Вы тут

Што такое спаржа і як яе вырошчваюць


У многіх агароднікаў і садаводаў на ўчастках можна заўважыць расліну, якая вырошчваецца як дэкаратыўная, — спаржу. Магчыма, не ўcе ведаюць, але далікатныя маладыя праросткі некаторых сартоў спаржы — адна з самых далікатэсных і вельмі дарагіх агароднінных культур.


Многія і не здагадваюцца, што спаржа расце ў іх на клумбе. Цвіце расліна маленькімі кветачкамі, сабранымі ў суквецці ў пазухах лісця. Плод — дробная цёмна-чырвоная ягада, неядомая.

Вырошчваюць расліну дзеля маладых верхніх далікатных праросткаў. Пачынаючы з трэцяга-чацвёртага года з аднаго куста збіраецца спачатку не больш за 5 праросткаў за сезон. І толькі з шостага года лічыцца нормай зняць да 20–25 праросткаў з расліны.

Маладыя парасткі, якія з’яўляюцца ў канцы красавіка — пачатку мая, маюць розныя колеры, ад белага да фіялетавага. Колер залежыць ад сарту спаржы, а таксама часу збору ўраджаю. Праросткі спаржы, на якіх актывізаваны пупышкі, становяцца цвёрдымі і не падыходзяць да ўжывання.

Да выбару месца пасадкі неабходна паставіцца адказна, паколькі спаржавая культура можа расці на адным месцы больш за дваццаць гадоў. Самая лепшая глеба для вырошчвання спаржы — супясчаная.

Аспарагус высаджваецца ў такія месцы ўчастку, дзе максімум сонечнага святла. Высаджваюць яго ў падрыхтаваныя грады з урадлівай і чыстай ад пустазелляў зямлёй, без высокіх грунтавых вод, пажадана абароненыя ад вятроў. Пад земляным покрывам карані дарослай расліны вытрымліваюць моцныя маразы.

Вырошчванне з насення

Насенне ва ўмераным клімаце прарастае даволі працяглы час пры высадцы адразу ў градкі, таму рэкамендуецца вырошчваць расаду:

  • насенны матэрыял замачыць на пару сутак у цёплай вадзе, затым прасушыць. Зручней будзе зрабіць гэта ў тэрмасе;
  • падрыхтаваць урадлівую глебу для расады, падыдзе і гатовая з крамы;
  • высаджваць у ёмістасці не менш за 12 см у вышыню, заглыбіўшы насенне на 2-2,5 мм, і прысыпаць зямлёй;
  • апырскаць вадой;
  • прыкрыць поліэтыленам і паставіць у цёплае месца з тэмпературай не ніжэй за +25 °С;
  • штодня трэба праветрываць мініцяплічкі, каб пазбегнуць гніення парасткаў;
  • прарастанне насення можа ісці доўга, да паўтара месяца;
  • у выпадку, калі пасадка была ў агульнай ёмістасці, парасткі трэба будзе пікіраваць у асобныя ёмістасці па дасягненні саджанцаў 15 см росту;
  • у адкрыты грунт расліны высаджваць у пачатку чэрвеня.

З каранёў

Гэты метад пасадкі лічыцца самым простым і надзейным. Каранёвы спосаб пасадкі лепш за ўсё рабіць на зіму. За два тыдні да высадкі неабходна ўскапаць участак для пасадкі і ўнесці комплексныя мінеральныя ўгнаенні. Высаджваць карані спаржы варта ў прыўзнятыя над узроўнем зямлі градкі і прысыпаць зверху ўзрыхленай зямлёй, каб максімальна зберагчы іх ад маразоў.

Калі пасадка плануецца вясной, то акрамя кампосту нічога не ўносіцца. Робяць глыбокія і шырокія разоры, у іх — узгорачкі з лункамі, у якія выкладаюць карэнішчы і прысыпаюць іх зямлёй. Узровень узгорачка зрабіце на 5 см ніжэй краёў разоры. Такім чынам карэнішчы заглыбляюцца не менш чым на 10 см. Паміж раслінамі робяць адлегласць у 30–50 см.

Догляд

Памятайце пра тое, што гэта вільгацелюбівая і цеплалюбівая культура.

Асаблівасці догляду:

  • на трэці каляндарны год, на сёмы тыдзень з моманту з’яўлення першага парастка ўсе парасткі трэба зрэзаць;
  • на чацвёрты год зрэзаць парасткі па заканчэнні васьмі тыдняў;
  • падчас росту на кусце актыўна ўтвараюцца бакавыя парасткі, якія трэба перыядычна зразаць для таго, каб расліна развівалася ў рост і давала новыя парасткі;
  • на шосты год ураджайнасць спаржы даволі істотна павялічваецца. Таму трэба не забываць падразаць бакавыя парасткі для развіцця і росту, а таксама ўносіць угнаенні;
  • перыядычнае абганянне таксама дапаможа паскорыць утварэнне і рост парасткаў;
  • штогадовы збор маладых праросткаў спаржы вядуць з канца мая да канца ліпеня.

Збор ураджаю

Парасткі, якімі можна паласавацца, спаржа дае толькі на чацвёрты год свайго жыццёвага цыкла. З канца мая можна ўбачыць, як праросткі прыўздымаюць верхнюю скарынку зямлі, тады і можна пачынаць іх збор — асцярожна зрэзаць праросткі, пакідаючы пянькі ў 1,5 см. У паўднёвых шыротах збор пачынаецца раней.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.