Вы тут

Салодкі кастрычнік. Як жыццё ператвараецца ў тэхналагічны працэс


У мінулую суботу на вясковай вуліцы было нешта незвычайнае і дагэтуль нябачанае — на ёй, пачынаючы ад паказальніка з назвай, выстраілася цэлая чарга вялікіх фур. Аб’язджаючы гэту працэсію, мы думалі-гадалі, што ж такое ім у нашай невялікай вёсцы спатрэбілася. Не вытрымалі, спыніліся, спыталі ў аднаго з кіроўцаў. Аказалася, фуры тыя прыехалі ажно са Слуцка, па сыравіну. Усе палеткі вакол вёскі былі засаджаныя цукровымі буракамі, і незадоўга да гэтага мы з цікавасцю назіралі, як іх выбірае і ссыпае ў вялікія кучы адмысловы спрытны камбайн. Цяпер вось настала чарга цукровага камбіната вывозіць сабранае.


Фота pixabay.com

Тыя вялізныя самазвалы былі пастаянным гукавым суправаджэннем выхадных. Нават ужо ў ранніх прыцемках яны грукалі кузавамі, натужна гудзелі, пранізліва сігналілі, усё гэта разносіла рэха паміж берагамі невялікай рэчкі. Гэты непрывычны «індустрыяльны» шум не здаваўся надакучлівай какафоніяй, ён хутчэй быў гукамі жыцця, якое, здавалася, ледзь цепліцца ў пакінутым дачнікамі паселішчы.

І яны, гэтыя вялізныя машыны (як і той жоўценькі спрытны камбайн), сталі раптам не толькі сведчаннем прагрэсу ў нашым аграпрамысловым комплексе, але яшчэ і пацвярджэннем гэтага вечнага як свет, але для кожнага — асабістага адкрыцця: «Час бяжыць, мы не маладзеем». Бо вось жа, здаецца, зусім нядаўна — нават тыя самыя чырвоныя клёны на ўзлеску зусім не змяніліся, вышэйшымі ні на каліва не сталі — тыя ж буракі, кожны на сваёй дзялцы, церабілі рукамі, кідаючы іх у кучу, а пасля, зноў жа ўручную, грузячы на трактар...

Увогуле, саўгасныя буракі і лён былі неад’емнай штогадовай часткай вясковага жыцця. Праўда, лён сеялі ў наваколлі не заўсёды, а вось зялёныя шнурочкі буракоў з’яўляліся на полі ці бліжэй ад вёскі, ці крыху далей кожную вясну. Па даўжыні засеянага імі ўчастка вяскоўцы гадалі, па колькі градак сёлета будуць дзяліць. Яснасць уносіў дзесьці ў канцы мая саўгасны брыгадзір — ён прыязджаў на поле з бярэмем свежаабгабляваных жоўтых калкоў, пісаў на іх хімічным алоўкам прозвішчы жыхароў вёскі, якія мелі карову, і адмерваў кожнаму па некалькі градак, утыкаючы адпаведны калок на пачатку надзела. Работнікам саўгаса, асабліва тым, якія значыліся паляводамі, дзялкі выпадалі самыя большыя. У астатніх, нават тых, хто ў саўгасе не працаваў або быў ужо на пенсіі, шанцаў «саскочыць» амаль не было — ад таго, ці ўзяў ты надзел буракоў, залежала, ці атрымаеш ты надзел травы, каб нарыхтаваць на карову сена. Да таго ж, і з буракоў належала атрымаць пасля «працэнты», таму, крыху паабураўшыся, што шмат градак, усё роўна ўсе цэлымі сем’ямі ішлі на поле і палолі тыя няшчасныя буракі.

«Задавальненне» гэта было, трэба сказаць, яшчэ тое. Чамусьці разам з караняплодамі заўсёды найбольш актыўна рос пырнік, самае непрыемнае пустазелле, якое сваімі белымі каранямі сядзіць глыбока ў зямлі і адрастае ледзь не на наступны дзень пасля праполкі. Барозны паміж радамі таксама даводзілася палоць. Аднойчы хтосьці з вясковых мужыкоў прывёз аднекуль ноу-хау — невялікі спецыяльны плужок, якім можна было тыя барозны падрапаць. У яго запрэглі рахманага саўгаснага Буланчыка, якога трэба было весці за аброць па баразне, каб не патаптаў буракі. Буланчык незадаволена матляў галавой, увесь час спрабуючы збочыць-такі на градку, пасля пераходзіў ледзь не на бег, і даводзілася бегчы ўслед за ім, але на той час гэты плужок выглядаў ледзь не адкрыццём у галіне аграпрамысловай навукі.

Пасля, ужо ў разгар лета, вёска зноў стаяла, сагнуўшыся, на бураках — іх трэба было яшчэ раз прапалоць і прарваць. У прынцыпе, ніхто асабліва і не сачыў за якасцю, але ўсе стараліся. Не для саўгаса (хаця атрымлівалася, што і для яго), а для сябе: прарваныя маладыя бурачкі забіралі на корм скаціне, а ад таго, які вырасце ў выніку ўраджай менавіта на тваёй дзялянцы, залежалі ўсё тыя ж «працэнты».

Таму звычайна буракі — жоўта-аранжавыя, кармавыя, або брудна-белыя, цукровыя, пад пільным доглядам гаспадынь вырасталі на тых дзялках вялікія — з чалавечую галаву. І выкопваць іх па восені было няцяжка і нават цікава. Малыя заўзята выцягвалі іх з зямлі, гуляючы «ў рэпку», складалі ў кучы. Старэйшыя, узброеныя тоўстымі нажамі, церабілі іх, нярэдка нават не здолеўшы падняць, проста перакачваючы па зямлі. Пасля прыязджаў на поле трактар, і буракі пачыналі кідаць яму на «плашчадку». Трактар з дзялкі кіраваў на вялікія саўгасныя вагі, і там ужо кладаўшчыца, узважыўшы ўраджай, вылічвала, колькі «працэнтаў» з сабранага чалавек можа забраць сабе. Усе былі свае людзі, кладаўшчыца дазваляла выбраць самыя лепшыя і буйныя буракі. Іх грузілі на падводу са «скрыняй» і везлі да сваіх хлявоў. Праехацца наверсе на гэтым сакавітым грузе — для малых была прыгода яшчэ тая. «Працэнты» складвалі ў склепе і пасля зімой імі, нарэзанымі тонкімі скрылікамі, частавалі рагулю. А яшчэ ёй перападаў бурачнік з поля, таму малако ў сярэдзіне кастрычніка было саладзейшае, чым заўсёды...

Прайшло нейкіх трыццаць гадоў — і ўсё стала інакш. Людзей замянілі машыны, малако прывозіць аўтакрама, і яно заўсёды аднолькавае на смак. Тое, што было часткай жыцця для многіх, што ўспамінаецца нават праз трыццаць гадоў — цяпер проста тэхналагічная аперацыя ў добра наладжаным вытворчым працэсе... Жыць стала прасцей, але — ці цікавей? ці жывей? Пэўна, ведаюць толькі чырвоныя клёны на ўзлеску, якія за гэтыя гады нават ні каліва не падраслі.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.