Вы тут

Верыць і жыць. Невыпадковыя калядныя сустрэчы


Гэтыя навагоднія і калядныя дні заўсёды багатыя на нейкія цікавыя навіны, сустрэчы, знаёмствы. Заўсёды яны з нейкім патаемным, глыбокім падтэкстам, не выпадковыя. Нібы ў гэтыя дні сапраўды Неба становіцца бліжэй да цябе і гэткім чынам гаворыць табе тое, што мае сказаць.


Фота: pixabay.com

Вось, напрыклад, чаму так атрымалася, што на маршрутку з Баранавіч на 7 студзеня не ўдалося ўзяць білет? Хаця і спрабавала зрабіць гэта загадзя, і машыны на выхадныя ходзяць кожныя пятнаццаць хвілін... «Няма месцаў» — і ўсё тут. Значыць, камусьці гэта трэба, — разважыла па-філасофску і пачала заказваць білет на цягнік «Брэст — Масква». Месцаў яшчэ ў некалькіх вагонах хапала. Чаму выбрала менавіта тое дваццатае (прычым, калі спачатку заказала іншае, не прайшла анлайн-аплата, давялося афармляць заказ зноў)? Значыць, так трэба было. Каб праехаць тыя паўтары гадзіны менавіта ў гэтай кампаніі.

А кампанія была, скажу я вам, незвычайная. Астатнія тры месцы ў купэ займалі жанчына гадоў пяцідзесяці і яе немаладыя бацькі. Прычым, як стала вельмі хутка заўважна, бацька быў глуханямы, а маці — амаль сляпая. Такога ўзаемнага клопату, такой пяшчоты, такой цеплыні, якая зыходзіла ад гэтай сям’і, я не бачыла ўжо даўно. Бабуля кожныя дзве хвіліны старалася дакрануцца да мужа — да пляча, да рукі, часта пытала ў дачкі: «Танечка, Танечка, спытайся ў таты, можа яму трэба што?» І Танечка без ценю раздражнення жэстамі звярталася да бацькі, потым адказвала маці: «Не, мама, не трэба, усё добра. Тата кажа, каб ты не хвалявалася...» Яны з маці ціхенька гаварылі пра дамашнія справы (я так зразумела, ехалі яны ў Смаленск, а прыязджалі ў госці да другой дачкі, якая жыве ў Брэсце), маўклівы бацька сядзеў насупраць, глядзеў на іх з непрыхаванай любоўю і нават часам згодна ківаў, пэўна, чытаючы па вуснах. Ягоная жонка праз акуляры з тоўстымі шкельцамі гэтага не бачыла і зноў цягнулася навобмацак да яго рукі, зноў звярталася да Танечкі: «Спытай у таты, ці не трэба яму што...»

А назаўтра (пэўна, каб уражанні ад той паездкі не аслабелі) да мяне ў рэдакцыю прыйшла жанчына. Прыйшла па справе, з цікавай прапановай сумеснага праекта, але нечакана пачала расказваць пра сябе. Пра тое, як у 90-я гады мела паспяховы бізнес — займалася арганізацыяй выстаў. Пра тое, як гэта ёй было цікава і які прыносіла прыбытак. Пра тое, як усё абрынулася ў адзін момант, калі зусім раптоўна яна, маладая, маці дваіх малых дзяцей, трапіла ў рэанімацыю. Пра несуцяшальны дыягназ і вельмі складаную аперацыю, якая не давала гарантый. Пра тое, як спытала ва ўрача: скажыце шчыра, колькі засталося? І ўрач шчыра адказаў: «Паўтара года — самае большае». І яна зразумела, што гэта вельмі мала і вельмі шмат адначасова, яшчэ многае можна паспець. Першае, што яна паспяшалася зрабіць, — пазбавіцца ад бізнесу, які выбіваў яе з жыцця, не даваў праводзіць час з сям’ёй, не даваў заняцца сабой. Яна пайшла вучыцца на курсы дызайну і маркетынгу, што даўно ўжо хацела зрабіць. Проста вырашыла: калі не цяпер, то — калі?.. Пакуль хадзіла на тыя курсы, пакуль займалася з дзецьмі, якім старалася аддаць кожную хвіліну, — не заўважыла, як прайшлі тыя паўтара года. А калі заўважыла, калі атрымала адказ ад урачоў, што хвароба не вярнулася... Вы думаеце, яна зноў пайшла ў свой прыбытковы бізнес (хаця магчымасць была)? Не, яна пайшла працаваць у самую складаную, самую ў нейкім сэнсе няўдзячную і зусім не высокааплатную (асабліва ў той час) сферу сацыяльнага абслугоўвання. Працавала з інвалідамі, са старымі людзьмі, з хворымі дзеткамі. Рабіла і працягвае рабіць усё, каб жыццё гэтых людзей было хоць крыху напоўнена радасцю. Стварыла валанцёрскі праект па выкананні жаданняў людзей, у якіх тэрмінальная стадыя анкалогіі. Цяпер працуе са студэнтамі — кіруе валанцёрскім рухам. Сутыкнуўшыся ў сваёй дзейнасці з былымі малалетнімі вязнямі канцлагераў, уразілася, колькі ў гэтых старых ужо людзей каштоўных успамінаў, у некаторых захаваліся нават дзённікі, якія іх бацькі пісалі, вярнуўшыся з нямецкага палону. Загарэлася ідэяй гэтыя ўспаміны захаваць, каб тыя ж студэнты ведалі, каб расказваць школьнікам, каб не паўтарылася... У яе шмат сіл, імпэту, жадання, ведаў, як зрабіць. У яе, яна ў гэта верыць, абавязкова атрымаецца…

А ўвечары ў той жа дзень (напэўна, для замацавання матэрыялу) звоніць прыяцелька і расказвае пра адну нашу агульную знаёмую. «Ты ўяўляеш, Вера зусім здурнела! У яе цётка адзінокая памерла, хату ў вёсцы пакінула. Веры гэта хата сто гадоў не трэба, дача вялікая ёсць, у дзяцей таксама і кватэры, і дачы. Але ж прадаць можна было, зусім ад горада недалёка, у іх там добра дамы купляюць. А яна прытулак для жывёл там зладзіла. Цяпер з усяго наваколля да яе катоў ды сабак звозяць, нядаўна нават малое ласяня мясцовыя прынеслі. Возіцца з усімі, нейкія маладыя дзяўчаты ў горада прыязджаюць, дапамагаюць... Я яе нядаўна сустрэла, спыталася, як яна да такога дажылася. А яна ўсміхаецца, расказвае: дзеці з унукамі яе разумеюць, дапамагаюць нават. І што ніколі такой шчаслівай яна сябе не адчувала. Я ж кажу: зусім здурнела перад пенсіяй. І сямейка яе разам з ёй»…

Добра, што жывуць на зямлі такія людзі. Добра, што хоць зрэдку, хоць раз у год, Неба, якое, кажуць, у гэты чароўны час становіцца больш блізкім, знаёміць цябе з імі. Гаворачы такім чынам тое, што мае табе сказаць: трэба верыць, любіць. І — жыць.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.