Вы тут

5 красавіка Таццяна Логінава адзначае сваё 80-годдзе


5 красавіка адзначае сваё 80-годдзе беларускі кінааператар, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР Таццяна Логінава. 

З нагоды святочнай даты сацыякультурны тэлеканал падрыхтаваў 6 красавіка для прыхільнікаў кінамайстра паказ мастацкай і дакументальнай кінастужкі, што дазволіць аўдыторыі сустрэцца з таленавітай жанчынай і згадаць яе «почырк» у беларускім кіно.


Фота: kimpress.by

У суботу ў вячэрнім эфіры спачатку пакажуць мастацкі фільм «Дзікае паляванне караля Стаха», які быў зняты Валерыем Рубінчыкам на кінастудыі «Беларусьфільм» у 1979 годзе. А аператарам-пастаноўшчыкам кінастужкі была Таццяна Логінава. Фільм, створаны па матывах аднайменнай аповесці класіка Уладзіміра Караткевіча, пераносіць нас у ХІХ стагоддзе, дае магчымасць пражыць экранную гісторыю ў выкананні выдатных артыстаў, сярод якіх Барыс Плотнікаў, Алена Дзімітрава, Барыс Хмяльніцкі, Альберт Філозаў, Раман Філіпаў і іншыя. На ролю гаспадыні маёнтка першапачаткова зацвердзілі Алену Кораневу, аднак калі яна адмовілася, то на ролю Надзеі Яноўскай запрасілі балгарскую актрысу Алену Дзімітраву. Гэта роля ў далейшым паспрыяла кар’еры артысткі на радзіме. Першы літаратурны сцэнарый быў напісаны самім Караткевічам, а ўсе наступныя ўжо ствараў рэжысёр. Па адной з першых версій фільма, ён павінен быў пачынацца з люм’ераўскага «Прыбыцця цягніка...» і хронікі пачатку ХХ стагоддзя. Здымкі старадаўняга палаца праходзілі ў Падгорацкім замку ў Львоўскай вобласці. З дапамогай аптычных эфектаў дасягалася атмасфера містычнасці. У адным з інтэрв’ю Таццяна Логінава распавядала: «Для „Дзікага палявання караля Стаха“ мы спачатку аб’ездзілі Беларусь, але абсалютна нічога не знайшлі па аб’ектах. На Украіне ўсё знайшлі. ...Мне вельмі пашчасціла, што я працавала з Рубінчыкам, бо без яго аператара з мяне не атрымалася б. 

У яго група ўся гарэла, бо ён казаў, што працуе адкрытым спосабам: „Вы можаце ўсе мне даваць парады, выказваць свае меркаванні і бачанне гэтага“. І кожнае яго слова на штосьці наштурхоўвала. Валера — вельмі адукаваны чалавек. Літаратуру, жывапіс, архітэктуру — усё мастацтва ён добра і глыбока ведаў і разумеў. І мы ўсе за ім цягнуліся. І гэта сапраўдны рэжысёр... Я адчувала, нібы ў мяне вырастаюць крылы. Ён нам даваў паветра, разуменне прыгажосці кінематографа. І пры гэтым ён увесь час сумняваўся, наколькі добра ўсё зроблена ім». Здымкі праходзілі таксама і на палігоне пад Масквой, у павільёне «Беларусьфільма».

Прэм’ерны паказ адбыўся ў Мінску ў сценах касцёла Святога Сымона і Алены, дзе тады размяшчаўся Дом кіно. Першы ў гісторыі савецкі трылер-дэтэктыў за тры гады паказу сабраў прызы на шэрагу сусветных фестываляў у Італіі, Францыі, Канадзе, Італіі і іншых краінах як жанравае кіно.

А пасля раім не прапусціць дакументальную кінастужку «Санеты памяці. Кінааператар Таццяна Логінава». Яе стварылі на Белтэлерадыёкампаніі ў 2020 годзе. «Мне заўсёды казалі: куды ты лезеш? Гэта не жаночая прафесія. Можа з духу супраціўлення нарадзілася жаданне стаць тым, кім я хачу», — дзеліцца на пачатку фільма Таццяна Логінава. У яе творчай біяграфіі значыцца работа над такімі фільмамі, як «Назіральнік», «Божа мой», «Чорны замак Альшанскі», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Анастасія Слуцкая», «Маўклівая» (Таццяна Логінава там яшчэ і рэжысёр) і шмат іншых. «У Логінавай не было пустых планаў. Яны ўсе былі натхнёныя ёю сэнсам, і гэта вельмі важная гісторыя, калі чалавек разумее, якое кіно мы здымаем і навошта яго здымаем. Не проста ўсё ў фокусе, не проста прырода, а гэта ўсё нясе нейкі сэнс, настрой альбо думку. Яно ўсё працуе на агульную ідэю...», — дзеліцца ў дакументальным фільме рэжысёр Галіна Адамовіч.

Уся яе праца праходзіла пераважна ў камандзіроўках, бо фільмы вельмі часта здымаюцца на розных лакацыях. У кадры гераіня дзеліцца, што перад кожнай кінастужкай «ты нібы чысты ліст, ты нічога не ведаеш. І трэба свежым поглядам шукаць нешта, што здольнае цябе здзівіць... Адзін рэжысёр нічога не зробіць, але калі яго разумее ўся група і выкладваецца, то гэта заўсёды бачна на экране».

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.