Вы тут

Каб свята было сапраўды для ўсіх


У гэтыя святочныя дні вельмі прыемна і хораша назіраць, як арганізавана віншуюць са святамі дзяцей і старых. Тых, хто асабліва мае ў гэтым патрэбу, бо, як прынята цяпер пісаць, знаходзяцца ў складанай жыццёвай сітуацыі. На душы сапраўды становіцца цёпла і радасна, калі бачыш, як віншуюць дзяцей з дзіцячых дамоў і інтэрнатаў, адзінокіх пажылых людзей і тых, хто жыве ў дамах для састарэлых. Вось і ім кавалачак свята і ўвагі, бо па тых ці іншых прычынах у іх няма блізкіх людзей, і добра, што ініцыятыва, народжаная на самым высокім дзяржаўным узроўні, ужо набыла ўсе прыкметы традыцыі, якую ўсе выконваюць з ахвотай і непадробнай шчырасцю.


Фота pexels.com

Гледзячы на радасныя ўсмешкі і эмоцыі, я стараюся адагнаць думкі пра тых, для каго свята не такое, як павінна быць, і не магу. Гэтыя людзі не знаходзяцца ва ўразлівым становішчы, яны не адны на гэтым свеце, дзяржава выконвае перад імі ўсе сацыяльныя абавязкі ў поўнай меры... Але свята яны сустракаюць у адзіноце і са слязьмі на вачах. Я ведаю такіх людзей, упэўнена, ведаеце і вы, магчыма, яны вашы суседзі ці жывуць зусім побач...

Напрыклад, бабуля Ганна, якая застаецца на зіму адна ў вялікай хаце ў засыпанай снегам вёсцы. Не, яна не адзінокая, у яе сын, нявестка, вялікія ўжо ўнукі. Добра ўладкаваныя, не п’яніцы, не маргіналы. Яны нават плацяць яе суседу, каб пачысціў снег на яе падворку, калі раптам яны па нейкіх прычынах не змогуць прыехаць да яе на выхадныя (а гэтыя нейкія прычыны здараюцца даволі часта). Бабуля з’ездзіла неяк на зіму да іх у горад, але вярнулася ў настылую хату ўжо на пачатку сакавіка і катэгарычна заявіла: больш нікуды ні нагой. Не паразумелася з нявесткай. Тая кроку не давала ступіць па кватэры, у якой было поўна сучаснай тэхнікі: і пральная машынка, і робат-пыласос, і індукцыйная пліта на кухні. Бабуля, яшчэ даволі жвавая і цалкам пры памяці, хацела што-небудзь дапамагчы па дому, пакуль маладзейшыя на рабоце і на вучобе, але дзе там — ёй было катэгарычна заяўлена: «Не лезьце, бо ўсё сапсуяце!» Ёй нават сабачку не дазволілі выгульваць: «а раптам што здарыцца» (не з ёй, з сабачкам, канешне). «Так і праседзела, як воўк, адна ў сваім пакоі ўсю зіму, — расказвала пасля суседкам, што прыехалі ў вёску на лета. — Прыйдуць са школы ці з работы — бывае, і дзверы да мяне ў пакой не адчыняць, толькі хіба калі есці паклічуць...» Сёлета, ведаю, яна сустракала свае Каляды і Новы год адна — дзеці з унукамі паехалі на канікулы за мяжу. Чакала, як бога, што прыедуць хаця б на гэтыя выхадныя. Не прыедуць: у старэйшага ўнука сесія пачалася, сын з нявесткай у тэатр білеты купілі. Яна не скардзіцца: звоняць жа часта, пытаюць, як здароўе, сусед, якому заплацілі, спраўна чысціць снег на падворку. А Новы год... «Ат, якое гэта свята, — паблажліва махне рукой. — Лёг увечары спаць, прачнуўся раніцай — вось табе і Новы год...» І толькі падціснутыя вусны задрыжаць ды вочы заблішчаць неяк дзіўна.

