Ёсць людзі вядучыя, а ёсць вядзёныя. Антон Мартыненка з ліку першых. Абаяльны, з пачуццём гумару і бязмернай любоўю да кніг. Такі сабе ахвотнік будаваць сваё жыццё, арыентуючыся на ўласныя жаданні. Аднак і парады іншых часам выкарыстоўвае. Неяк адзін з выкладчыкаў агучыў думку, быццам «інтэлігентны і выхаваны чалавек павінен ведаць сотню вершаў», і Антон вывучыў... Пры сустрэчы вядучы ток-шоу «Такі лёс», праектаў «ХОРоШОУ» і «У тым жа месцы ў той жа час» на тэлеканале СТБ , а таксама «Вячэрняга шоу» на радыё «Юністар» расказаў пра жыццёвыя кантрасты, ролю кніг у сваім жыцці і вынік пошукаў месца пад сонцам.
— Якім вы памятаеце сябе 20 гадоў таму?
— Гэта мне сем гадоў было... Памятаю, маці заўжды казала, што я быў вельмі непераборлівым. Ніколі не патрабаваў сабе нейкіх неверагодных падарункаў. У мяне была любімая цацка — канструктар «Лега», і калі нават на кожны дзень народзінаў мне куплялі новы, то большага шчасця для мяне і не існавала. Праўда, і такі падарунак быў зусім не танным. Наогул «Лега» і казкі Пушкіна — вось усё, што патрэбна для выхавання нармальнага дзіцяці. Я вам як філолаг кажу.
— А потым вы зацікавіліся радыё...
— Не, потым я адкрыў у сабе любоў да чытання. І кнігі сталі маімі спадарожнікамі па жыцці. Знайшоў дома неяк кнігу «Прыгоды барона Мюнхгаўзена» — яна была ў мяккай вокладцы, фармату часопіса і з карцінкамі. І той твор настолькі мяне ўразіў, што я перачытаў усе кнігі ў доме. З таго часу чытаю заўсёды, хаця не вельмі прыязна стаўлюся да кнігі ў якасці падарунка.
— Чаму?
— Не ведаю, праўда. Вельмі люблю кнігі. Нават на філалагічны пайшоў мэтанакіравана. А вось падораную кнігу ўспрымаю не заўсёды станоўча. Вельмі рэдка людзі дораць добрыя кнігі. Звычайна ў падарунак выбіраюць тыя, якія на кніжных паліцах займаюць месца бестселераў, а яны часта прывабныя толькі яркай вокладкай. Я рэдка бачыў удалы выбар. Лічу, што добрыя кнігі чалавек сам сабе набывае, бо для кожнага з нас такая кніга ў розны час свая.
— Для вас ёсць розніца — папяровая кніга ці электронная?
— Абсалютна спакойна чытаю на айпадзе і не замарочваюся наконт папяровага варыянту. Мне рыдар цудоўна замяняе ўсе кнігі. Куды больш камфортна адчуваю сябе, калі магу недзе знайсці спасылку ці рэкамендацыю цікавага твора, а потым за лічаныя секунды спампаваць яго і пачаць чытаць. Для такіх, як я, звар'яцелых бібліяфілаў, інтэрнэт — проста велізарны басейн для дэльфіна.
— Што любіце чытаць?
— Вельмі розную літаратуру. Напрыклад, Стывена Хокінга, якога не ўдаецца пакуль зразумець, але я не пакідаю спроб. Быў у мяне перыяд, калі ва ўніверсітэце вучыў на памяць «Яўгена Анегіна», і кніга за чатыры гады проста пачала развальвацца. Некаторыя выкладчыкі рабілі заўвагі: маўляў, нельга так ставіцца да кнігі. А я адказваў, што ўпэўнены, Пушкіну было б прыемна бачыць, як яго кнігу зачытваюць да дзірак і яна не пыліцца недзе на паліцы гадамі.
— Як жа апынуліся на радыё і тэлебачанні?
— Ёсць навокал працэнтаў 90 людзей, якія не ведаюць, чым займацца ў жыцці, і такая з'ява нармальная. Ідэальны спосаб праверыць, ці займаешся ты сваёй справай, — адказаць сабе на пытанне: «Ці змог бы я займацца гэтым бясплатна?» Я, можна сказаць, таксама быў чалавекам, які шукаў такі занятак для сябе. Неяк са стрыечнай сястрой завялі пра гэта размову. Я ёй сказаў, што было б цікава на радыё папрацаваць. Тады якраз я наведваў тэатральную студыю «На балконе», якая знаходзіцца побач з радыё «Юністар».
