Вы тут

Змяненне клімату прымушае пераглядаць стратэгію раслінаводства і земляробства


Змяненне кліматычных умоў і засушлівае надвор'е прымушаюць беларускую навуку пераглядаць стратэгію раслінаводства і земляробства.


— Апошнія два гады ў нашай краіне назіраюцца складаныя ўмовы надвор'я. Сёлета з канца мая і практычна ўвесь чэрвень паўсюдна адсутнічалі ападкі, а тэмпература на 5-6 градусаў перавышала сярэднія шматгадовыя значэнні. Усё гэта не магло не адбіцца на фарміраванні ўраджаю, асабліва ў паўднёвых рэгіёнах, дзе лёгкія пясчаныя глебы характарызуюцца нізкай прыроднай прадукцыйнасцю і няўстойлівым водным рэжымам, — канстатуе намеснік генеральнага дырэктара па навуцы Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па земляробстве Эрома УРБАН. — На жаль, не парадаваў нас і ліпень з яго паніжаным тэмпературным рэжымам і вялікай колькасцю ападкаў. Гэта таксама адбілася на ходзе ўборкі ўраджаю.

Увогуле, за апошнія 20 гадоў сярэднегадавая тэмпература павялічылася ў краіне на 1,1 градуса, а засушлівыя перыяды значна пачасціліся і сталі больш працяглыя па часе. Калі раней яны назіраліся толькі ў чатырох гадах з дзесяці, то за апошнія 27 гадоў засушлівыя з'явы не адзначаліся толькі ў 1992, 2000 і 2004 гадах. Асабліва пакутуе ад засухі поўдзень Беларусі, у прыватнасці Гомельская вобласць.

— Таму наспела неабходнасць нам усім перагледзець свае падыходы да вырошчвання сельскагаспадарчых культур і шматгадовых траў. РНПЦ па земляробстве, Нацыянальная акадэмія навук і Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання ўжо распрацавалі агульную стратэгію вядзення раслінаводства. Задачы, якія мы ставім, — змяніць структуру пасяўных плошчаў. Неабходна пераглядзець і відавы, і сартавы склад сельгаскультур, якія мы вырошчваем, а перавагу трэба аддаваць азімым культурам, — падкрэслівае навуковец.

Апошнія гады ў Беларусі, як і ва ўсім свеце, назіраецца скарачэнне пасяўных плошчаў пад азімае жыта, нягледзячы на прыкметны рост ураджайнасці гэтай культуры. За кошт скарачэння пасеваў жыта пашырыліся пасевы азімай і яравой пшаніцы, трыцікале, рапсу, кукурузы. Гэта важныя культуры з добрай эканамічнай выгадай, тым не менш жыта выціскаецца з нашых палеткаў незаслужана.

— У Гомельскай вобласці трэба пашыраць пасевы азімага дыплоіднага жыта, — лічыць Эрома Урбан. — Яго ўраджайнасць часта перавышае ўраджайнасць трыцікале, а ў большасці выпадкаў ёй не саступае. Далейшае скарачэнне плошчаў можа парушыць у цэлым стабільнасць вытворчасці збожжавых культур, паколькі, акрамя высокай адаптыўнасці, азімае жыта было і застаецца страхавой культурай у неспрыяльныя па гідраметэаралагічных умовах гады. Тым больш што ў нас ёсць новыя высокаўраджайныя, зімаўстойлівыя, устойлівыя да палягання сарты і гібрыды. Азімае жыта па праве лічыцца культурай нізкай эканамічнай рызыкі, асабліва ў раёнах з беднымі глебамі і суровымі кліматычнымі ўмовамі, у лік якіх уваходзіць і Беларусь.

Варта таксама звярнуць увагу на вырошчванне новых культур. На лёгкіх глебах добры ўраджай даюць бульба, аднагадовыя бабовыя, люцэрна. Адной з самых засухаўстойлівых у земляробстве культур з'яўляецца проса: на 1 кілаграм сухога рэчыва гэта культура выкарыстоўвае 277 літраў вады (напрыклад, кукуруза — 349 літраў, канюшына — 720 літраў, збожжавыя — 520 літраў).

У РНПЦ створаны сем сартоў нашай селекцыі. Мы прапануем насенне гаспадаркам, але плошчы пад гэту культуру пашыраюцца вельмі неахвотна і марудна.

Яшчэ адной важнай умовай з'яўляецца захаванне тэхнічных рэгламентаў, таму што апошнім часам сельскія гаспадаркі сутыкаюцца з цяжкасцямі ў набыцці ўгнаенняў і сродкаў абароны раслін.

— За 10 апошніх гадоў у нас рэзка зменшылася ўнясенне фосфарных угнаенняў пад азімыя культуры, што негатыўна адбіваецца на іх зімоўцы. Між іншым, пасевы, якія першапачаткова высяваюцца ў аптымальныя тэрміны, маюць добрую «запраўку» арганічнымі і мінеральнымі ўгнаеннямі, лягчэй пераносяць і зімоўку, і засушлівыя з'явы, — тлумачыць Эрома Урбан.

Беларускія вучоныя пастаянна ўдасканальваюць селекцыйную работу, вельмі шчыльную ўвагу аддаюць павышэнню зімаўстойлівасці азімых культур, вывелі ўстойлівыя сарты азімага рапсу, які пераносіць нізкія тэмпературы і затапленні. Сёлета вядзецца асваенне 21 тэхналагічнай распрацоўкі. 62 новыя сарты збожжавых і зернебабовых культур знаходзяцца цяпер у вытворчасці.

Напрыклад, новыя сарты азімай пшаніцы больш эфектыўна выкарыстоўваюць сонечную энергію. У іх палепшаны адток пажыўных рэчываў у збожжа. Значна ўзрасла і экалагічная стабільнасць, агульная адаптыўнасць да неспрыяльных фактараў асяроддзя. Павысілася ўраджайнасць. Палепшыліся хлебапякарныя і кармавыя вартасці. Менавіта беларускія сарты пшаніцы найбольш прыстасаваныя да нашага клімату, таму многія гаспадаркі аддаюць перавагу менавіта ім. Іх удзельная вага ў сельскагаспадарчай вытворчасці апошнія гады пастаянна павялічваецца...

Эрома Урбан канстатаваў, што сёння складана зрабіць дакладны прагноз на ўраджай. Страты насілі лакальны характар, напрыклад, у Валожынскім раёне адзначаўся залішак ападкаў, а ў Барысаўскім, наадварот, іх дэфіцыт. Калі дажджы будуць працягвацца, то страты павялічацца. Традыцыйна падчас уборкі ўраджаю яны складаюць да 10 працэнтаў.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: «Хранічная» засуха — выклік для навукоўцаў

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Класiкаў трэба ведаць…, Быў бы араты, будзе й прыганяты, Па малiну…

Эканоміка

«Мы выказалi прапановы, i нас пачулi». Як дзяржаўныя прэферэнцыi дапамагаюць падтрымаць суб'ектаў гаспадарання

«Мы выказалi прапановы, i нас пачулi». Як дзяржаўныя прэферэнцыi дапамагаюць падтрымаць суб'ектаў гаспадарання

У бiзнес-колах Гродзеншчыны лiчаць, што меры па падтрымцы эканомiкi з'явiлiся своечасова.