Вы тут

Вялікія трагедыі маленькіх людзей


Фільм, у якім мы ўбачым сваё дзяцінства.

Факт шматграннасці кіно агучваўся намі ўжо не аднойчы і, напэўна, ужо засвоены. Шматграннасць не ў сэнсе тэм і жанраў, а гэтую думку і выказваць не варта, настолькі яна да грубасці простая, а ў сэнсе нейкага сацыяльна-рэчыўнага ўвасаблення. Тут можна загаварыць акадэмічнымі ўніверсітэцкімі штампамі і паглядзець на кіно з пункту гледжання яго функцый. Вось у нас аўтарскае актуальнае выказванне, вось разважанне і пастаноўка пытанняў, вось відовішча (забаўляльная функцыя), вось візуальнае стыльнае мастацтва (эстэтычная), вось сацыяльны праект. А нядаўна на адным з паказаў давялося пабачыць адрозны ад усяго гэтага беларускі кароткаметражны фільм «Пугач» Сяргея Каласоўскага, які, не аддаляючыся ад вышэйпералічанага, выступіў ва ўнікальнай і рэдкай якасці. Гэтая карціна стала для аўтара своеасаблівым рэверансам дзяцінству, спосабам перайначыць, змяніць, перайграць эпізод свайго мінулага. І атрымалася стужка, якая пэўным чынам закранула і іншыя нішы, каштоўныя не толькі для аўтара, але і для гледача.

30-17

У момант поўнага краху, абсалютнага падзення і праходжання ўсіх колаў пекла для хлопчыка, які не вытрымаў «катавання», здаўся і назваў пароль у гульні «Казакі-разбойнікі», а значыць, стаў «вафлёй, а вафля — чмыр, а чмыр — не пацан», яго сябар не звярнуў увагі на адчайны крык «ну, што вылупіўся, ідзі, валі адсюль!», не перакінуў ногі праз акно, а застаўся побач. Рука ў вялікай рукавіцы, якая пастаянна спаўзае, трымае чорную каробку з выратаванай флейтай. Пагрозамі зламаць яе «катавалі» яго сябра. Усё стала на месцы: сябар у бядзе не пакіне і не пагрэбуе званнем «чмыр» дзеля захавання цэласнасці гладкага, бліскучага інструмента свайго таварыша. І флейтыст не сыдзе дадому.

У фільме «Пугач», названым у гонар самаробнай дзіцячай цацкі, каманда з трох свавольных дамінантаў на чале з Быком цвеліць дваіх сяброў — Кітайца і Флейту — пачкам з замежнымі жуйкамі і дыктуе ўмовы гульні. Галоўнае тут — прыняць правілы і прытрымлівацца іх, каб не ўзнікла падстаў пачуць у свой адрас жарганізм «вафля» або «чмыр». Каб не ўпасці на дно. Хто ёсць хто ў «Казаках-разбойніках», распісана ў пакамечанай запісцы, якая ўдарыла Флейце ў галаву. І цяпер два сябры, як разбойнікі, павінны захапіць штаб Быка (напаўразвалены будынак) і пры гэтым не трапіць у рукі казакоў і не выдаць пароль.

Сітуацыя сур'ёзная. Супрацьстаянне дзвюх груп выходзіць за межы гульні і прымае выгляд дарослай барацьбы. На гэта настройвае і агульная атмасфера, і колер, і строгая рашучасць Быка, і сапраўдны выразны канфлікт. Суровая насычанасць стварае ўражанне, што антаганістамі тут выступаюць мафіёзныя групоўкі, а на коне стаяць тэрыторыі як сферы ўплыву. І хоць хлопец трасе ў руках усяго толькі пачак з жуйкамі, становіцца зразумела, што ў такім узросце гэта самы што ні на ёсць баявік і трылер. Усё па-даросламу. Як у памяці кожнага з нас — нашы вялікія маленькія праблемы і грандыёзныя сюжэты.

Кароткі метр — тое кіно, паўнавартаснасць якога ў беларускай кінапрасторы яшчэ даводзіцца адстойваць. Ствараць такія фільмы быццам прасцей, танней і хутчэй, але ў той жа час пятнаццаціхвілінны хронаметраж дыктуе свае ўмовы — рытму, мантажу, драматургіі. Ён абавязвае быць больш уважлівым да дробязяў, якія мацней нагружаюцца сэнсавай нагрузкай і становяцца яшчэ больш шматзначнымі. А нагрузіць эпізоды сэнсам настолькі, каб сказаць шмат у лаканічнай і гарманічнай карціне (а магчыма, і не выказаць усё, што хочацца), — галоўная складанасць работы над кароткаметражным кіно.

