Вы тут

Якія мерапрыемствы падрыхтавалі з нагоды стагоддзя «Маладняка»


«Нам расці — дык мала дня!» — гэта радкі з верша Міхася Чарота, які быў змешчаны ў самым пачатку першага нумара часопіса «Маладняк». Уласна, гучная заяўка — сведчанне аб зараджэнні творчага маладзёжнага руху.


Яшчэ вясной 1923 года падчас з’езда кампартыі Беларусі была адзначана важная роля літаратуры ў жыцці грамадства. На той час ужо існаваў часопіс «Полымя», які гуртаваў вакол сябе старэйшае пакаленне літаратараў, але вырашана было зрабіць часопіс для моладзі. Акрамя часопіса, было створана і літаратурнае аб’яднанне «Маладняк». Па сутнасці, гэта першы ўсебеларускі прафесійны літаратурны саюз. Яго пасяджэнні пратакаліраваліся, філіі арганізацыі ствараліся ў розных гарадах. За кароткі час да «Маладняку» прымкнула каля 500 маладых творцаў.

Нягледзячы на тое, што аб’яднанне праіснавала толькі з 1923 да 1928 года, яно паспела адыграць значную ролю ў развіцці беларускай літаратуры. «Маладнякоўцамі» былі многія таленавітыя пісьменнікі Беларусі. Аб’яднанне выступала за зберажэнне спадчыны, шанавала мову і культуру, абуджала любоў да літаратуры. Маладыя аўтары заявілі пра з’яўленне новай літаратуры, шукалі свае формы і змест. Нездарма іх паэзію называлі «бурапеннай». Сапраўды, іх радкі абуджалі, узбадзёрвалі, натхнялі. Іх смелыя эксперыменты са словам і рытмам уражвалі. І сёння творчасць «Маладнякоўцаў» цікавая не толькі для айчынных, але і замежных даследчыкаў, якія вывучаюць мадэрнісцкія з’явы ў літаратуры 20-х гадоў ХХ стагоддзя. Так, літаратурнае жыццё ў тыя часы бурліла. І «маладнякоўцы» ўпісваліся ў той сусветны кантэкст, пры гэтым стваралі нацыянальна-адметную літаратуру. У 1924 годзе Міхась Чарот у вершы «Зарунела» напіша наступныя радкі:

Паглядзі... 

вясну радзіла восень.

Маладняк зялёны, бач, кудравіць...

Спачатку падаецца, што тут ёсць адсылка на час з’яўлення арганізацыі — канец лістапада. Але схаваную ў гэтых словах галоўную думку пасля развіў пісьменнік і крытык Адам Бабарэка, які так і назваў адзін са сваіх артыкулаў — «Вясну радзіла восень». У ім ён расказваў як пра тое, што ўяўляе сабой «Маладняк», так і наогул пра кірункі беларускай паэзіі таго часу. Ён вызначыў два кірункі ў літаратуры: «адраджанізм» (старэйшае пакаленне) і «маладнякізм» (новыя аўтары), прычым другі ўзнік дзякуючы першаму, тым традыцыям, якія ўжо закладзены папярэднікамі…

Да стагоддзя «Маладняка» супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі разам з партнёрамі, Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, Беларускім дзяржаўным архівам — музеем літаратуры і мастацтва, Выдавецкім домам «Звязда» рыхтаваліся амаль пяць гадоў. Столькі доўжыўся праект «На хвалі часу, у плыні жыцця». У рамках яго створаны віртуальны праект з інфармацыяй пра саму дзейнасць «Маладняка». Асобныя раздзелы прысвечаны найбольш яскравым аўтарам. На дадзены момант іх дванаццаць. Апошні раздзел прысвечаны Яўгеніі Пфляўмбаўм — паэтцы, перакладчыцы, адной з таленавітых аўтарак літаб’яднання, якая ўваходзіла ў кіраўніцтва «Маладняка». Тут распавядаецца пра жыццёвы і творчы шлях пісьменніцы, змешчаны яе творы, рукапісы, фатаграфіі, лісты, віншавальныя паштоўкі. Супрацоўнікі бібліятэкі працавалі і з фондам часопісаў і газет, дзе шукалі вершы «маладнякоўцаў». У раздзеле нават ёсць літаратуразнаўчыя артыкулы пра пісьменніцу, у тым ліку напісаныя сучаснымі даследчыкамі, інфармацыя пра ўшанаванне памяці.

Такія насычаныя віртуальныя старонкі створаны і па іншых персаналіях.

Падчас работы над праектам да яго падключыліся сваякі пісьменнікаў. Сярод іх — дачка Янкі Скрыгана Галіна, Яўгенія Дзяркач — сваячніца Міколы Нікановіча, унук Змітрака Бядулі Яфім Плаўнік. Апошні, дарэчы, падарыў бібліятэцы зборнік навел свайго знакамітага продка. Унук Андрэя Александровіча Алег прадаставіў уласны архіў, у якім шмат дакументаў і фатаграфій, кнігі і нават надрукаваная на машынцы п’еса з праўкамі аўтара.

У рамках праекта праходзілі круглыя сталы, выстаўкі, літаратурныя конкурсы. Далучыліся іншыя ўстановы, якія захоўваюць памяць пра таленавітых землякоў на іх малой радзіме. Так, шклоўская бібліятэка ўшаноўвае памяць Міхася Зарэцкага. У капыльскай сярэдняй школе змешчана экспазіцыя, прысвечаная Яну Скрыгану. Пастаўская дзіцячая бібліятэка носіць імя Уладзіміра Дубоўкі. Цімкавіцкая сярэдняя школа «адказвае» за ўшанаванне памяці пра Кузьму Чорнага.

Падчас імпрэзы выступаў народны літаратурны тэатр «Жывое слова». На выстаўцы былі прадстаўлены выданні «маладнякоўцаў», а таксама кнігі, якія пабачылі свет у наш час і даюць магчымасць чытачу адкрыць для сябе «бурапенныя» творы маладых людзей, якія сто гадоў таму стваралі новую, на жаль, і да гэтага часу малавядомую літаратуру.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Вясну нарадзіла восень...

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.