Вы тут

Што важна ўлічваць пры пасадцы перцаў?


Самым аптымальным узростам для расады перцаў лічыцца два месяцы, толькі па заканчэнні дадзенага часу яе варта высаджваць у грунт. Дата высаджвання залежыць ад спосабу вырошчвання. Калі плануеце пасадзіць перцы ў цяпліцу, то рабіць гэта трэба ў пачатку мая; калі плануеце вырошчваць у адкрытым грунце, то пачакайце з пасадкай да канца месяца. Пры неспрыяльных умовах надвор’я пасадку лепш перанесці на некалькі тыдняў.


Тэмпература

Каб расада была моцнай, стварыце для яе адпаведныя ўмовы. Найбольш аптымальнай тэмпературай для маладых парасткаў будзе каля 19 градусаў ноччу і 26 градусаў днём. Для расады вельмі важная тэмпература паліву, угнаенняў і самога грунту — яна не павінна апускацца ніжэй за 20 градусаў, але і не быць занадта гарачай.

Вільготнасць

Вельмі сур’ёзна варта паставіцца і да вільготнасці. Расада перцаў не пераносіць застою вадкасці. Гэта сітуацыя можа прывесці да адмірання каранёвай сістэмы.

Пікіроўка

Пры доглядзе расады памятайце, што перац вельмі балюча перажывае пікіроўку, паколькі падчас гэтай працэдуры адбываецца парушэнне каранёвай сістэмы. Каб працэдура прайшла менш балюча, перад пікіроўкай паліце зямлю, у якой расце перац. У гэтым выпадку карані будзе прасцей адлучыць ад сценак ёмістасці. Калі расада расла ў аднаразовых ёмістасцях, то пры перасадцы акуратна разарвіце іх, каб не закрануць карэньчыкі. Перац мае слабыя карані, таму перасадка для яго — сур’ёзнае выпрабаванне.

Падкормка

Пачынаць падкормку расады перцаў трэба пасля таго, як яна дала першы лісток. Для гэтага развядзіце комплекснае ўгнаенне ў вадзе ў прапорцыі 1:500. Такі слабы раствор выдатна падыдзе ў якасці вады для паліву. Каб плады пры далейшым росце не гнулі сцёблы расліны, іх умацаванню варта надаць асаблівую ўвагу. Тут падыдзе раствор кальцыевай салетры. Каб атрымаць яго, неабходна дадаць 1 ч. л. салетры на паўвядра вады і атрыманую сумесь выкарыстоўваць для паліву.

Размяшчэнне пасадак

Падчас вырошчвання расады зважайце на размяшчэнне раслін. Для гэтага варта выстаўляць іх так, каб яны не перашкаджалі адна адной падчас росту і атрымання жыццёва важнага сонечнага святла. Больш за тое, расаду варта ўвесь час паварочваць. Гэта робіцца для таго, каб расліна не дэфармавалася, выцягваючыся ў адзін бок. Занадта шчыльнае размяшчэнне саджанцаў перцу пагражае выцягваннем расліны.

Перасадка ў адкрыты грунт

Сігналам да таго, што расаду можна высаджваць у грунт, з’яўляецца наяўнасць 10 лісцікаў насычанага колеру і аднаго бутона. Каб расліна дала багаты ўраджай, каронны бутон неабходна прышчыпнуць.

Наогул, у раслін адрозніваюць два тыпы развіцця — вегетатыўнае і генератыўнае.

Вегетатыўнае развіццё — гэта калі расліна развіваецца ў бок празмернага нарошчвання зялёнай масы (сцёблаў і лісця) у шкоду развіццю пладоў. Пры такім развіцці расліны выглядаюць празмерна развітымі ў плане зялёнай масы («жыруюць»), пладоў на іх завязваецца мала, а тыя, якія вырастаюць, атрымліваюцца дробнымі.

Генератыўнае развіццё — гэта калі расліна занадта рана пераходзіць да фарміравання пладоў, пры тым што зялёная маса яшчэ недастаткова развіта. У такім выпадку расліна ўвогуле прыпыняецца ў росце, аддаючы ўсе сілы на напаўненне першых пладоў, якія з’явіліся. На недаразвітай з прычыны заўчаснага пераходу да генератыўнага развіцця расліне мы ніколі не атрымаем вялікага ўраджаю. Пладоў на такіх раслінах мала, сама расліна выглядае недаразвітай у плане зялёнай масы.

Перац вельмі лёгка прыпыняецца ў росце з-за ўздзеяння на яго розных стрэсаў: засуха, холад, спякота, цяжкая глеба. У тым ліку стрэсам для яго з’яўляецца ў пэўнай ступені высокая пладовая нагрузка ў выглядзе першых завязяў, якія з’явіліся. Пасля іх з’яўлення перац перанакіроўвае большую частку сваіх сіл на развіццё гэтых завязяў, абмяжоўваючы сваё развіццё ў вегетатыўным плане. Для таго каб такога не адбылося і выконваўся баланс паміж генератыўным і вегетатыўным развіццём расліны, неабходна выдаліць першы бутон, які называецца ў народзе каронным.

Вельмі важна своечасова высадзіць перцы ў грунт — чым даўжэй расліна знаходзіцца ў пакоі, тым складаней ёй будзе прывыкнуць да вулічнага асяроддзя. Ад такой расліны чакаць плады давядзецца вельмі доўга.

Ірына ТАМКОВІЧ

Загаловак у газеце: Догляд расады перцаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.