Сяргей Каласоўскі, які натхняецца «Летуценнікамі» Бернарда Берталучы, можна сказаць, на кароткаметражках спецыялізуецца (хутчэй за ўсё, да пары да часу). Спачатку быў фільм «Шлях у рай зачынены», потым дакументальная кароткаметражка «Група», потым ігравыя праекты «Пісьмо», што маці пакінула былому мужу перад смерцю, «Марачы аб Мексіцы» пра выпадковую сустрэчу дзяўчыны з хлопцам, «Пары» па матывах апавядання «Чалавек з поўдня» Рональда Даля, у якой мужчына прапануе хлопцу незвычайны заклад і ставіць на кон сваю машыну і палец маладога чалавека. І нарэшце «Пугач».

Са шматзначнымі эпізодамі рэжысёр справіўся на выдатна, усё гуляе ў пераклічку, адзываецца рэхам у глядацкім успрыманні, выказваецца то ў лоб, то намёкамі. У той жа час сцэны не цягнуць коўдру на сябе, а складваюцца ў роўнае, выдатна пабудаванае апавяданне. Некаторыя выразна кінематаграфічныя «штучкі» маюць своеасаблівае адценне рэжысёрскай гарэзлівасці. Мы бачым іх на фоне напружанага дарослага канфлікту і змрочнай атмасферы — хмарнае надвор'е, чыгунка, старыя забытыя пабудовы і эрзац пісталета (элементы фільмаў-нуар), птушкі і іх своечасовы жудасны крык. Таму розніца нівелюецца, і фільм атрымлівае незвычайную танальнасць. У добрым сэнсе.

Пугач як атрыбут не абмяжоўваецца названай функцыяй, акрамя іншага, гэта яшчэ неабвержны сімвал дзяцінства. У шэрагу іншых, якія нагадваюць гледачу былыя часы: жуйкі Turbо, мянушкі-жарганізмы, гульня «Казакі-разбойнікі», наручны гадзіннік Mоntаnа, тамагочы, незасвоеныя і такія прывабныя закінутыя руіны. Бліскучая флейта, што носіць з сабой хлопчык і што па азначэнні становіцца крыніцай чароўных гукаў, выбіваецца з агульнага фону і становіцца фатальным дзеючым прадметам. Праз яго нарэшце вызначыўся вынік канфлікту паміж дзвюма групамі (а канфлікт здаецца ўжо насамрэч не важным) і выяўляецца сапраўднае сяброўства.

Яно маячыла яшчэ ў пачатку кароткаметражкі. Тут варта было ўзяць на заметку эпізод, у якім Флейта дзеліць адзін-адзіны бутэрброд і аддае палову Кітайцу. Гэта той прыклад сэнсавай насычанасці, які вызначае тэму фільма (тое, што мы бачым, пра сяброўства і сяброў), дае ўмоўнае наканаванне і прадказвае танальнасць канцоўкі.

Сяргей Каласоўскі — майстар працы з канцоўкамі. То адкрытая і пакідаючая пытанні, то незвычайны паварот. А ў «Пугачы» апошняя сцэна ўвогуле вянчае ўсю карціну, яе варта назваць галоўным дасягненнем — дзякуючы сваёй лёгкасці, гуллівасці, нейкай жартаўлівасці яна здымае ўсю «дарослую» напружанасць і дзіцячую трагічнасць. І другі раз усё становіцца так, як мае быць. Дзеці застаюцца дзецьмі, а не мафіёзі, гуляюць яны з самаробнай цацкай, а не з пісталетам, Бык усяго толькі малалетні лайдак, а не дамінант. Навечна застаюцца толькі два паняцці — сяброўства і мастацтва, за якімі Кітаец і Флейта.

Так, кароткі метр атрымаў усе якасці поўнага, а Сяргей Каласоўскі ўдала перайграў эпізод свайго дзяцінства. Дакладна невядома, што здарылася ў рэчаіснасці. Толькі тое, што перайначыць мінулае ў фільме, вядома ж, не значыць змяніць сапраўднае мінулае, але тут дакладна высвятляецца, што мы пра яго памятаем і на ім вучымся.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.