Вы тут

Нязнойдзенае заўтра. Гісторыя з ліхіх 90-х, якую варта ўспомніць у 2020-х


З новага года — новы камп’ютар на стале, новы тэлефон побач... Старая тэхніка ўжо «стамілася», завісала або ўвогуле адмаўлялася працаваць. З-за гэтага амаль з усіх сацыяльных сетак я проста выпала (калі шчыра, то і не асабліва ад гэтага пакутавала). Але ж цяпер новыя гаджэты вельмі хутка і актыўна вяртаюць да віртуальнага жыцця, падаючы гукавыя сігналы, выкідваючы «сцяжкі» з апавяшчэннямі... Вось і сёння з самай раніцы прыйшло паведамленне: «Ваш сябар дабавіў новую гісторыю». Каму ж там не спіцца ў восем гадзін? Ну, канешне, Ілона. Што гэтым разам прыдумала? О, Сенеку цытуе: «Бязглузда будаваць планы на жыццё, не будучы гаспадаром нават заўтрашняга дня...» Як гэта ў яе выпадку дарэчы. І як недарэчна...


Я ведаю яе даўно — з першага дня ва ўніверсітэцкім інтэрнаце, калі яна зазірнула ў наш вялікі «першакурсны» пакой, дзе мы, крыху спалоханыя дамашнія дзяўчынкі, сядзелі на панцырных ложках, падціснуўшы ногі, бо па падлозе цэлымі статкамі бегалі адкормленыя і нахабныя прусакі. Ілона, якая была ўжо на пятым курсе, аператыўна ўзяла над намі апеку. Швабрай, змочанай у хлорным растворы, паганяла насякомых, расказала цудадзейны рэцэпт атруты для іх на аснове яечнага жаўтка і борнай кіслаты. Села на падаконнік, зацягнулася цыгарэтай, пасвяціла нас у тонкасці інтэрнацкага жыцця і выжывання («Вашы хатнія халацікі вы вельмі хутка зменіце на спартыўныя касцюмы».) Мы не тое што пасябравалі, але сталі добрымі прыяцелямі, яна сама цягнулася да нас, маладзейшых, штосьці падказвала, раіла, дзесьці спрабавала нават вучыць жыццю. Хаця праз некаторы час стала зразумела, што ёй самой яшчэ вучыцца і вучыцца: Ілона была асобай надзвычай летуценнай і легкадумнай, часам нават спрабавала сябе ў ролі гэткай фам фаталь, што ў суровыя прагматычныя 90-я было хутчэй заганай і шанцы ўладкавацца ў жыцці зусім не павышала, хутчэй наадварот. Яна бесклапотна пералятала ад аднаго кавалера да другога, рамантызуючы кожнага, бачыла ў кожным «крыніцу натхнення». Плёну ад таго натхнення было няшмат: з кар’ерай атрымлівалася не вельмі, дый кавалеры надоўга не затрымліваліся. Зрэшты, яна асабліва і не перажывала: у яе кватэры, якую здымала недалёка ад Камароўкі, заўсёды было поўна гасцей. Мы самі часам заходзілі туды пасля работы, а пасля паміж сабой разважалі: добра было б Ілоне выйсці замуж, яна была б выдатнай гаспадыняй і мамай. Ды і ўзрост ужо дай божа — хутка «трыццатка» (калі табе самому дваццаць тры, гэта ўжо нешта за гранню даросласці).

І нарэшце яна сустрэла свой лёс — у самым поўным сэнсе гэтага слова. З Эдзікам яна пазнаёмілася на адной са сваіх «вечарынак» — прывёў хтосьці з агульных знаёмых. Эдзік быў з так званай «залатой моладзі» — бацька займаў высокую пасаду ў абласным маштабе. Ён нядаўна развёўся, з лёгкасцю закруціў новы раман. А Ілона — закахалася, магчыма, першы раз у жыцці, гэта было так незвычайна назіраць, з якой адданасцю і павагай яна глядзела на прадмет свайго захаплення. Яна гатова была ісці за ім на край свету і даказвала гэта на справе. Мінскую кватэру прамяняла на невялікую двухпакаёўку ў пасёлку за кальцавой. Адмовілася ад вобраза «свецкай ільвіцы», нарадзіла дачку, навучылася гатаваць і чакаць мужа дома... Муж дамоў прыходзіў позна, а грошай прыносіў усё менш, хоць тата ўладкаваў працаваць у добрае месца. Чаму так — яна зразумела, калі ён заявіў: маўляў, табе з малой тут заставацца нельга, знойдуць — заб’юць. Ён быў ігрок. І прайграў у казіно вельмі шмат, залез у даўгі і павінен быў нейкім крымінальным аўтарытэтам, якія, каб націснуць, вельмі лёгка маглі ўзяцца за сям’ю. Яна паслухмяна сабралася і паехала да сваякоў на далёкі хутар у глыбінцы. Перад ад’ездам пазваніла, развіталася ненадоўга, «пакуль Эдзік праблемы вырашыць»…

А праблемы ў Эдзіка не вырашаліся: грошай, ведаючы яго слабасць, ніхто не пазычаў, «браткі» літаральна віселі на шыі. Але ён знайшоў паратунак. Праўдамі ці няпраўдамі набыў сабе пацвярджэнне, што ён «ахвяра рэжыму». (Калі хто думае, што гэты фокус новы — вы памыляецеся. Напрыканцы 90-х у дакумента ад «праваабаронцаў», які пацвярджаў, што ты ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу і за гэта табе пагражае ледзь не гільяціна, быў нават свой кошт — 500 долараў. Плаці — і едзь у Еўропу, прасі статус палітбежанца.) Карацей, яны паехалі. Ён — як «ахвяра», яна з дачкой — прычэпам, як «сям’я ахвяры».

Трапілі ў лагер бежанцаў у Швейцарыі — у прамым сэнсе слова ў рэзервацыю, у гэтай краіне вельмі строгае міграцыйнае заканадаўства. Жылі на дапамогу ад дзяржавы, перамяшчацца маглі толькі ў пэўныя месцы. З мовай былі праблемы. Нарадзілася яшчэ адна дачка — а тым, што цяжарная, Ілона даведалася перад самым ад’ездам з Беларусі. Каб атрымліваць дапамогу, трэба было падтрымліваць статус «праціўнікаў рэжыму», таму хоць-нехаць далучыліся да суполкі «палітэмігрантаў», удзельнічалі ў нейкіх імпрэзах. Падчас адной такой Эдзік загінуў — задумка ў сакавіку павесіць на адной з вяршыняў у Альпах сцяг не ўдалася, ён сарваўся са слізкай гары.

Яна засталася адна з дзецьмі, у чужой краіне, без мовы, без падтрымкі. Жыла ці выжывала — каму яна цяпер пра тое раскажа? Цяпер ёй ужо за пяцьдзясят. Дзеці выраслі, у іх сваё жыццё. А яна сядзіць у сацыяльных сетках, ставіць «лайкі» заснежаным беларускім краявідам і цытуе Сенеку пра тое, што не варта будаваць ніякіх планаў, бо ты нават уласнае заўтра не трымаеш у руках.

Вы хочаце маралі з гэтай гісторыі? Што ж, калі ласка, яна ёсць у мяне. Наша заўтра — не ў сэнсе адзін дзень, а будучае жыццё — залежыць не ад нейкіх абставін ці акалічнасцяў, не ад учынкаў іншых людзей, а ад нашых уласных учынкаў, ад нашага ўласнага выбару сёння. Нічога новага? Так, на ўсякі выпадак нагадала, раптам хто забыўся…

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: remarklee.ru

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.