Вы тут

Апенькавыя выхадныя. Пра грыбы і не толькі


У грыбы мы выправіліся нечакана самі для сябе. На пагоджыя выхадныя была процьма планаў: у вёсцы, як вядома, восень — работ восем, на градах стаялі нявыбраныя буракі і морква. Але ў нядзелю раніцай ледзь не хорам сказалі: «А давайце з’ездзім у лес!» Бо гэта ж немагчыма: бачыць паабапал дарогі дзясяткі машын, прыпаркаваных на ўзлеску, сустракаць людзей з поўнымі кашамі і вёдрамі (гэта на шляху з горада), а самому да гэтага дзейства ніяк не прычыніцца. Вытрымалі толькі ў суботу, а назаўтра, адклаўшы ўсе агародна-сядзібныя планы на потым, рушылі ў Варонаўшчыну, даволі вялікі лес, які пачынаецца акурат за вёскай — толькі па полі з паўкіламетра прайсці.


Малыя пайшлі па самым краі — там заўсёды растуць польскія грыбы, а я вырашыла ісці паралельна ім, але крыху глыбей у лес. «Глыбей» атрымалася нашмат больш, чым меркавала: давялося абыходзіць вялізную елку, вывернутую з коранем, пасля — яшчэ адну. Апынулася практычна ў гушчары, не тое каб незнаёмым — колькі тут ужо ходжана-пераходжана, але дзесьці пад сэрцам з’явіўся такі не вельмі прыемны халадок. Успомніла, як пару гадоў назад заблукалі з сястрой у гэткім самым знаёмым з дзяцінства лесе: бабры ў ім на невялікай ручаіне зладзілі плаціну, ператварыўшы ручаіну ў вялізнае возера. Пакуль абыходзілі гэты нечаканы вадаём, страцілі ўсе арыенціры. З лесу мы ўрэшце выйшлі без старонняй дапамогі, але каля іншай вёскі, якая ад нашай, калі па шашы, — кіламетраў за сем... Перспектыва падобнай прыгоды выглядала так сабе, а тут яшчэ заімжэў дробны паскудны дожджык і стала амаль цёмна. 

Грыбоў відаць не было, малых паклікала пару разоў — не адазваліся. Ужо амаль панікуючы, пачала прадзірацца праз лаўжы, прыблізна трымаючы ў галаве напрамак руху…

Здалёк спачатку здалося, што праз хмары выглянула-такі сонца — так раптоўна пасвятлела ў лесе. Але не — дожджык па-ранейшаму мгліў, неба ўсё было зацягнута шэрым. Светла было... ад апенек. Яны — беленькія, крамяныя, з тоўсценькімі ножкамі, былі літаральна паўсюль: на пнях, на ствалах буралому, на жывых дрэвах, на зямлі. Гэта было якраз тое месца, пра якое я неаднойчы чула ад старэйшых, з якога больш удачлівыя грыбнікі везлі апенькі на возе ў мяшках і на якое мне дагэтуль ніколі не шчасціла патрапіць…

Кінулася рэзаць гэта багацце са сквапнасцю сапраўднага грыбніка («усё маё, і гэта маё, і вунь тое — маё!»), пасля зразумела, што адна буду збіраць тут грыбы да вечара. Давялося званіць малым, каб ішлі на дапамогу. Яны таксама захоплена ахнулі, убачыўшы аб’ём работы. Так, менавіта работы, бо калі хтосьці думае, што збіраць апенькі — проста задавальненне, вельмі нават памыляецца. Як па мне, дык горш збіраць толькі чарніцы. Зрэшты, галоўнае, каб было што збіраць.