Нікога там асабіста не ведаючы, я быў прыхільнікам гэтай радыёстанцыі. Чуў пра Дзмітрыя Шэпелева, які там працаваў. Таму падумаў, калі і спрабаваць, то ісці трэба толькі туды. Спачатку патэлефанаваў на радыё, а потым прыйшоў і пачаў шукаць чалавека, які дыджэямі ў іх займаецца. Сустрэліся з ім, змадэлявалі мінімальны эфір у студыі. А пасля мы з Юляй (жонка Антона. — Аўт.) паехалі працаваць у піянерскі летнік. Адказу з радыё не было месяцы тры-чатыры, а потым мяне паклікалі, каб праслухаць яшчэ раз. І на той сустрэчы далі зразумець, што я, можа, і буду працаваць там, а можа, і не варта спадзявацца на гэта. Мяне такая рэакцыя здзівіла. Першы час у працы адчуваў пэўнае супрацьстаянне... Але былі і людзі, якім падабалася тое, што я раблю.
Праз нейкі час з'явілася ў маім жыцці тэлебачанне. На адну з праграм на тэлеканал «Мір» запрасілі ў якасці госця, а потым вядучая праграмы сыходзіла ў дэкрэт і парэкамендавала мяне. Запісалі мы там тры выпускі, і нечакана мяне паклікалі на СТБ. Быў кастынг на ток-шоу «Такі лёс». Адтуль патэлефанавалі праз пару месяцаў і запрасілі на відэапробы. Апынуўся перад камерай з Кацярынай Забянько, і пачалася мая гісторыя на СТБ.
— Адразу знайшлі агульную мову?
— Момант прыціркі быў, але не магу сказаць, што ён праяўляўся неяк ярка і галосна. Мы ніколі не сварыліся. Толькі часам абмяркоўвалі нейкія моманты працоўнага працэсу, бо здаралася несупадзенне пунктаў гледжання. Напрыклад, выпадкі, калі я атакую госця праграмы пытаннямі, і ён ужо амаль расказвае тое, чаго я дабіваюся, і тут Каця задае сваё пытанне, пасля якога мне ўжо складана зноў вывесці чалавека на тыя ж эмоцыі. У такіх сітуацыях я ўсё ж выказваю сваю пазіцыю незадаволенасці, бо сяброўства сяброўствам, а ў стварэнні прадукту я патрабавальны як да сябе, так і да іншых.
— А самі глядзіце тэлевізар?
— Я, мабыць, першы прыхільнік тэлебачання. Увесь час гляджу нейкія праграмы. Пачынаючы з «Бітвы экстрасэнсаў» і «Дома 2» і заканчваючы каналам Euronews. І перадачы, і фільмы. Не люблю толькі фантастыку. Прычым як на экране, так і ў літаратуры. Хоць добра разумею, фантастыка бывае розная. Але такі вось у мяне пункцік.
— Працаваць у дуэце вам падабаецца?
— У кожнай праграмы свой фармат. На радыё «Юністар» я спасціг навуку, што трэба заўсёды памятаць, з якой аўдыторыяй гаворыш. Таму я не стаў бы акцэнтаваць увагу на тым, працуеш ты ў пары ці сольна. Галоўнае — памятаць, для каго працуеш. З Кацярынай Забянько мы робім ток-шоу для пэўнай колькасці людзей, якія наогул не перасякаюцца са слухачамі радыё. Маючы магчымасць ахопліваць такую розную аўдыторыю, я адчуваю адказнасць перад ёй. Хоць не кажу, быццам гэта складана. Бо, напрыклад, адпрацаваўшы паўгода токарам на заводзе, ведаю смак па-сапраўднаму цяжкай працы. Усё наогул пазнаецца ў параўнанні. Мая праца цікавая, але мае свае спецыфічныя моманты, якія варта ўлічваць.
— Вы самакрытычны чалавек?
— Баюся, што такое вызначэнне не пра мяне. Ролю крытыкаў выконваюць мае блізкія. Апошнія тры-чатыры гады — жонка. Здараецца, яна крытыкуе вельмі жорстка, бо ведае: я часам не адчуваю берагоў і лепш адразу мяне вярнуць да рэальнасці, каб у наступны раз такога не паўтараў. Мне ж часта здаецца, быццам я раблю нешта класнае, а аказваецца — нярэдка памыляюся.
— Значыць, ваша пазіцыя па жыцці — няспынны пошук?
— Я сказаў бы, што гэта не пошук, а, хутчэй, інтарэс да ўсяго. Неяк ва ўніверсітэце на філасофіі нам прывялі прыклад з Сакрата, які казаў: «Я ведаю, што не ведаю нічога». І выкладчыца тады сказала: «Вашы веды — гэта маленькае кола. І яго памер павялічваецца толькі тады, калі вы даведваецеся нешта новае. Але, чым больш дазнаешся, тым большымі становяцца маштабы нязведанага».
Алена ДРАПКО.
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.