Вы тут

Справа густу. Мова супраць інтэрнэт-перакладчыка. Пакуль выйграе апошні


Звоніць нядаўна знаёмая і кажа: «Слухай, ты ж беларускую добра ведаеш. Мы тут з малым урокі робім, не можам зразумець. Падкажы нам, што такое «сітавіна». Слова, канешне, рэдкае, але ўрокі біялогіі ў беларускамоўнай школе не прайшлі дарэмна, таму ўпэўнена і амаль адразу (упэўненасць трэба было падмацаваць, зазірнуўшы ўсё ж у слоўнік), адказала: «Пора. Ну, напрыклад на скуры ці на лісцях...» — «Ды не, нешта не тое. Тут у нас глядзі як: «Гэтыя птушкі сітавінай прылятаюць да чалавечага жытла, хоць жывуць у лесе...». Можа, маецца на ўвазе «чарада»?... Мой ступар доўжыўся хвіліну, пасля дадумалася спытаць, дзе яны гэту фразу вычыталі. Аказалася, настаўніца сама раздрукавала як дадатковы матэрыял з нейкага сайта. Хутчэй за ўсё, сама перакладала з рускай (сын знаёмай вучыцца ў беларускамоўнай гімназіі). Хутчэй за ўсё, карысталася інтэрнэт-перакладчыкам... Пазл нарэшце склаўся. «Гэта не „сітавінай“, а „часам“, „зрэдку“. Інтэрнэт так пераклаў рускае прыслоўе „порой“ — ён жа не ведае, дзе тут націск...»


Фота: pixabay.com

Мы нават трохі пасмяяліся — і з сябе, якія адразу не дадумаліся да гэтых віртуальна-філалагічных метамарфоз, і з той маладзенькай настаўніцы пачатковых класаў, якая, напэўна, думала, што гэта такое мудрагелістае беларускае слова, якога яна дагэтуль не ведала і якое сапраўды азначае «часам»... Хаця смяяцца асабліва няма чаго. Бо выпадак гэты хутчэй тыповы, чым нейкі незвычайны.

Які б ні быў штучны розум (а перакладчык — гэта адно з самых прымітыўных яго ўвасабленняў), ён усё роўна не стане чалавечым мозгам. За ім усё роўна ўсё давядзецца пераправяраць, калі хочаш, каб было так, як ты хочаш (чытай: правільна). І вось тут датычна нашай роднай (яе мы абсалютна шчыра так называем, хоць і не заўсёды карыстаемся), а яшчэ і дзяржаўнай (і гэты замацаваны ў Канстытуцыі статус абавязвае ставіцца да яе як мінімум з павагай) мовы — праблемка. Не, справа не ў любові і не ў павазе: якраз з гэтым усё добра, мы ў сваіх найлепшых пачуццях абсалютна і бясспрэчна шчырыя. Справа ў тым, што мы НЕ ВЕДАЕМ, як ПРАВІЛЬНА.

Давялося нядаўна чытаць пераклад на беларускую аднаго вельмі важнага заканадаўчага дакумента. Перакладалі, канешне, не без дапамогі інтэрнэту. «Повод», які там сустракаецца праз абзац (у сэнсе «прычына», «нагода»), так і застаўся «повадам» — інтэрнэт жа не ведае, што ў нашай мове гэта абазначае найперш «вяроўку». Той, хто перачытваў пасля перакладу, таксама гэтага не ведае. Добра, што перачытваў не адзін, а то так бы і пайшло ў заканадаўчую базу (і стала б нормай?)... Па тэлевізары на кожным канале сёння ідзе беларускамоўная рэклама булёну. Ледзь не ў кожнай фразе размова ідзе пра «густ» (у сэнсе — смак). (Зрэшты, яно і не дзіўна: праглынулі ж мы калісьці «каханне з першай лыжкі»). Чаму ўласна не «смак»? Асмелюся выказаць здагадку (падазраю, правільную). Узялі рускі тэкст пра «вкус», загналі ў перакладчык... А таму без розніцы — маецца на ўвазе адно з пяці асноўных пачуццяў ці манера або здольнасць даваць эстэтычную ацэнку. Ён, інтэрнэт-перакладчык, можа і булён вам назваць не «смачным», а «густоўным». Што з яго ўзяць, ён жа хоць і інтэлект, але штучны. А натуральнага моўнага інтэлекту — у адносінах да роднай, дзяржаўнай беларускай — нам часам вельмі не хапае.

