Вы тут

Як вырасціць мандарынавае дрэва


Калі хочацца стаць уладальнікам прыгожага пакаёвага дрэўца, але нашы кліматычныя ўмовы неспрыяльныя, то расліну можна вырасціць і ў хатніх умовах.


У прыродзе немагчыма сустрэць дзікарослы мандарын, бо гэта расліна патрабуе спецыяльнага догляду. У натуральных умовах дрэва вырастае да 4 метраў у вышыню. Цвіце мандарын дробнымі белымі кветкамі, якія самі апыляюцца. Пасля скідвання адцвілых пялёсткаў на расліне з`яўляюцца завязі будучых пладоў, якія дасягнуць спеласці прыкладна за 6 месяцаў. Некаторыя віды мандарынавага дрэва могуць цвісці круглы год. Для хатняга вырошчвання лепш выбраць адзін з сартоў карлікавых мандарынаў.

З чаго пачаць

Для пачатку трэба адабраць спелыя плады. З іх дастаць костачкі, пры гэтым варта ўлічваць, што прарастуць не ўсе. Насенне лепш замачыць, для чаго трэба ўзяць неглыбокую ёмістасць і натуральную тканіну. Тканіну добра змочваюць і загортваюць у яе насенне, каля 2–3 пластоў будзе дастаткова.

Па меры высыхання тканіны з насеннем у ёмістасць трэба дадаваць ваду, пакуль насенне не набрыняе і не дасць першыя парасткі. Гэты працэс займае звычайна некалькі дзён.

Высаджваць мандарыны трэба ў спецыяльны грунт для цытрусавых раслін. Прарослае насенне заглыбляюць у глебу на 5–6 см.

Догляд

Тры рэгулярныя дзеянні: паліў; унясенне угнаенняў; перасадка.

Мандарын, як вядома, расліна цеплалюбівая, таму тэмпература навакольнага асяроддзя не павінна апускацца ніжэйшая за 15–18 градусаў.

Што да асвятлення, то ў асабліва гарачыя перыяды пакаёвы мандарын лепш прыцяняць, каб прамыя сонечныя прамяні не траплялі на лістоту. Узімку ж трэба павялічыць даўжыню светлавога дня да 12 гадзін, для чаго раніцай і ўвечар над раслінамі ўключаюць люмінесцэнтныя лямпы.

Улетку карысна выстаўляць мандарыны на свежае паветра.

З-за актыўнага росту і развіцця каранёвай сістэмы мандарын трэба кожны год перасаджваць у большы чыгун. На чацвёрты год дрэва перамяшчаюць у драўляную дзяжу, у якой мандарын можа жыць некалькі гадоў. Перасадку лепш за ўсё рабіць ранняй вясной.

Паліваць мандарын неабходна кожны дзень, а ў зімовы перыяд — зніжаць частату паліву да 2-3 раз на тыдзень. 

Паліў праводзяць раніцай, пры гэтым ваду акуратна выліваюць на глебу, трэба сачыць, каб вада не трапіла на лісце і ствол, якія варта раўнамерна апырскваць. Пры цвіценні дрэва крону перастаюць апырскваць, бо важна, каб бутоны заставаліся сухія.

У зімовы сезон уносіць угнаенні няма неабходнасці, першы раз у годзе ўгнойваць дрэва мандарына трэба ў красавіку, і далей аж да наступнай зімы — кожныя два тыдні.

Мандарынам выдатна падыходзяць комплексныя і спецыяльныя ўгнаенні для цытрусавых раслін. Уносяць іх пасля паліву. Перад утварэннем пладоў можна зрабіць падкорм рыбнай юшкай. З 200 грам дробнай рыбы і двух літраў вады вараць юшку на працягу 30 хвілін, пасля чаго працэджваюць і ў сумесі з любым комплексным угнаеннем уносяць у глебу. Як ні дзіўна, але такая рыбная падкорка дазваляе ўзмацніць плоданашэнне.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.