Вы тут

Бязвіз у сэрцы. Калі едзеш не за мяжу — дадому


Навіна аб тым, што Прэзідэнт пагадзіўся з прапановай МЗС працягнуць бязвіз для жыхароў суседніх краін яшчэ на год, несумненна, была ўспрынята пазітыўна перш за ўсё гэтымі самымі жыхарамі. Гасцінныя беларусы да гэтага аднесліся прыкладна так: ну і добра. Няхай прыязджаюць на здароўе. Купяць танных прадуктаў і бензіну, падлечацца ў нашых санаторыях, паглядзяць, як жывём насамрэч, бо іхняя прапаганда ўсякія жахі пра нашу краіну расказвае. Добра і ім, добра і нам... У прынцыпе, усё правільна мы думаем. У агульным. Але ёсць у гэтым пазітыве адна катэгорыя людзей, для якіх бязвіз — гэта не толькі магчымасць купіць танных круп і каўбасы ды прыехаць у наш санаторый. Для іх гэта значна большае — магчымасць прыехаць дадому. Мы з вамі, жывучы тут, нават не ўяўяляем, наколькі для іх гэта важна.


Так, я пра беларусаў, якія воляй лёсу апынуліся найперш у суседніх краінах Прыбалтыкі, што колісь разам з Беларуссю былі часткай адной вялікай краіны. Такіх людзей там, у Літве і Латвіі, шмат, і далёка не ўсе яны актыўныя ўдзельнікі нацыянальных аб’яднанняў, не прылічаюць сябе да беларускай дыяспары. Яны проста жывуць звычайным жыццём, у іх там ужо дзеці-ўнукі, яны добра валодаюць мовай тых краін і нават маюць грамадзянства (праўда, пашанцавала так не ўсім). Але яны ніколі не забываліся, дзе іх дом, і едуць сюды, нават калі замест роднай хаты засталіся толькі родныя магілы, не за мяжу — на Радзіму. Прынамсі, ехалі да нядаўняга часу, пакуль на граніцах не з’явіліся сцены і калючы дрот, пакуль нармальна і ў поўным складзе працавалі пасольствы. Цяпер жа, калі гэта выбудаваная нармальная сістэма разбурана суседзямі, менавіта для гэтых людзей абвешчаны Беларуссю бязвіз — як глыток паветра, бо як жа жыць на свеце, калі не можаш трапіць дадому?

Хтосьці скажа: а хто гэтых людзей туды, за мяжу на вяроўцы цягнуў, чаму яны не вярнуліся, не жывуць тут. Калі б усё было так проста. Толькі ў жыцці проста не бывае…

Сярод маіх блізкіх знаёмых ёсць такія людзі, таму я цяпер вельмі шчыра за іх радуюся. Вось, напрыклад, Ганна. Ёй ужо за шэсцьдзясят, і большую частку свайго жыцця яна жыве ў Латвіі. Як туды трапіла? Проста — пасля тэхнікума ў Віцебску па размеркаванні. Тады лічылася, што вельмі пашанцавала — самае блізкае па геаграфіі прадпрыемства, дзе патрэбна была яе спецыяльнасць, ад роднага дома нейкія шэсць гадзін язды на прамым аўтобусе. Па першым часе прыязджала ў родную вёску праз выхадныя. Пасля сустрэла Васіля, які быў родам з-пад Пскова, яго таксама размеркавалі працаваць у Рызе. Пажаніліся, пабудавалі кааператыўную кватэру, нарадзілі дзвюх дачок. Ніколі не лічылася, што яны жывуць дзесьці далёка: на ўсіх канікулах ездзілі і да яе, і да яго бацькоў, родзічы часта прыязджалі ў госці да іх.