Бяда ў тым, што гэты самы «густ» можа з цягам невялікага часу стаць нормай. Не толькі таму, што гучыць на тэлебачанні. Вы калі-небудзь чулі, як па-беларуску размаўляе наша моладзь? Тут вам і «густ кавы», і «апынулася», калі па сэнсе патрэбна «аказалася», і суцэльная «праца», нават там, дзе па сэнсе просіцца «работа». Карацей, адусюль тырчаць вушы гугл-перакладчыка — для іх, маладых, самай дасведчанай крыніцы. Яны не зазіраюць у слоўнік, не чытаюць правілы ў падручніках, не чытаюць беларускую (дый увогуле) класіку. У іх няма моўна-асацыятыўнага падмурка (як па мне — дык самага асноўнага). Іх гарадскія бабулі ўжо не скажуць: «Смаката!», адкуль жа ім тады ведаць, што «густ» — гэта не тое. Яны не маюць уяўлення, як называюцца па-беларуску звычайныя побытавыя рэчы і паняцці і думаюць, што «сітавіна» — гэта чарада. «Прадукт утрымлівае вавёркі, вугляводы і тлушчы... (далей ідуць працэнты)». З надпісу на пачку з ласункам. Здагадаліся, адкуль узяліся «вавёркі»? Правільна, гэта «белки» (у сэнсе «бялкі»), гугл-перакладчык і непісьменнасць таго, хто перачытваў і даваў дабро на выпуск гэтай упакоўкі.

Нават студэнты, якія прыходзяць да нас на практыку, выдаюць такое, што і смех, і грэх. «Ныркі» («почки»), якія распусціліся на дрэвах, пачырваненне «асобы» («лица») — гэта не выдумкі рэдактара-злыдня, не анекдот, сама на свае вочы, прычым не аднойчы, чытала ў іх заметках, якія прынеслі з прэтэнзіяй на публікацыю. Адна дзяўчына ўвогуле задала задачку: «Як пазбегнуць укусаў абцугоў? У лесе зараз актывізаваліся абцугі». Пытаю: пра каго пісала? Паглядзела на мяне як на дзівачку: «Ну, про клещей. Насекомые такие, знаете?» Дзеля эксперымента загнала ў перакладчык. Так і ёсць — выдае абцугі. Ён жа, перакладчык, не ведае, дзе націск і што маецца на ўвазе.

Дзе выйсце з гэтага моўнага цемрашальства, спытаеце. Мне здаецца, у школе, у пачатковых класах асабліва, беларускую мову, калі хочам, каб нашы рускамоўныя дзеці яе ведалі, трэба вучыць па той жа методыцы, як вывучаецца замежная: са складаннем слоўніка, паўтарэннем слоў, складаннем невялікіх аповедаў па тэме. Рабіць з дзяцей носьбітаў мовы. А праграмы (ведаю, пра што кажу, бо ў сям’і два трэцякласнікі і другакласніца) разлічаны на тое, што вучні ўжо гэтымі носьбітамі з’яўляюцца. У выніку палову з таго, што чытаюць, дзеці проста не разумеюць. А не будзе разумення і ведання — ці доўга пратрымаюцца любоў і павага?

Дарэчы, гісторыю пра абцугі мне суседка па старонцы Валянціна Доўнар прапаноўвала напісаць у «Алё, народ...» Толькі вось гісторыя гэта, здаецца, зусім не вясёлая і ні каліва не смешная.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.