Вы тут

Фотамастакі сустракаюць вясну ў Магілёве жартамі, танцамі, усмешкамі


Вось такі сакавіты кактэйль пад назвай «Вясна прыйшла, вясне — усмешкі» прыгатавалі для сваіх прыхільнікаў знаходлівыя фотамайстры, аб’яднаныя сяброўствам, або непасрэдныя ўдзельнікі Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў і магілёўскага народнага фотаклуба «Вясёлка». І нават вясна, якая асцярожна зазірнула да нас у свой каляндарны дзень, затрымалася замілаваная. Можна спадзявацца, што выстава ёй спадабалася. Адкрыццё вясновага праекта адбылося ў Магілёўскай выставачнай зале на вуліцы Болдзіна пад музыку, спевы, чароўныя жаночыя ўсмешкі, камплементы. 


— Мы ўпершыню ўзяліся за такі праект, — прызнаецца ідэйны натхняльнік, прыгажуня і рухавік розных фотапраектаў, член Беларускага саюза журналістаў, Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў і НФК «Вясёлка» Ірына Савосіна. — Выставу прысвяцілі прыходу вясны, яе закліканню і вядома ж Міжнароднаму жаночаму дню 8 сакавіка. Сакавік у нашых продкаў быў вельмі цікавы месяц. 1 сакавіка яны сустракалі Новы год, потым ішоў дзень Герасіма Грачэўніка, калі пяклі печыва ў выглядзе птушак і заклікалі пернатых, а 30 сакавіка прысвячалі багіні Ладзе, якую Міхайла Ламаносаў параўноўваў з Венерай. У гэты дзень вясёлы народ заклікаў усіх кабеніцца — танцаваць як птушкі, якія быццам бы вярнуліся з цёплых краін. Маўляў, прыходзь, Вясна, мы гатовыя цябе сустрэць. Усе гэтыя гульні былі прасякнуты добрым, шчырым гумарам. І мы паспрабавалі сваім праектам яго перадаць. Падышлі да тэмы з жартам: з налётам Вясны, птушкамі, ежай і... жанчынамі! Бо 8 Сакавіка ніхто не адмяняў. Гэта законны жаночы дзень, калі ўсё вакол радуецца і пяе гімн жаночаму пачатку. 

Праект «Вясна прыйшла, вясне — усмешкі» аб’яднаў 15 аўтараў з 5 гарадоў. 80 розных здымкаў і як мінімум 80 усмешак. Бо ўсе без выключэння здымкі гаворачыя, з цікавымі сюжэтамі і не менш арыгінальнымі назвамі.

Як вам, напрыклад, такі варыянт — «Дзе летуюць снегавікі». Так-так, летуюць. Вытворнае ад слова лета. Цікавы мінскі фотамайстар Аляксандр Чанцоў, шпацыруючы па вуліцы, падглядзеў, дзе знаходзіцца гэта месца. І нам даў магчымасць палюбавацца. Нельга стрымаць усмешку, разглядаючы яшчэ адну яго работу. Тры мужчыны шпацыруюць па вуліцы з калёсамі, адзін з іх стаў у аглоблі. Што за дзівакі? Аўтар тлумачыць назвай: «Жанчыны коней прыпыняюць, а мужыкоў запрагаюць». Прыглядаюся, сапраўды—на заднім плане тры жанчыны. Ай да аўтар, ай да малайчына, усё дакладна падмеціў!
Ірына Гладкіх наогул сабрала цэлую калекцыю незвычайных сюжэтаў. Тут і яе жоўтая пятніца з мноствам яркіх як вясенняя мімоза пластмасавых вядзёр, выстаўленых у краме, і абед па-графскі з абшарпаным лядашчым будынкам сталовай у Графскім завулку, і нават гіганцкі шашлык — шыльда на фоне з дыхаючымі дымам градзірнямі прамысловай зоны. Нічога, дарэчы, не выдумвала. Толькі тонкім вокам заўважыла і зафіксавала ўбачанае. 

