Вы тут

Дурасць, памножаная на сквапнасць, або Прайдзісветы мяняюць тактыку


Даруйце, але зноў пра махляроў. Чарговую гісторыю з папулярнай серыі «Як нас дураць» пачула сёння з тэлеэкрана, а пасля яшчэ і пачытала ў кампетэнтных крыніцах, каб упэўніцца, што ўсё зразумела правільна. Яна, гісторыя, нібыта і тыповая, але з «разыначкай», за якую, уласна, і зачапілася.


Фота pexels.com

Схема ад пачатку звычайная. Яна, беларуска постбальзакаўскага ўзросту, адзінокая, вандруе па сайтах знаёмстваў, спадзеючыся знайсці там калі не прынца, дык кагосьці прыстойнага. 

Ён, не «прынц» (хоць здараюцца і такія неспадзяванкі), а ўсяго толькі «ваенаслужачы арміі Вялікабрытаніі», які «ваюе ў Сірыі», шчасліва трапляецца на яе віртуальным шляху. Завязваецца перапіска, яна расказвае яму аб сваёй адзіноце, ён — аб сваіх «подзвігах на полі бою». Ёй ужо не так сумна жыць, яна, як тая гераіня Вішнеўскага, кожны дзень з нецярпеннем чакае, калі ж піскне паведамленне аб новым пісьме ад яе «героя». Яна ўжо, лічыце, закахалася — ён жа дасылае і фота, і відэа: вось ён у поўнай экіпіроўцы сярод баявых таварышаў, вось ратуе параненага саслужыўца, за што атрымлівае чарговую ўзнагароду. Узнагарод у яго ўжо як сабак — няма дзе захоўваць у баявых умовах. І ён просіць у яе дазволу прыслаць свае ордэны з медалямі і дакументы на іх ёй, у Беларусь, на захаванне. Што тут дзіўнага — ён жа, як толькі дэмабілізуецца, прымчыць да яе. Калі гэта будзе, пакуль невядома, але хай медалькі паляжаць у яе, надзейней будзе.

І што вы думаеце — гэта паважаная кабета (якой, на хвіліначку, сорак шэсць гадоў) дае яму свой дамашні адрас: «Дасылай». Праз нейкі час ёй пачынаюць прыходзіць паведамленні ад паштовай службы Латвіі: маўляў, пасылачка, вам адрасаваная, у нас, але ж мытная пошліна не аплачана. Пералічыце на гэты вось рахунак пэўную суму — і будзе вам шчасце. Што яна, уласна, і робіць, прычым некалькі разоў, бо «мытныя дакументы» ніяк не афармляюцца. У пэўны момант яна, напэўна, задумалася: а ці вартыя тыя медалькі гэткіх грошай? Можа, падумала і пра тое, што будзе, калі «герой» не вернецца — ён жа ўсё-ткі «на вайне». І нашто тады ёй усё гэта трэба? Але ашуканцы, нажыўку ад якіх яна ўжо надзейна заглынула, таксама не лыкам шытыя. Таму наступнае паведамленне ад іх «паштовай службы» павінна прымусіць ахвяру адкінуць усе сумненні. Ёй паведамляюць, што ў адным пакунку з той пасылкі ляжыць сто трыццаць тысяч незадэклараваных долараў. І яна іх атрымае, калі заплаціць яшчэ дадатковы збор.

Як вы думаеце, спрацавала? Безумоўна! Гісторыя замоўчвае, ці звязвалася яна на гэты конт са сваім «героем» («адкуль у пасылцы грошы, мілы?»). Ды і прычым тут ужо «мілы», які невядома яшчэ, з’явіцца калі ці не. Сто трыццаць тысяч халяўных долараў! І каб атрымаць іх, трэба заплаціць нейкі невялікі працэнт ад той сумы. Не, плаціць насамрэч трэба нямала — але ж сто трыццаць тысяч! Яна, не сумняваючыся, выграбае ўсе свае зберажэнні, улазіць у пазыкі да сваякоў і знаёмых. Якая праблема — атрымае тыя дармавыя тысячы, раздасць усе даўгі. 