Працавалі мы спакойна і засяроджана, размеркаваўшы паміж сабой, хто дзе рэжа. Раптам заўважылі «канкурэнта» — наводдаль схіліўся над пнём дзяцюк у дажджавіку. Пачуўшы і ўбачыўшы нас, надзвычай абрадаваўся: «Людзі! Людзі, а дзе тут выхад?» Аказалася, ён прыехаў у лес з сям’ёй на мікрааўтобусе, тэлефон у гэтым самым мікрааўтобусе забыўся. Ад сваякоў неяк незаўважна адбіўся, гукаў — не чуюць. Патрапіўшы на грыбное месца, настолькі захапіўся, што перастаў кантраляваць, дзе знаходзіцца, страціў арыенціры. І вось цяпер радаваўся нам, як Рабінзон, які ўбачыў на гарызонце ветразь…

Мы яму паказалі напрамак, куды ісці. Мужык, падзякаваўшы, хуценька пашыбаваў, куды паказалі. Кош у яго быў яшчэ не зусім поўны, але чалавеку яўна было не да грыбоў — абы выбрацца з лесу.

А мы праз нейкую гадзіну, набраўшы поўныя кашы і пакеты, якія ўзялі «на ўсякі выпадак», зразумелі, што ўсяго ўсё роўна не збяром, і таксама пайшлі на выхад. Заблукаць ужо не баяліся: па недалёкай дарозе хоць зрэдку, але праязджалі машыны, і гэта быў найлепшы арыенцір (ратавальнікі нас, я думаю, пахвалілі б). Ішлі, абмяркоўвалі, што будзем рабіць са «здабычай». Вырашылі варыць на вуліцы ў вялікім чыгуне, як калісьці рабілі мама і бабуля. Малыя яшчэ набралі чорных груздоў, збіраліся пасаліць сырымі, прапаноўвалі падзяліцца. Я адмовілася: гэтых грыбоў наелася калісьці на ўсё жыццё. Амаль дваццаць гадоў назад мы назбіралі іх на цэлую ладную бочачку. Храбусткія, цвёрдзенькія, яны былі вельмі смачныя. І сталі ў нейкім сэнсе выратаваннем. Я тады будавала кватэру, даводзілася эканоміць на ўсім. І мама кожныя выхадныя пякла мне на цэлы тыдзень блінчыкі з грыбамі. Яны пасля цэлы тыдзень былі і на сняданне, і на абед, і на вячэру. З таго часу я салёныя грузды нават не каштую…

Дома мы разаслалі вялікі цэлафан, высыпалі на яго сабраныя грыбы. У вялікую кучу — апенькі, у трохі меншую — усе астатнія. Вядома ж, пафоткаліся каля іх (як жа без гэтага). Палілі касцёр, мянялі ваду, злівалі, прамывалі, загружалі новую партыю (пра агарод нават ніхто ўжо і не ўспамінаў)... Усё гэта рабілі ў старым садзе, а над галавой пакалыхваліся жоўтыя, спелыя ўжо антонаўкі. І было ў гэтых клопатах нешта такое спрадвечнае, устойлівае, што жыве, пэўна, у геннай памяці, ад чаго было надзвычай хораша. Не толькі таму, што нібы вярнуўся ў дзяцінства, а яшчэ вось і з-за гэтага сялянскага, заспакоена-задаволенага: зрабілі запасы на зіму. Хаця сёння без тых грыбоў сто гадоў пражыць можна, але вось жа сядзіць яно, сялянскае, дзесьці глыбока ў душы, у галаве. Зрэшты, а што ў гэтым дрэннага?

Карацей, гэта я да чаго ўсё пішу. Часам варта дазваляць сабе рабіць не тое, што трэба і неабходна, а тое, што хочаш, да чаго ў пэўны момант ляжаць душа і думкі, нават калі гэта самая трывіяльная справа, як паход восенню ў грыбы. Вынік можа здзівіць нават вас саміх — уражаннямі, нечаканым адчуваннем спакойнага шчасця. А калі знаёмыя і калегі будуць пытацца, як выхадныя, абсалютна шчыра, не задумваючыся, можна будзе адказаць: «Выдатна!»

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.