Калі разваліўся Саюз — яны не адважыліся штосьці мяняць у сваім жыцці. Была работа, было жытло, дзеці хадзілі ў школу. Пасля пачалі задумвацца, каб з’ехаць: грамадзянства ім «не свяціла», пенсія таксама прадбачылася — абы пражыць. Але трымала тое, што дочкі, ужо грамадзянкі, скончылі школу, пайшлі вучыцца далей. Не кідаць жа дзяцей адных. Тым больш думалася: усё наладзіцца, некалі будзе лепш. А пасля і ехаць асабліва не стала куды: бацькі паўміралі, у братоў-сясцёр свае сем’і, свае клопаты.

Яны ўсё-ткі праз нейкі час здалі экзамен на грамадзянства: тады нацыяналізм у Латвіі не квітнеў яшчэ такім буйным цветам. Дадому, асабліва сюды, у Беларусь, нязменна прыязджалі двойчы на год усёй сям’ёй: з дочкамі, зяцямі, унукамі — вельмі хацелі, каб у іх не перарывалася сувязь з вялікай раднёй, з родам і Радзімай. Як і належыць, афармлялі візы, якія ў нашым пасольстве атрымлівалі без праблем, час у дарозе быў невялікі — кантроль на граніцы, едучы на сваёй машыне, праходзілі хутка. Прыязджалі з «еўрапейскімі» падарункамі, з’язджалі з беларускімі. І кожны год на Праводную нядзелю (у родных мясцінах Ганны адзначаюць не Радаўніцу, а першую нядзелю пасля Вялікадня) каля магіл бацькоў і дзядоў-прадзедаў і за сталом у вялікай вясковай хаце збіралася ўся сям’я.

А потым здарыўся ковід. Пасля пачалося вар’яцтва, якое працягваецца дагэтуль. І такая блізкая Радзіма аказалася такой далёкай, нават недасяжнай…

Больш за ўсё Ганна перажывала, што не можа трапіць да бацькоў на могілкі. Пасля Вялікадня званіла ўсім сваякам, гаравала-плакала, казала: каб можна было — пешшу б пайшла. Таму, калі на пачатку гэтага года запрацаваў бязвіз, усе былі ўпэўнены, што хутка сваіх «латышоў» убачаць. Але пасля Вялікадня яны не прыехалі.

Ехаць Ганну адгаварылі дзеці і ўжо дарослыя ўнукі. Сама яна ў такую дарогу адна выправіцца не асмелілася, муж памёр. А моладзь... Моладзь начыталася страшылак пра агентаў КДБ, якія сядзяць непасрэдна на мяжы і вярбуюць усіх, — такімі страшылкамі там дагэтуль кормяць даверлівую аўдыторыю, і ехаць катэгарычна адмовілася. Зноў званіла ў Беларусь, зноў плакала, што не можа быць з роднымі — і з жывымі, і з памерлымі. Колькі ні нагаварыліся тыя самыя сваякі, што ўсе гэтыя пагрозы смеху вартыя, што баяцца няма чаго, моладзь пераканаць тады не ўдалося. Пэўна, яна, моладзь, цяпер паўсюль такая: галоўны аўтарытэт — тэлеграм, і навошта кагосьці слухаць, а тым больш штосьці аналізаваць.

Прыехалі яны ўлетку. Ганна ўсё-ткі настаяла. Апошні аргумент быў: я, можа, хутка памру... Канешне, схітрыла, але што было рабіць. Спрацавала. Прабылі тут два тыдні. Жылі на бацькоўскай сядзібе, ездзілі па гасцях, хадзілі па магазінах — былі як дома. Прывезлі падарункі «еўрапейскія», павезлі адсюль беларускія. Усе былі шчаслівыя — сустрэлася радня, род. Развітваліся ненадоўга: абяцалі прыехаць на Новы год, пакуль бязвіз не скончыўся.

І прыедуць. А яшчэ на Праводную нядзелю. І цягам яшчэ цэлага года — калі захочуць. Было б жаданне. Якое, можна не сумнявацца, у іх ёсць. Бо гэта ж так важна — мець магчымасць прыехаць дадому.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.