А на астатнія — зажыве. І будзе ёй шчасце...

Які ў гэтай гісторыі фінал, я мяркую, вы ўжо здагадаліся. Засталося толькі агучыць суму, на якую «ўляцела» няспраўджаная жонка англійскага ваеннага і ўладальніца пакунка з пачкамі «зялёных». Трыццаць тры тысячы рублёў. Кошт добраўпарадкаванага лецішча з усімі выгодамі і ўчасткам у ваколіцах горада, дзе яна жыве...

У чым «разыначка», спытаеце. У тым, што махляры мяняюць тактыку. І расказаны выпадак — так бы мовіць, паказальны прыклад пераходу з адной «эпохі» ашуканства ў іншую. Раней большасць схем прайдзісветаў працавала на нашых самых добрых якасцях — любові, спагадзе, спачуванні. Так, гэта я пра «ахвяр ДТЗ», якіх «ратавалі» добрыя бабулі, аддаючы «пахавальныя» грошы, пра дзяцей з «апошняй стадыяй раку» і «знявечаных» коцікаў-сабачак, фоткамі якіх былі забітыя ў пэўны час усе сацыяльныя сеткі, якім ахвяравалі на там жа змешчаныя рахункі многія. Грошы ў кішэні махляроў цяклі ракой, але гэты струмень пакрысе пачаў танчэць. Па-першае, спрацавала вялікая інфармацыйная работа — пра падобныя схемы і іх ахвяр расказвалі літаральна з кожнага праса. Па-другое... ну не можам мы ўвесь час быць спагадліва-добрымі. Ды яшчэ за ўласны кошт. У рэшце рэшт эмоцыі адключаюцца і пакрысе пачынаюць уключацца мазгі.

Цяпер махляры на нашу спагаду і дабрыню ўжо не спадзяюцца. Яны робяць стаўку на нашы заганы, прычым найчасцей на адну з самых прымітыўных — на сквапнасць. Паглядзіце, колькі ў апошні час з’явілася ахвяр «выгадных інвестпраектаў». Знайшоўшы ў сеціве прапанову аб «выгадным укладанні грошай», людзі, забываючы пра ўсе асцярогі і папярэджанні, пералічваюць на нейкія рахункі ўсе свае шматгадовыя зберажэнні, улазяць у непад’ёмныя крэдыты. Дзеля чаго? Каб атрымаць вялікі прыбытак — абяцаныя лёгкія (чытай: халяўныя) грошы. Ім яшчэ, як галоднаму цюцьку костачку, кінуць на рахунак невялікія «дывідэнды» (маўляў, гэта толькі пачатак, а што будзе далей...) — і ўсякія тармазы зрываюцца зусім. Мозг, можа, і спрабуе ўключацца, але ж засцілаюць вочы сквапнасць, прага атрымаць грошы, шмат грошай, не зарабіць, а проста атрымаць!

І вось гэтых ахвяр, у адрозненне ад згаданых іншых, мне чамусьці не вельмі шкада. Беларусы ніколі багата не жылі, але ж самі ведалі і дзецям-унукам наказвалі: «Лёгкіх, а ўжо тым больш дармавых грошай не бывае». Адным з няпісаных правіл было: дасталіся яны табе дарма — падзяліся з тымі, хто бяднейшы, знайшоў на вуліцы — занясі ў храм ці ў прытулак, бо інакш не будзе табе ад гэтых дармавых ні шчасця, ні прыбытку...

Калі шчыра, вы б зрабілі так? Усё гэта старыя забабоны, і верыць у іх у ХХІ стагоддзі — сябе не паважаць? Што ж, тады сцеражыцеся, вы можаце быць наступным героем у выпуску крымінальнай хронікі.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.