Вы тут

Аранжавы ўзровень. Галалёдзіца як нагода пагаварыць пра выхаванне


На чацвер сіноптыкі папярэдзілі пра аранжавы ўзровень небяспекі з-за слізготы. Была яна ўжо і ў сераду ўвечары, як толькі пачало падмарожваць. На пачышчаных тратуарах яшчэ нічога — яны былі ўжо практычна сухія, толькі дзе-нідзе блішчэлі плямы тонкага лёду. А вось калі збочыла з вуліцы ў двары, каб скараціць шлях, — ледзьве ногі не паламала. Ішла ў падсвечанай ліхтарамі цемры па яшчэ не пасыпаных ледзяных грудах, падварочвала абцасы, старалася не адрываць падэшвы ад слізкай паверхні. Сама сябе супакойвала: нічога, гэта яшчэ не страшна. Успомні лепш, як Зорку паіла…


Фота: БелТА

Галалёдзіца зімой як з’ява стала ў вёсцы рэальнасцю ў канцы 80-х — пачатку 90-х мінулага стагоддзя. Да гэтага, канешне, былі наслізганыя палазамі саняў месцы на дарозе, дзе можна было добра-такі грымнуцца. Але каб так — калі снег, які выпаў і меўся ляжаць да вясны, падтаўшы ад нечаканага пацяплення, а пасля яшчэ і паліты студзеньскім дажджом, ператварыўся ў суцэльны каток... Такога не памяталі нават нашы бабулі, дзівіліся, паўшэптам прадракалі хуткі канец свету. Пра глабальнае пацяпленне тады яшчэ шмат не казалі, затое ва ўсіх на слыху была нядаўняя аварыя ў Чарнобылі і перабудова... Нечаканае пацяпленне і абледзянелае наваколле ўспрымалася тады як лагічны працяг катастрофы, у цэнтры якой нам собіла апынуцца.
Зрэшты, жыццё працягвалася. Па палітай вадой абледзянелай дарозе неяк штодня дабіраліся да школы ў суседнюю вёску (а ў нас жа самая высокая кропка краіны побач, так што дарога тая была — з узгорка на ўзгорак). У час суцэльнага дэфіцыту з’явіўся яшчэ адзін тавар, якога было не дастаць у вясковай аптэцы, — звычайны белы лейкапластыр. Яго клеілі на падэшвы абутку, і шурпаватая паверхня хоць на нейкі час падстрахоўвала ад падзення, не давала нагам раз’язджацца. Дапамагала не вельмі: падалі на мокры лёд, падымаліся, ішлі далей, чухаючы пабітыя месцы... Але сапраўдны трэш, кажучы на мове моладзі сённяшняй, пачынаўся дома. На нашай «кулацкай» даваеннай сядзібе хлеў стаіць насупраць хаты на другім баку вуліцы, ды яшчэ і на ўзгорку. І вось туды па гэтым суцэльным галалёдзе трэба было цягнуць поўныя вёдры: свінням з ежай, карове — з вадой. Калодзежа каля хаты не было, даводзілася ісці да суседзяў... Зорка наша была рагуля вялікая, як гара, і выпівала чатыры вядры сама меней. Карацей, адно з самых яркіх уражанняў юнацтва — атракцыён «Напаіць Зорку»: прайсці з поўнымі вёдрамі вады па абледзянелай паверхні і не паваліцца.

Скажы каму цяпер, што гэта рабіла худое шаснаццацігадовае дзяўчо... Прычым без ніякага форс-мажору, без ніякай вымушанай неабходнасці. Гэта было — нармальна. Як нармальна было і тое, што пасля другога класа бабуля дала ў рукі граблі і паказала, як правільна іх трымаць. А мама паказала другакласніцы, як уключаць газавую пліту, навучыла, як парэзаць на патэльню скварку і ўзбіць пасля яйка. Як нармальна было, што пасля чацвёртага класа мяне навучылі даіць карову. Як нармальна было, што дзялку сена мы фактычна высушвалі ўдзвюх са стрыечнай сястрой-равесніцай, якая прыязджала з горада, і было нам тады па трынаццаць-чатырнаццаць гадоў. Як нармальна было, выйшаўшы з пачатковай школы, дапамагаць старэйшым палоць буракі і рваць лён. Прычым, заўважу, вясковыя і гарадскія дзеці (прынамсі тыя, што прыязджалі на канікулы ў вёску — а такіх было большасць) у гэтым плане зусім не адрозніваліся — працавалі ўсе.

У дзясятым класе я ўвогуле забрала ў мамы вячэрнія клопаты па гаспадарцы, яна нават не заходзіла ў хлеў. І, несучы вёдры вады па слізкай вуліцы, я не ўспрымала гэта як нейкую павіннасць, хутчэй як прыгоду. І нават у галаву не прыходзіла думка накшталт: чаму я павінна гэта рабіць?.. І гэта не перашкаджала мне выдатна вучыцца, удзельнічаць і перамагаць у рэспубліканскіх алімпіядах, пісаць вершы, рыхтавацца да паступлення ва ўніверсітэт.
Тут яшчэ, напэўна, трэба напісаць (бо, можа, хто сумняваецца), што ў нас было сапраўды шчаслівае дзяцінства і юнацтва. У нашым жыцці былі шчаняты-кацяняты (а яшчэ і мокрыя, толькі з яйка, кураняты, якіх сушылі пад настольнай лямпай, і чысценькія блакітнавокія парасяты, якіх выпойвалі з соскі на печы). Мы паспявалі збегаць тры разы на дзень пакупацца ў возеры, схадзіць у грыбы, пагуляць у «выбівалы», паглядзець «Госцю з будучыні» па чорна-белым тэлевізары, пачытаць «У краіне райскай птушкі» ці «Трох мушкецёраў», выбрацца ў экспедыцыю на былую панскую сядзібу. У старэйшых класах не прапускалі ніводнай дыскатэкі ў саўгасным Доме культуры (восем кіламетраў туды, восем назад — хіба гэта адлегласць?) І ніхто ніколі не скардзіўся, што старэйшыя прымушаюць дапамагаць па гаспадарцы — гэта дапамога была арганічнай часткай жыцця, сведчаннем тваёй далучанасці да сям’і... Гэта, можна сказаць, адна з нашых нацыянальных спрадвечных традыцый. Аб неабходнасці захавання якіх як галоўных каштоўнасцяў сёння гаворым часта і шмат, бо яны сёння дзесьці тоесныя захаванню незалежнасці.

Дык вось з захаваннем гэтай традыцыі ў нас, здаецца, праблемы. У нас расце пакаленне лайдакоў. Не, яны нармальныя дзеці, старанныя, добра вучацца, разбіраюцца ў камп’ютары, тэлефоны ў іх увогуле як працяг рук. А вось што датычыцца фізічнай працы — нават не даволі цяжкай вясковай, а проста побытавых, гаспадарчых рэчаў... Не ад адных знаёмых чула: мала таго, што нашчадка на дачу на вяроўцы не зацягнеш, дык яшчэ і, вярнуўшыся з дачы, даводзіцца за нашчадкам прыбіраць і посуд мыць. І тут жа знаходзім нашчадку апраўданне: ён жа (яна ж) вучыцца, дый адпачываць дзіцяці трэба.
Можа, нічога ў гэтым страшнага няма — іншы час, іншыя норавы. А вось здарыцца ў жыцці гэтага дзіцяці аранжавы ўзровень, калі нас не будзе побач. І што яму тады дапаможа ўтрымацца на нагах і не ўпасці?..

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.