Вы тут

Кацярына Цішкевіч — аб працы, сям’і, хобі, прыгажосці і здароўі. Размова з люстэркам


2022-і для Кацярыны Цішкевіч — год юбілеяў. З асабістых — тэлевядучая адсвяткавала цудоўную дату 4:0; з прафесійных — 15 гадоў на тэлебачанні, 10 з іх у прамым эфіры АНТ. На сваёй старонцы ў «Інстаграм» (@ekaterintishkevich) яна не толькі прыадкрывае заслону тэлевізійнай кухні, але і шчодра дзеліцца прафесійнымі парадамі, дапамагае сваім падпісчыкам удасканальваць голас і мову. Аб кар’еры і сям’і, настаўніцтве і поспеху, прыгажосці і здароўі — ад першай асобы. Не абышлося і без навагодніх пажаданняў...


Пралог

Завяршаючы год, хочацца прытармазіць, агледзецца па баках. Хто я «тут і цяпер»? Хто побач са мной? Што адчуваю? Чаго я хачу? За што ўдзячная? У патоку жыцця мы забываемся рабіць такія піт-стопы, але ж час ад часу яны неабходныя кожнаму: каб працягнуць рух на новым узроўні, а можа, і пачаць усё з чыстага ліста…

Аб працы

Тэлебачанне здарылася ў маім жыцці 16 гадоў таму. Упершыню я пераступіла парог Белтэлерадыёкампаніі, прыйшоўшы на курсы тэлевядучых. Паспрабаваць сябе ў гэтай ролі тады здавалася фантастыкай, а застацца на ТБ было чымсьці звышнерэальным... І вось ужо 15 гадоў я ў эфіры навін і лічу сваю работу найлепшай! Прамы эфір — гэта своеасаблівая «залежнасць». Аднойчы туды трапіўшы, ты адчуваеш у ім пастаянную патрэбу, нягледзячы на наймагутнейшы стрэс, які зведваеш. З самага пачатку тэлевізійнай кар’еры я хацела працаваць менавіта ў навінах. З жанрам я супала на 100 % і ментальна, і эмацыянальна. Навінавы эфір — гэта зладжанасць, дакладнасць, работа ў камандзе, гэта роўная спіна, дзелавы касцюм і ідэальная дыкцыя. Хтосьці скажа: «Ідэальна сумна»! Ён проста не спрабаваў гэтую тэлемагію «на смак». Я перфекцыяніст і адчуваю велізарнае задавальненне ад эфіру, які праходзіць «без сучка, без задзірынкі». А калі ўзнікаюць форс-мажоры — то асаблівае задавальненне ад іх пераадолення.

У «строгага» амплуа ёсць і адваротны бок — стэрэатыпы. Аднойчы ўбачыўшы мяне ў навінавым эфіры, камусьці складана паверыць, што па-за ім я магу быць іншай: вясёлай, разняволенай, свабоднай і як вядучая, і як асоба. Добра, што ёсць людзі, якія вераць не толькі сваім вачам, але і мне. Дзякуючы ім, я выходжу з кадра, мяняю строгі навінавы касцюм на вячэрнюю сукенку і раскрываюся зусім з іншага боку. Адыходзячы год падарыў мне шмат творчых удач: я была вядучай канцэрта да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, мерапрыемстваў Міжнароднага фестывалю «Славянскі базар у Віцебску», спартыўна-культурнага фестывалю «Вытокі», прадстаўляла Беларусь на днях культуры ў Расійскай Федэрацыі. Уражальная падзея — удзел у шоу «Гэта наша гісторыя» ў гонар Дня народнага адзінства, якое праходзіла на «Мінск-Арэне». Уяўляеце, як гэта — выйсці да залы ў дзесяць тысяч гледачоў!

Аб сям’і

Сям’я для мяне — гэта радасць, адказнасць і рытм шматзадачнасці. 24/7, нават калі дзеці ўжо падраслі і многія бытавыя пытанні здольныя вырашыць самі. А выслухаць? А пагаварыць? А растлумачыць? А калі трэба, то і параіць... Пытанняў менш не становіцца, затое яны становяцца цікавейшымі. Займальна бачыць свой юны працяг, які жыве ў новых сучасных рэаліях. Дзеці-міленіялы: якія яны? Мне падаецца, на гэтую тэму можна напісаць дысертацыю па педагогіцы і псіхалогіі. І не адну.

Цэнтр сям’і — жанчына, яе душа і энергія. І каб гэта сямейная энергія не вычэрпвалася, абавязкова трэба жыць у гармоніі з самой сабой. У юнацтве слова «гармонія» асацыявалася ў мяне выключна з добрым настроем. Цяпер гэтае паняцце трансфармавалася ў больш сталае — «баланс». Баланс — гэта не проста пазітыў, а раўнавага ўсіх важных складнікаў жыцця: здароўе, сям’я, каханне, работа, хобі, дабрабыт, сябры. Сакрэт балансавання ў тым, каб своечасова заўважыць праблемны бок жыцця і папрацаваць над ім. Ёсць праблема са здароўем — знайдзі час і ўдзялі ўвагу яе вырашэнню. Даўно не бачыліся з сябрамі? Знайдзі нагоду сустрэцца і пакантактаваць. Гэта ж не складана, праўда?

