць сысці ў лес, каб стаць партызанамі. Каб гэтага не здарылася, жанчына замыкае іх у хаце і ідзе па дапамогу да сваяка. А той — паліцай...

Карціна «Марта ніколі не даведаецца» Андрэя Лескіна расказвае пра немца, якому патрэбна аперацыя і які вымушаны скарыстацца дапамогай доктара яўрэйскай нацыянальнасці. З агідай, абразай і нянавісцю.

[caption id="attachment_108251" align="alignnone" width="600"]Ка­ла­рыт­ныя воб­ра­зы і пры­го­жыя пла­ны ўлас­ці­вы  кар­ці­не «Под­ых ба­лот» Іга­ра Чы­шчэ­ні. Ка­ла­рыт­ныя воб­ра­зы і пры­го­жыя пла­ны ўлас­ці­вы кар­ці­не «Под­ых ба­лот» Іга­ра Чы­шчэ­ні.[/caption]

У конкурсе ўдзельнічае таксама праект «Хранатоп» арт-групы пад кіраўніцтвам Андрэя Кудзіненкі, узнагароджаны галоўным прызам у конкурсе кінаальманахаў «Амнібус» на «Кінашоку». Гэта састаўны фільм, часткі якога здымалі розныя рэжысёры. Насамрэч, ён адзін з нямногіх, што апелююць да няўлоўнага этнічнага (культурнага), беларускага.

Яшчэ адна адзначаная кінафестывалямі стужка — кароткаметражка «Адной крыві», дэбют маладога рэжысёра Мітрыя Сямёнава-Алейнікава. Карціна пра двух братоў з рознымі поглядамі на жыццё атрымала Гран-пры на міжнародным фестывалі фільмаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Lеt's Сее ў Вене, а таксама раздзяліла галоўны прыз — «Залатую бульбу» — на сёлетнім Варшаўскім кінафестывалі «Бульбамуві».

«Залатую бульбу» атрымала таксама дакументальная кароткаметражная стужка «Пасха Хрыстова» Дар'і Юркевіч, што таксама прысутнічае ў нацыянальным конкурсе «Лістапада». Фільм рэжысёркі «Баба, Ваня і каза» быў адзначаны на першым Нацыянальным конкурсе.

У праграме дакументальнага кіно прадстаўлена поўнаметражная карціна Андрэя Куцілы «Госці», пра якую «Звязда» ўжо пісала. Вядомы нам і рэжысёр Сяргей Каласоўскі, які прадстаўлены ў Нацыянальным конкурсе двума фільмамі — ігравым «Пугач» і дакументальным «Шэпты і крыкі Тані Б.».

Да агульначалавечых сямейных каштоўнасцяў звяртаецца Андрэй Кашперскі з фільмам «Кактус». Бацька прыязджае да свайго маленькага сына, каб пазнаёміцца і, магчыма, назвацца, прызнацца. І, нягледзячы на тое, што ў яго гэта не атрымліваецца, ён — сапраўдны — застаецца ў памяці сына назаўсёды.

Некаторыя карціны выяўляюць аўтарскі патрыятызм. Але гэта патэтычна гучыць, лепш сказаць: пяшчотную, шчырую любоў да сваёй зямлі. Мне яна бачыцца ў любаванні Ігара Чышчэні ў карціне «Подых балот». Любаванні пейзажамі, зямлёй і беларусамі. Гэта фільм пра меліярацыйныя работы, асушэнне балот, што асушае і «душу» зямлі.

Любоў, жаль і боль за беларускую зямлю адчуваюцца ў карціне «Дудар» Юрыя Цімафеева, герой якой спрабуе зрабіць традыцыйны музычны інструмент. Ці атрымаецца?

Асобны блок Нацыянальнага конкурсу стварае праграма анімацыйнага кіно, а тут нам, як звычайна, ёсць чым пахваліцца — тэмамі, вобразнасцю, прыгажосцю, што ўласцівы не толькі творцам кінастудыі «Беларусьфільм», але і незалежным аўтарам. Можна будзе ўбачыць карціны Ігара Волчыка, Алены Пяткевіч і Уладзіміра Пяткевіча, Таццяны Кубліцкай, Аляксандра Ленкіна, Ірыны Тарасавай, Яўгена Надтачэя. Цікавай згадкай пра час перабудовы стане карціна «ОБНЦБНЧА» Максіма Лушчыка, прыгожымі вобразамі акажуцца (сама)разбурэнне ідылічнага жыцця ў фільме «ЯНО» Генадзя Бута. У конкурсе будуць прадстаўлены і фільмы з ужо вядомых серый анімацыйных карцін — «Аповесць мінулых гадоў — 7», «Казкі старога піяніна. Глінка. Штраус», «РЫБКА З ІМЕНЕМ НЕЛЬГА — 6».

Дык што хвалюе нас? Самавызначэнне, самазахаванне, правільны выбар. Праграма беларускага кіно амаль не ўтрымлівае фільмы дзеля фільмаў. Усё ўпісваецца ў больш значны і шырокі кантэкст, пазначаецца меткай «беларускі», часам пацвярджае ці стварае агульныя рысы нашага кіно. Арганізатары конкурсу, перад якімі стаіць складаная шмат'ярусная задача прэзентаваць кіно, а праз кіно беларусаў, а праз беларусаў краіну, гэта адужалі. Нам застаецца толькі глядзець (цікавіцца па крытэрыях геаграфічнай і не толькі блізкасці), ацэньваць і спрачацца. Беларусь якая?

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.