Вы тут

Пісьмо Дзеду Марозу. Як папрасіць у яго адчуванне свята?


Пісьмо Дзеду Марозу я знайшла... у супермаркеце, які спецыялізуецца на продажы будаўнічых матэрыялаў. Там сярод процьмы шпалераў, ламінату, сантэхнікі перад святамі цэлы аддзел выдзелілі пад навагодні «рыштунак». На стэндзе побач з каляднымі вянкамі і пасярэбранымі галінкамі яно і вісела. Дакладней, яны. Іх было некалькі: ад таннейшых, на простай альбомнай паперы, да дарагіх — на кардоне, з бліскучымі літарамі. Сэнс адзін і той жа і ў духу нашага шалёнага часу: малому аўтару пісьма трэба ўпісаць толькі сваё імя і просьбу, што падарыць. Усё астатняе — і «Дарагі Дзед Мароз», і нават «Увесь год я была паслухмянай дзяўчынкай (ці паслухмяным хлопчыкам, прадаюцца розныя варыянты)» — ужо аддрукавана-напісана прыгожым курсівам... Бацькі бралі гэтыя «пісьмы» з ахвотай: цана пытання — некалькі рублёў, затое адразу атрымаеш ад нашчадка і радасць ад такога прыгожага пісьма, якое і пісаць не трэба, а ўсё роўна нібыта сам напісаў, і заяўку на навагодні падарунак.


Я таксама ўжо працягнула было руку да гэтых пісьмаў, каб купіць малым (уявіла, якое б было літаральна парасячае захапленне ў мяне, калі б такі цуд мне прынеслі на пачатку 80-х мінулага стагоддзя), але перадумала. Па-першае, няхай пішуць самі. Хай сабе і з памылкамі, і з калякамі-малякамі. Бо і так пішуць рукой усё менш і менш, асабліва калі асвояць клавіятуру тэлефона і камп’ютара. Па-другое, ёсць у гэтых гатовых пісьмах штосьці штучнае, няшчырае. Як, дарэчы, і ва ўсёй гэтай катавасіі з заяўкамі Дзеду Марозу і з падарункамі нібыта ад яго імя. Нібыта ў інтэрнэт-краме штосьці купляеш: «Заказ аформлены, дастаўка будзе 31.12»...

Хтосьці запярэчыць: павінна ж у дзіцяці быць адчуванне чараўніцтва і казкі на Новы год. Згодна, больш за тое, як па мне, дык гэтае ж адчуванне павінна быць і ў дарослых. Але, прызнайцеся шчыра, ці з’яўляецца яно ў вас, калі з выпучанымі вачыма лётаеце па крамах (як варыянт — носіцеся па прасторах анлайн-гандлю) у пошуках «тых самых» робата, машынкі, лялькі, якія ваша дзіця (ці ўнук або ўнучка — тут увогуле цяжкі выпадак, бо як гэта — каб дзядуля ці бабуля не выканалі просьбу) заказала Дзеду Марозу. Вы адчуваеце сябе тым самым Дзедам Марозам, казачным чараўніком? Ці хутчэй замучаным чалавекам, якому, акрамя іншых жыццёвых турбот, яшчэ і гэтая на галаву звалілася? Бо калі машынка будзе не таго колеру, а на ляльцы сукенка не таго фасону — гэта ж можа атрымацца не свята, а скандал з боку «заяўніка». Бо Дзед Мароз не можа памыляцца!

Я, магчыма, тут трохі гратэску і дадала, але перакананая, што сутнасць перадала дакладна. А яшчэ вось што самае галоўнае ва ўсім гэтым «спічы» — ці не адкупляемся мы такім чынам ад дзіцяці: падарунак ад Дзеда Мароза купіў — заяўка выканана. Што яшчэ больш трэба?

У кожнага, канешне, свой уласны досвед. Я вось, напрыклад, ніколі ў Дзеда Мароза не верыла, дый старэйшыя мне ўсіх гэтых баек пра падарункі, якія невядома адкуль з’яўляюцца навагодняй раніцай — пры ўмове добрых паводзін, канешне ж, — не расказвалі. Гэты самы навагодні Дзед заўсёды быў проста набітай ватай цацкай, якую ставілі пад ёлкай, ды пераапранутым старшакласнікам у школе, ці вадзіцелем дзядзькам Іванам («калгасны» Дзед Мароз прыязджаў у вёску, атабарваўся ў чыёй-небудзь хаце, мы яму чыталі вершыкі, а ён даваў нам падарункі, у якіх кожны год былі нязменныя вельмі смачныя цукеркі «Тузік»). Але адчуванне цуду і чараўніцтва — было, дый яшчэ якое!

Яно было ў заснежанай змерзлай ялінцы, якую бацька прыносіў з лесу, і яна, пакрысе адтаючы, напаўняла хату фантастычным водарам свята. Яно было ў старым, з абабітымі жалезам вугламі чамадане, у якім ляжалі ёлачныя цацкі, — мне дазвалялася іх выкласці радкамі на канапу, а ўжо пасля з бацькамі мы вешалі іх на галінкі. Яно было нават у вялізных бацькавых валёнках — ён іх абуваў толькі, калі ішоў па елку, і яны таксама былі нязменным святочным атрыбутам. Яно — і гэта самае галоўнае — было ў мітусні 31-га чысла, калі хтосьці прыязджаў, кагосьці чакалі, бывала, дарогу замятала, і тады бацька запрагаў каня і ехаў сустракаць кагосьці з вячэрняга аўтобуса — на Новы год, паводле няпісанага правіла, павінна была сабрацца ўся сям’я. А яшчэ прыходзілі стрыечныя, кумы, сваты — у вёсцы ж радні хапае. І ў гэтым гармідары было так здорава, дзецям дазвалялася бегаць па хаце, раскладваць на вялікім рассунутым стале відэльцы, расстаўляць талеркі і шклянкі, вылізваць слоічкі з-пад маянэзу (хто каштаваў той маянэз, ведае, якая гэта смаката). За сталом віншаваліся, гаманілі і спявалі, і дзецям ніхто не загадваў ісці спаць, «бо ўжо позна», і можна было запальваць бенгальскія агні і есці мандарыны, якія ў вясковай хаце з’яўляліся толькі на Новы год. А потым ішлі праводзіць па дамах гасцей, і гулялі ў снежкі, і качаліся ў гурбах, не толькі дзеці, але і дарослыя, і не таму што п’яныя, а таму што свята і весела... А на наступныя дні чараўніцтва працягвалася, бо паштальёнка цётка Надзя ў сваёй пузатай сумцы прыносіла паштоўкі — цэлымі пачкамі, іх дасылалі далёкія і блізкія сваякі, сябры, знаёмыя адусюль — і з Усць-Каменагорска, і з суседняй вёскі. Яны былі вільготныя ад снегу і пахлі сіверам, з іх я рабіла «выставу» — раскладвала і расстаўляла ў зале на канапе, і хутка сесці на ёй ужо не было дзе…

А як жа падарункі, спытаеце? Пару пакункаў з цукеркамі, што давалі бацькам на працы. Бацькаў — страхавога агента — быў багацейшы, туды сыпалі нават жменю «марскіх каменьчыкаў», мамін — настаўніцкі — больш бюджэтны, але затое там была салодкая плітка з кракадзілам Генам на абгортцы — амаль шакалад…

Толькі не ў іх, не ў падарунках — няважна ад каго, ад таты з мамай ці ад самога Дзеда Мароза — было для дзіцяці тое свята. Яно, напэўна, і сёння так застаецца. Вось пра гэта, уласна, і хацела сказаць.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.