Дзядзьку Мішу з дзясятага паверха я перастала бачыць якраз пасля навагодніх леташніх святаў. Да гэтага бачыліся мы літаральна кожны дзень — я ішла на працу, а ён якраз выгульваў свайго вясковага кундаля Валета. Мы з ім віталіся, час ад часу размаўлялі. Дзядзька Міша прадаў сваю вясковую хату, каб дапамагчы дачцы з сям’ёй пабудаваць чатырохпакаёўку. Збыў гаспадарку, пакінуў толькі сабаку, пераехаў да дзяцей. Ён ніколі не скардзіўся, наадварот, любіў пахваліцца: і пакой у яго асобны, і зяць лагодны, і ўнукі ветлівыя, і дачка клапатлівая — не ведае, чым пачаставаць і як дагадзіць... А на мінулы Новы год з дзядзькам Мішам здарылася бяда. (Пра гэта ўжо вясной пры выпадку расказала наша дворнічыха, якая ўсё пра ўсіх ведае). Дачка з зяцем пайшлі адзначаць свята да сяброў, а ўнук і ўнучка засталіся дома, паклікаўшы студэнцкую кампанію. Пра дзядзьку Мішу згадалі толькі пад раніцу, калі п’янаватая моладзь успомніла: «А давайце дзеда павіншуем!» (пра тое, каб паклікаць старога за святочны стол, і думкі дагэтуль не было). Дзеда знайшлі ў яго пакоі на падлозе нерухомым: інсульт. Ён яшчэ некалькі тыдняў быў у коме, а пасля ціха сканаў у бальніцы. Урачы казалі: дапамогу выклікалі запозна, калі б раней — уратавалі б. Ад чаго здарыўся той інсульт у моцнага яшчэ не зусім старога мужчыны ў навагоднюю ноч — урачы не сказалі. Крыўду ў дыягназ яшчэ ніхто нікому не запісваў.

Марыя Іванаўна і Адам Іосіфавіч Новы год сустракалі не адны — з сынамі. Толькі было старым зусім не весела. Хлопцы іхнія — хаця якія хлопцы, абодвум за пяцьдзясят — нідзе не працуюць, сядзяць на бацькоўскай шыі, жывуць на іх пенсію. Старэйшы быў жанаты, недзе ў горадзе ўнукі растуць, ды толькі некалькі гадоў назад жонка з ім развялася і выгнала. За п’янку. Малодшы ўсё жыццё працаваў вахтавым метадам, дома яго ніколі не бачылі. А пасля скалечыўся — на нагу ўпала цяжкая жалязяка. Кульгавы, без грошай, прыехаў у бацькоўскую хату. Спачатку трымаўся, рабіў нешта па гаспадарцы, не піў. А прыехаў старэйшы з горада — і панеслася... Даходзіла і да біцця, калі бацькі грошай на гарэлку не давалі. Суседзі некалькі разоў міліцыю выклікалі. А што міліцыя, калі самі пацярпелыя пераконвалі, што іх ніхто не чапаў?.. Сёлета «хлопцы», не дачакаўшыся поўначы, паснулі, а Адам Іосіфавіч пайшоў на вуліцу выключыць у курэй святло, паслізнуўся і ўпаў. Жонка, не дачакаўшыся, пайшла глядзець, дзе ён. Пакуль бабуля тузала дзеда, спрабуючы падняць, адзін з сыноў выскачыў за хату па патрэбе, нічога не бачыўшы і не чуўшы, заскочыў назад, зашчапіў дзверы і заваліўся храпсці зноў. Што бацькі ні набарабаніліся і ў дзверы, і ў шыбы — ніхто ім не адчыніў. Змерзлых старых (добра, што не такі мароз быў, як цяпер) пачулі на сваім ганку суседзі. І то не адразу: пакуль біў гадзіннік, пакуль віншаваліся — ніхто і не чуў, што там нехта нясмела стукае, дый не чакалі нікога... Старых абагрэлі, пачаставалі, далі месца паспаць да раніцы, пакуль нашчадкі не прачнуцца. Казалі, бабуля надта ж дзякавала, а дзядуля толькі моўчкі плакаў...

Якая з гэтых нявыдуманых эпізодаў мараль, спытаеце? «Ад усёй душы» — гэта не толькі акцыя на дзяржаўным узроўні, якая сапраўды дорыць радасць многім, у каго ў жыцці гэтай радасці не так шмат. Гэта яшчэ і пра нас з вамі, пра ўсіх. Каб ні адзін стары чалавек не застаўся без увагі і добрага слова. Няважна, родны ён, сусед ці проста знаёмы — зладзьце для яго асабістую дабрачынную акцыю, няхай гэта будзе проста ўсмешка ці віншаванне. Яны могуць паблажліва махаць рукой і казаць: «Ат, якое там свята...» Не верце ім — гэта яны так нас, маладзейшых, спрабуюць загадзя апраўдаць...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.