Аб хобі

Я той чалавек, які смела можа сказаць: мая работа — гэта маё хобі. Пасада кіраўніка аддзела тэлевядучых на тэлеканале АНТ прывяла мяне да настаўніцтва. Маючы шматгадовы вопыт работы ў эфіры, ведаючы спецыфіку работы тэлевядучага ў кадры, я з задавальненнем дзялюся ведамі і энергіяй з новым пакаленнем вядучых і не толькі. Усе мы носьбіты пэўных унікальных ведаў і жыццёвага вопыту. Дзякуючы людзям у маім асяроддзі, якія пастаянна займаюцца самаразвіццём, з’явіўся праект «PROкачай свой голос!» Звярнуліся да мяне з запытам папрацаваць над голасам. «Чаму б не?» — падумала я. У адпачынку на Чырвоным моры папрацавала над структураваннем сваіх ведаў і стварыла першую версію курса. У ім гарманічна спалучыліся тэхніка мовы і навык публічнага выступлення. У цэнтры ўвагі не толькі работа над голасам, дыяфрагмальным дыханнем, зняццем заціскаў, артыкуляцыяй і арфаэпіяй. На занятках мы развіваем навык спантаннай мовы, імправізуем, гуляем у моўныя гульні, выступаем публічна, і, вядома ж, абменьваемся энергіяй. Як той казаў, калі людзі збіраюцца ў групы, значыць, ім гэта трэба!

Сучаснага чалавека немагчыма ўявіць без добрай упэўненай мовы. Даказана, вербальны імідж складае 38 % ад агульнага іміджу чалавека. Сустракаюць па-ранейшаму па адзенні, але як жа мяняецца ўспрыманне чалавека, калі ён пачынае гаварыць! Нягледзячы на ўсе навукова-тэхнічныя дасягненні і квантавы скачок у развіцці чалавецтва, старажытнагрэчаскі філосаф Сакрат па-ранейшаму актуальны: «Загавары, каб я цябе ўбачыў».

Аб прыгажосці і здароўі

У мяне, як і ў любой жанчыны, ёсць свой спіс здаровых звычак для прыгажосці, душы і розуму. Ён вельмі просты.

  • Сон. Для жанчыны высыпацца — гэта галоўнае. 7-8 гадзін сну — агульнапрызнаны стандарт. Гэта і мой стандарт таксама.
  • Вада. Шклянка цёплай негазаванай вады нашча. Так пачынаецца мой дзень ужо шмат год. Я абавязкова п’ю ваду на працягу дня і асабліва перад вялікімі маўленчымі нагрузкамі.
  • Зарадка. Хай і невялікая, галоўнае — кожны дзень. Расцяжка, адцісканні, прысяданні. Пакуль гатую сняданак, вару каву — «бадзёру лімфаток». Пад настрой — фітнес, пілатэс, басейн. Люблю хуткую хадзьбу, асабліва ў халодную пару года і ў добрай кампаніі.
  • Сняданак абавязковы. Кармлю не толькі сваю сям’ю, але і сябе. Прывучыла сябе рана вячэраць, таму снедаю з задавальненнем.
  • Дыхальная гімнастыка. Методыка Стрэльнікавай — гэта мой топ. Узбадзёрвае, амалоджвае, паляпшае самаадчуванне, настройвае на пазітыўнае мысленне. Вельмі рэкамендую ўсім.
  • Чытанне не толькі навінавай стужкі, але і спецыяльнай літаратуры, якая ўзбагачае мой духоўны свет, дае прафесійны рост.
  • Медытацыі. Звярнуцца да сябе сапраўднай, прапрацаваць свае страхі і хваляванні, навучыцца адпускаць клопаты і трывогі. Гэта ідэальны варыянт расслаблення і перазагрузкі.
  • Касметолаг. Я за прафесійны клопат аб скуры твару. Дагледжаны твар — праяўленне любові ў адносінах да сябе.
  • Пазітыўнае мысленне. Думаць аб добрым, гнаць ад сябе негатыўныя думкі, выпраменьваць любоў. Калі чалавек жыве ў высокіх вібрацыях, яму ўсё па плячы!
  • Наваколле. Яго мы павінны фарміраваць самі. Люблю людзей, у якіх можна навучыцца чаму-небудзь новаму, падзяліцца з імі сваёй энергіяй, бо яна абавязкова вяртаецца.
  • Планаванне. Поспех — ад слова «паспець». Правільна распараджацца сваім часам — гэта майстэрства, у якім ёсць месца прыярытэтам і няма месца маладушнасці і ляноце.

Падводзячы вынік…

Адыходзіць 2022 год. Успамінаючы аб тым, што было, разважаю, чаго хацелася б. Не хачу быць банальнай, транслюючы агульныя фразы пажаданняў. Таму напярэдадні Новага года прапаную вам паглыбіцца ў сваю падсвядомасць і разам са мной згуляць у адну крутую гульню.

Напішыце тры назоўнікі, якія першымі прыйдуць вам у галаву. Да кожнага з іх падбярыце 2-3 словы-асацыяцыі, да кожнага лагічнага ланцужка, які атрымаўся, напішыце выснову-абагульненне. Хто ведае, магчыма, гэта і ёсць тыя самыя схаваныя глыбока жаданні, якія і варта загадаць пад бой курантаў. Бо ў гэтую чароўную ноч УСЁ спраўджваецца!

  • Сэрца — бесперапыннасць — рух — дарогу адужае ідучы!
  • Купала (наз.) — кароткая ноч — агонь — жыві ў моманце!
  • Танк — Т-34 — дзядуля — перамога — свету мір!

З надыходзячым Новым годам! Упэўнена крочце ў будучыню, атрымлівайце асалоду ад жыцця, шануйце кожнае імгненне і будзьце ўдзячныя за тое, што ёсць «тут і цяпер»!

Фота з асабістага архіва Кацярыны ЦІШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.