Вы тут

Снайперская падрыхтоўка — гэта навука, мастацтва стральбы


Інтэлект, цвёрдая воля, інтуіцыя, вытрымка, халодны розум, роўнае дыханне, поўная канцэнтрацыя і трапны выстрал... Снайперская падрыхтоўка — гэта навука, мастацтва стральбы. Дасканала валодаць зброяй, адчуваць кожную мышцу свайго цела, працаваць з дыханнем, развіваць інтуіцыю — гэта ўсяго толькі некалькі важных пунктаў у падрыхтоўцы снайпераў. Расказваем, якія яны, нябачныя стралкі.


У беларускай арміі дастаткова выдатных снайпераў, але найлепшыя практыкі, безумоўна, служаць у Сілах спецыяльных аперацый. Каб пазнаёміцца з іх працай, мы прыехалі ў Віцебскую паветранадэсантную брыгаду. Разгледзець асобы некаторых са снайпераў не ўдалося нават мне: яны схаваны пад маскамі. І ўсё, што ты бачыш, — вочы. Сканцэнтраваны, сур’ёзны погляд. Але так было толькі першыя паўгадзіны, далей я змагла развесяліць іх і ўбачыць, як усміхаюцца снайперы. Усміхаюцца вачыма.

«Навучыць страляць можна любога, снайперам жа стане не кожны, — заўважае ваеннаслужачы Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады. — Для гэтага неабходныя пэўны склад розуму, схільнасць да складаных матэматычных вылічэнняў і ўседлівасць. Наша работа прадугледжвае працяглае знаходжанне на адным месцы або частае і доўгае перамяшчэнне з цяжкай вагой за плячыма. Снайперу неабходна цярпенне».

Карэспандэнту ўдалося пазнаёміцца з асноўнымі відамі зброі, якой валодаюць гэтыя ваенныя спецыялісты, а таксама апрабаваць іх на справе.

Вінтоўка «ОСВ-96»: моцная і гучная

Першая на чарзе — буйнакаліберная, аўтаматычная снайперская вінтоўка «ОСВ-96». Яе памеры ўражваюць. Вінтоўка паражае не толькі жывую сілу, але і лёгкабраніраваную тэхніку — на адлегласці да 1,8 кіламетра.

На ўзбраенне зброю прынялі ў 1990 годзе. Набраўшы ў пошукавым радку ў інтэрнэце «ОСВ-96», вам выдадуць дзясяткі фатаграфій байцоў, якія трымаюць вінтоўку ў руках і вядуць з яе агонь. Гэта няпраўда! Страляць з гэтай зброі можна толькі ў становішчы лежачы. Таксама трэба моцна прыціскаць яе да пляча — вельмі моцная аддача. Перад стралянінай мяне палохалі, што не варта нават спрабаваць: маўляў, яна не для жаночых рук і што ад аддачы можа выбіць плечавы сустаў. Я ж дзяўчына смелая, але, не хаваю, перад стральбой хвалявалася.

Уражанні засталіся дваякія. Спадабалася — гэта дакладна. Але адчуванне, што ты страляеш не са снайперскай вінтоўкі, а з ручнога супрацьтанкавага гранатамёта. Моц гэтай зброі адчуваецца. Суцэльнае захапленне выклікае прыцэл. Адзіны з мінусаў, які я б назвала, — вельмі гучны гук. Невыпадкова з мэтай бяспекі таму, хто страляе, трэба працаваць у навушніках, а для таго, хто знаходзіцца побач, — адысці на бяспечную адлегласць. Што датычыцца моцнай аддачы, слушную параду даў інструктар: падчас стральбы трэба кантраляваць сваё цела — адчуваць шкілет, а не мышцы.

Вінтоўка «Драгунова»: надзейная і з патэнцыялам

У кожнага ваеннага журналіста ёсць свая мара. Мая — пастраляць са знакамітай снайперскай вінтоўкі Драгунова — нядаўна спраўдзілася. Водгукаў пра вінтоўку шмат. Калі і кажуць пра яе нешта дрэннае, то ў выніку ўсё роўна прызнаюць, што гэта найлепшая снайперская зброя, якую бралі ў рукі. Яна настолькі надзейная, што з ёй не прападзеш. Вінтоўка Драгунова запатрабавана і ў сучасных умовах. Спецыялісты сцвярджаюць, што яе можна яшчэ не раз мадэрнізаваць: у вінтоўку закладзены вялікі патэнцыял.

Інструктар ускладняе мне задачу: змяняе становішча стральбы. Даводзіцца станавіцца на калена. Дарэчы, страляць лежачы значна зручней, чым з калена. Вінтоўка даволі цяжкая — 4,2 кілаграма, плюс магазін. Галоўнае — трэба трымаць баланс, каб прыцэл «не гуляў». Спытала дазвол пастраляць з двух кален, але так, на жаль, нельга, бо стральба будзе неэфектыўная. Такім чынам, страляць з вінтоўкі Драгунова няпроста. Я ніяк не магла «пасябраваць» з прыцэлам. Для гэтага неабходны ні гадзіны і ні дні стральбы, а нашмат больш часу.

Вінтоўка «МЦ-116»: ціхая і дакладная

Расійскім збройнікам удалося стварыць адну з самых эфектыўных вінтовак у свеце — МЦ-116М. У базавым варыянце яна была распрацавана ў 1997 годзе пад патрон 7,62 міліметра з эфектыўнай далёкасцю стральбы да 800 метраў. Зброя створана на базе МЦ-13 у якасці выключна спартыўнай зброі — менавіта з ёй выступалі айчынныя стралкі на міжнародных спаборніцтвах. У 1988 годзе вінтоўку выпусцілі ў колькасці ўсяго 20 штук для зборнай каманды СССР. Называлася яна тады МЦ-116-1. У 1997 годзе тульскае канструктарскае даследчае бюро мадэрнізавала свой выраб, зрабіўшы яго шматзарадным, і ў 2001 годзе прапанавала сілавікам пад назвай МЦ 116М.

Гэта маё другое знаёмства з вінтоўкай. Я ўжо страляла з яе, ад чаго атрымала каласальнае задавальненне. Ціхая, выдатны прыцэл, плаўны спуск — і стапрацэнтнае пападанне ў цэль.

Ці гатовыя вы днямі быць у адзіноце, выконваючы баявую задачу? Праводзіць суткі пад гарачым сонцам ці гадзінамі адчуваць, як дождж хвошча па целе? А навучыцца стрыманасці? Упэўнена, далёка не кожны здольны прысвяціць сябе гэтай прафесіі, пераадолець усе цяжкасці і дасканала авалодаць зброяй. Як, у прынцыпе, і не кожны зможа надзець ваенную форму і ўстаць у вайсковыя шэрагі. Гэта лёс абраных.

Ганна ЧЫЖ-ЛІТАШ

Фота з архіва аўтара

Загаловак у газеце: Нябачныя стралкі

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.