Вы тут

Восень. Плачуць коцікі... Колькі іх — пакінутых на дачах і ў вёсках былымі гаспадарамі


Учора наш Малыш адмучыўся. Дакладней, пайшоў на Вясёлку, як прынята цяпер казаць пра памерлых хатніх гадаванцаў. Апошнія два з паловай года ён жыў у доглядзе і клопаце. Якім было яго жыццё да таго, як атрымаў па галаве рыдлёўкай і быў закапаны жывым у зямлю, застаецца толькі здагадвацца. Але сваім жыццём пасля таго, як павінен быў памерці, ён зрабіў многае. Згуртаваў незнаёмых паміж сабой добрых людзей. Прымусіў паверыць у тое, што дабро і дабрыня ўсё ж перамагае. Яшчэ раз звярнуў увагу (яго гісторыю некалькі разоў паказалі на цэнтральным канале тэлебачання, пісалі пра яе і газеты, у тым ліку і ваша пакорная слуга) на неабходнасць прыняцця асобнага закона аб абароне жывёл — не як чыёйсьці маёмасці, а як жывых істот, якія, як і мы з вамі, адчуваюць боль і страх. І вось, нібы дачакаўшыся гэтага самага закона — нядаўна Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні законапраект «Аб адказным абыходжанні з жывёламі», — Малыш пайшоў у свой сабачы рай...


Я ўжо пісала аб ім два гады назад, таму нагадаю гісторыю вельмі коратка. Звычайнага шэра-рудога дварняка «добрыя людзі» забілі (дакладней, думалі, што забілі) і закапалі на пустцы ў Старобіне. Няшчасны сабака пачаў стагнаць пад зямлёй, яго пачулі і адкапалі. Ледзьве жывы, аслеплы, ён усё-ткі выкараскаўся, дзякуючы перш за ўсё нераўнадушным людзям. Новая гаспадыня ахінула яго любоўю і клопатам, як і іншых сваіх гадаванцаў. Гісторыяй Малыша, пра якую напачатку напісалі сацыяльныя сеткі, уразіліся многія, многія хацелі дапамагчы. І дапамагалі, пералічваючы якую капейку на спецыяльны рахунак, падтрымліваючы гаспадыню і яе гадаванцаў добрым словам, кантактуючы паміж сабой у спецыльна створанай групе «Малыш, жыві!». Мы ўсе хацелі, каб ён жыў як мага даўжэй, хоць у сабачкі, як высветлілася, была рэдкая генетычная хвароба: перасталі дзейнічаць заднія лапы, пакрысе слабелі пярэднія, і надзеі на тое, што яму палепшае, асаблівай не было. Але калі з'яўлялася яго новае відэа, дзе ён бегае на адмыслова купленай для яго калясцы або, ужо не могучы стаяць на лапах, звонка брэша на сваіх сяброў-катоў, на душы станавілася цёпла і радасна ад любові і проста людскасці, якая праменіла з кожнага такога паведамлення...

У тым чаце на сёння амаль 280 удзельнікаў. Тым, каму не ўсё роўна. Каму баліць душа за жывых істот. Многія валанцёраць, у некаторых жыве па пяць-шэсць «падабрашак». І гэта суполка, якую аб'яднаў вакол сябе той няшчасны шэра-руды сабака, не адзіная. Нераўнадушных людзей шмат. Гатовых дапамагаць справай — менш. Больш — тых, хто гатовы словам (так прасцей)...

Але і тыя, і другія бяссільныя перад іншымі. Перад тымі, хто, з'язджаючы восенню з дачы, пакідае там кошку. (Вясной яна была мілым кацянём, дзеці з задавальненнем вазіліся з ёй, а цяпер вырасла, цягае, зараза гэткая, мышэй. Куды яе ў горад, дый поўсці ад яе шмат.) Перад тымі, хто, атрымаўшы ў спадчыну ад бабулі кватэру ці дом, выкідваюць на вуліцу яе гадаванцаў. Перад тымі, хто жывёлку, якая па нейкай прычыне не прыжылася ў гарадской кватэры, са спакойным сумленнем выпускаюць яе каля якой-небудзь вёскі. І абсалютна шчыра вераць, што паступілі гуманна — «не забілі ж, хто-небудзь пакорміць».

Асабліва страшна гэта такой парой, глыбокай восенню, калі на халодную зямлю з неба ліецца халодная вада, калі хаты ў вёсках пусцеюць, калі хаваецца ў зямлю і пад стрэхі ўсякая жыўнасць. Вось менавіта тады адчуваеш сваё бяссілле перад тымі, іншымі, — раўнадушнымі і спакойнымі. Калі прыходзіць гэта няшчаснае кацянё пад ганак, глядзіць у вочы і ўжо мяўкаць у яго няма сіл. І есць, давячыся, нават сухую скарынку хлеба. А ты падымаеш вочы ў халоднае шэрае неба і пытаешся: за што? навошта? колькі можна — кожны год адно і тое? Спачатку была Цыбулька — чорна-белая ладненькая кошачка, мы яе так назвалі, бо палюбіла ляжаць у градах цыбулі. Яе гаспадыня памерла, спадчыннікі жылі ў горадзе, ніхто кошку з сабой не ўзяў. Мы хацелі забраць яе, але Цыбулька раптам бясследна прапала — можа, сабакі, можа, машына... Чорнага Трошку, зусім маленькага, забралі ў зграі варон, цяпер ён, агульны любімец, жыве ў Фаніпалі. Пасля была трохколеравая кошка з чатырма дзеткамі. Яе таксама выгналі з дому спадчыннікі былой гаспадыні. Яны пасяліліся ў нашым хляве, мы іх кармілі да самай позняй восені, пакуль ездзілі. Забраць пяцёх — не хапіла духу ні ў кога... Вясной іх ужо не было. Калі кошка пабудзе больш за чатыры гадзіны на марозе пятнаццаць градусаў — у яе няма шанцаў выжыць. Вы гэта ведалі?.. Кузя, хістаючыся ад слабасці, выйшаў на мой голас са сметніцы мінулым летам. Цяпер шыкоўны пухнаты кот песціцца на канапе ў Баранавічах. Мася прывяла дваіх маленькіх кацянятак мінулай восенню пад ганак, заглядала ў вочы, прасілася ў хату. Самае маленькае паехала ў маю мінскую кватэру, цяпер гэты кашмар па мянушцы Ночка гойсае па хаце і не дае спакою ні мне, ні старэйшай кошцы. Яе маці і сястрычка таксама знайшлі гаспадароў у сталіцы.

Я так спадзявалася, што сёлета нікога не будзе на нашым апусцелым двары. І калі пачула нясмелае тоненькае «мяў» па акном, зноў падняла вочы ў неба і спытала: навошта? за што? Шэра-беленькі маладзенькі коцік з бурштынавага колеру вачыма. Чысценькі, рахманы, нават кастрыраваны — былы дамашні. Хто яго кінуў у вёсцы, чым правініўся перад гаспадарамі? І ці дапаможа які б там ні быў строгі закон, каб вось такія гаспадары ніколі не рабілі так? Каб такія вось — рахманыя, ласкавыя — не заглядалі ў вочы, не давіліся чэрствым хлебам. Не пладзілі, калі пашанцуе выжыць, гэткіх самых бадзяжных і няшчасных...

Я назвала яго Смятанкін. У сваяка ў суседняй вёсцы нядаўна прапаў кот, можа, угавару ўзяць. А калі не пагодзіцца — дык ніхто яго і не асудзіць...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.