Вольга Мамаджанава — заўзятая вандроўніца, шмат цікавых работ прывозіць са сваіх паездак. Ёсць у яе калекцыі і фота з гумарам. Як, напрыклад, сюжэт з месца прывалу у гарах. Воблака пару ад гейзера паслухмяна адхіляецца ў бок ад жанчыны, якая паказвае кукіш. Турыстка дэманструе, што народная мудрасць «Куды кукіш – туды дым» распаўсюджваецца і на прыродныя з’явы.

Немагчыма прайсці міма работ класіка беларускага фатаграфіі Віктара Бутры. Калегі з павагай называюць яго псіхолагам у фота. Ёсць у яго здольнасць ухапіць тое, што іншы нават не заўважыць. Вось і на гэты раз як толькі убачыла яго фота з назвай «Шэф ногі прамачыў», усмешка адразу ж пачала казытаць вусны. Працоўная, нават стэрыльная, абстаноўка, на стале мікраскоп, а на батарэі пад вакном раскапусціліся — у літаральным сэнсе слова — мужчынскія боты. Як той казаў, без каментарыяў.

Тонкім гумарам і усмешкай прасякнутыя работы Анатоля Талкачова, Ірыны Савосінай, Аляксандра Грэбнева, Валерыя Маскалёва, Ірыны Калдаевай, Аляксандра Зозулі, іншых аўтараў. Трэба толькі зазірнуць на выставу і пераканацца.

Настрой абавязкова падымуць вясёлыя шаржы класіка акварэлі мастака Фёдара Кісялёва і таленавітага журналіста, карыкатурыста, чалавека з тонкім гумарам і вялікім унутраным светам Яўгена Булавы. Гэта ён, дарэчы, падказаў назву выставе. І прапанаваў для яе падборку сваіх малюнкаў з рознага перыяду творчасці. Пра дэталі работ расказваць не стаў, параіў: «Прыдумай што-небудзь сама — з усмешкай». Сціпла прызнаўся, што яму ў жыцці вельмі шчасціць на розныя супадзенні. Некалькі гадоў таму, калі ў Бабруйску праходзіў рэспубліканскі тэатральны фестываль нацыянальнай драматургіі, ён са сваёй п’есай трапіў у шорт-ліст разам з класікам беларускай літаратуры Кандратам Крапівой. На гэты раз у афішы суседнічаюць прозвішчы яго і вядомага беларускага мастака Фёдара Кісялёва. «Часам жартую, што сярод мастакоў я — пісьменнік, а сярод пісьменнікаў —мастак», — смяецца суразмоўнік.

Што датычыцца Фёдара Кісялёва, які, на жаль, заўчасна пайшоў з жыцця, яго шаржы захаваў у сваёй калекцыі і перадаў для выстаўкі Анатоль Дзевятчанка.

Як заўсёды, глыбокі філасофскі сэнс прысутнічае ў скульптурах беларускіх мастакоў Андрэя Вараб’ёва, Уладзіміра Пахаўцава, Карнея Аляксеева. А калекцыя паштовак Ірыны Савосінай пераносіць амаль на стагоддзе назад — у 1947-1950 гады. Гэтыя маленькія маляўнічыя адкрытыя лісты давалі магчымасць адрасату перадаць свае эмоцыі блізкаму чалавеку і цікавай карцінкай стварыць настрой. Добрая традыцыя, якую не перашкодзіла б працягнуць.

Агульнастатыстычны настрой па краіне адразу б павысіўся. Бо усмешка — рэч заразлівая.

— Вясна — гэта пачатак абнаўлення, для нас, фатографаў, — пачатак новага года творчасці, надзея на новыя цікавыя здымкі, — натхнёна кажа Ірына Савосіна. — Нешта нябачнае на генетычным узроўні, перадаецца нам ад старадаўніх славян і прымушае рухацца наперад. Хочацца новых сюжэтаў, уражанняў, знаходак. Вясна прыйшла і на твары абавязкова павінна ззяць усмешка.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.