Вы тут

Брастаўчанка Ірына Ледзянкіна стварае незвычайныя брошкі


Пяць гадоў таму брастаўчанка Ірына Лядзянкіна вырабіла сваю першую брошку. З таго часу яна стварыла іх сотні. Гэтае хобі дазваляе ёй не сумаваць на пенсіі, дорыць прыемныя эмоцыі і цікавыя знаёмствы.


— Сямейнае паданне сведчыць, што мая прабабуля па бацькоўскай лініі вышывала сцягі для конніцы маршала Сямёна Будзённага. Адна рэліквія да гэтай пары захоўваецца ў маёй цёткі ў Растове-на-Доне. Магчыма, ад гэтай прабабулі мне ў спадчыну і перадалася любоў да рукадзелля, — расказвае Ірына Сяргееўна. — Вышываць крыжыкам падабалася заўсёды. Нават займаючы адказную пасаду, умудралася падчас абедзеннага перапынку знайсці час для любімага хобі і «заразіла» вышываннем некаторых калег.

Трыццаць чатыры гады Ірына Лядзянкіна працавала вядучым спецыялістам аддзела аптовага гандлю буйнога прадпрыемства Брэста. За некалькі гадоў да выхаду на пенсію стала падумваць аб тым, чым зоймецца на заслужаным адпачынку. Вышываць вялікія карціны ёй было ўжо цяжкавата. Калі ў інтэрнэце ўбачыла брошкі мінчанкі Наталлі Высокінскай, прыйшла ў поўнае захапленне ад такой рукатворнай прыгажосці. І пры першай жа магчымасці адправілася на яе майстар-клас у сталіцу. Вярнуўшыся пасля вучобы дадому, села і, не адрываючыся, цэлы дзень напралёт стварала брошку ў выглядзе мухі. З таго часу Ірына Сяргееўна не спыняе ўдасканальванне свайго майстэрства, пастаянна асвойвае новыя тэхнікі.

— Для сваіх вырабаў выкарыстоўваю бісер, крышталі, стразы, — адзначае Ірына Лядзянкіна. — Апошнім часам аддаю перавагу мазаічнай вышыўцы бісерам. У ёй выканана серыя партрэтных брошак — Фрыды Кало, Одры Хепбёрн, Сальвадора Далі, Мерылін Манро, Чарлі Чапліна і іншых вядомых людзей. Брошкі — мой прыярытэт. Але рабіла я і вясельныя ўпрыгажэнні, і абручы для валасоў, і бранзалеты.

«Візітная картка» Ірыны Лядзянкінай — гэта абаяльныя соўкі. Іх за 5 гадоў яна змайстравала некалькі дзясяткаў. Серыя брошак-драконаў (у тым ліку і ў аб’ёмнай тэхніцы 3D) далася ёй няпроста. Крылы казачных персанажаў вышывала на водарастваральнай сетцы. З-за працаёмкасці на адзін выраб ішло каля тыдня.

Па назіраннях майстра, у кожнай брошкі — свая мэтавая аўдыторыя. У асноўным упрыгажэнні Ірыны Лядзянкінай падабаюцца жанчынам актыўнага працаздольнага ўзросту. Але сярод тых, хто захапляецца гэтымі вырабамі, ёсць і тыя, каму 18 і каму пад 70 гадоў.

Ірына Сяргееўна і сама любіць насіць брошкі. Майстар лічыць: яны дапаўняюць вобраз, робяць яго больш яркім, выразным, запамінальным. Упрыгажэнне ад Ірыны Лядзянкінай на жаночым уборы адразу прыцягвае ўвагу, прыкоўвае позірк, зацікаўлівае.

Сыходзячы на пенсію, Ірына Сяргееўна баялася, што наперадзе ў яе — чарада аднастайных дзён, запоўненых толькі побытам і клопатам аб блізкіх. Сёння майстар разумее, як памылялася. Яна вядзе актыўнае насычанае жыццё. З’явіліся новыя знаёмыя сярод рамеснікаў, і Ірыну Сяргееўну зусім не бянтэжыць, што па ўзросце многія з іх падыходзяць ёй у дочкі. Яна стала пастаянным удзельнікам выставак і кірмашоў майстроў, дзе чуе шмат слоў захаплення сваімі вырабамі. Ірыну Лядзянкіну гэта вельмі натхняе. Паводле яе слоў, ёй яшчэ больш хочацца ствараць.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота з асабістага архіва Ірыны Лядзянкінай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.