Вы тут

Сяброўка-восень, або некалькі нататак з дзённіка адпускніка, які не паехаў на мора


Так, менавіта гэтак сёлета атрымалася — мора засталося няўбачаным. Не тое што магчымасці не было — ніхто не перашкаджаў, збірайся ды едзь сабе. Але ад адной толькі думкі аб далёкіх пераездах-самалётах, зборах-чамаданах станавілася ніякавата (можа, гэта ўзрост?). Дый час цяпер такі неспакойны, што дома, на Радзіме — яно і лепей, і надзейней. Карацей, зборы былі нядоўгія: дачакацца суседа Андрэя, які працуе ў сталіцы таксістам, каб прыняў выклік на паездку за горад, палавіць катоў ды пасадзіць у пераноскі. Паўгадзіны язды — і мы ўжо спыніліся на нашай вясковай вуліцы. Першае, што зрабілі, выйшаўшы з машыны, задралі галовы ў бок Андрэева ўчастка — там на высачэзнай крыху пахіленай ліпе сядзеў хлопец з пілой. Дрэва надламаў апошні моцны вецер, не ўпала яно, бо абаперлася на Андрэеў склеп. Альпіністы, якіх выклікалі, каб спілаваць небяспечную махіну, узялі за работу паўтысячы рублёў. Яно, пэўна, таго каштавала: працавалі хлопцы ўвесь светлавы дзень...


Фота: pexels.com

Іхняя бензапіла ды гучная пераклічка толькі і парушалі звонкую вераснёўскую цішыню. Як толькі з канікулаў раз’ехаліся дзеці і іх гарадскія бабулі-дзядулі, гэтая цішыня шчыльнай пялюшкай накрыла ўсё наваколле. Падлятае камар — а ты яго чуеш за некалькі метраў — вось якая там цішыня. Але сёлета яна была зусім нядоўгай…

Удзень яе ўвесь час парушалі газавікі — па вёсцы вядуць прыродны газ. Ездзілі туды-сюды па вуліцы на сваім вялікім жоўтым трактары з каўшом, ставілі каля хат апоры пад лічыльнікі, рамантавалі пашкоджаную пры пракладванні труб праезную частку... Цішыня, тая самая вераснёўская, звонкая, вярталася толькі пад вечар. І зноў ненадоўга — як толькі сонца імкліва закочвалася за хмызняк і падпаўзала халаднаватая цемра, нараджаўся ў недалёкім лесе і разносіўся рэхам па рэчцы за агародамі гучны рык. Ён паўтараўся некалькі разоў, пасля ў адказ падобныя вусцішныя гукі несліся ўжо аднекуль з процілеглага боку. Калі не ведаеш, што гэта такое, — лёгка можна пасівець. Ці звар’яцець, асабліва калі начуеш адзін у хаце. Бо, калі вобразна апісваць прыроду гэтых гукаў, — нібы нейкая пачвара ў тым лесе наелася чалавечыны і хоча яшчэ. Фільм жахаў дый годзе!

Насамрэч гэта... алені. Так, тыя самыя, высакародныя прыгажуны, з тонкімі зграбнымі нагамі, доўгімі шыямі, ганарліва ўзнятымі галовамі з адмыслова вытачанымі рагамі. У іх пачынаецца ў гэты час гон, і самцы так страшна крычаць у цемры, абараняючы сваю тэрыторыю і прыцягваючы ўвагу процілеглага полу. Алені з’явіліся ў нас нядаўна, іх запусцілі ў мясцовыя лясы гадоў дзесяць назад. Мясцовыя жыхары, якія іхніх «песень» дагэтуль не чулі ніколі, спачатку нават на вуліцу баяліся ўвечары выходзіць. Пасля мужыкі-паляўнічыя растлумачылі перапалоханым бабулям, што да чаго.

А гэтая ранняя вераснёўская цемра заўсёды заспявае знянацку. А яшчэ сёлета сапраўднае летняе надвор’е ўводзіць у зман. Здаецца, сонца яшчэ высока, яшчэ можна шмат чаго зрабіць, а яно раз — і цёмна. Восем гадзін — а ўжо, лічы, ноч. І з кожным днём усё раней і раней. Не паспяваеш ні граду дакапаць, ні рыштунак спарадкаваць, каля хаты добра, што ліхтар на ганку, а трохі далей — дык ужо і навобмацак усё робіш... Але затое якое ў гэты час неба! Зоркі такія вялізныя і яркія вісяць над галавой, што, здаецца, працягні руку — і дастанеш. І менавіта ў гэты раннявосеньскі час можна ўбачыць, як Вялікая Мядзведзіца павольна перамяшчаецца па начным небе, а заадно і паварочваецца сама. Гадзін у пяць раніцы ў гэты час яна ўжо вісіць вельмі нізка над гарызонтам, лічы, на поўначы, а сам «коўш» павернуты «ручкай» уніз. Дзеля гэткага відовішча варта прачнуцца, бо ў горадзе, каб і хацеў, такога не ўбачыш.

Хата напоўненая непаўторным водарам — сушаных яблыкаў і... малін. Сёлета пасаджаная два гады назад рэмантантная маліна дала такі восеньскі ўраджай, што не ведаем, куды тыя ягады падзець. Дзякуй «народнаму садоўніку» Дзмітрыю Кастрыцкаму. Зрэшты, гэта для гледачоў АНТ ён з такімі рэгаліямі, для нас жа ён проста аднавясковец Дзіма, які вырас на вачах. З яго падачы стала «тэлезоркай» і наша вёска, бо ўсе здымкі праводзяцца на Дзіміным агародзе, а за спінай у яго — наша вуліца і некалькі хат нават відаць. Так што кожную суботу ўвечары можна не толькі карысныя парады слухаць, але і на родныя краявіды любавацца…

Зрэшты, мы і самі з вусамі, дакладней, з агародамі, і там таксама нешта вырасла. І гэтае «нешта» самы час на зіму нарыхтоўваць. Гаворка не проста пра слоікі-«закаткі», — ёсць у гэтым свой, амаль сакральны, сэнс. Вось, напрыклад, кетчуп. Рэцэптаў у тым жа інтэрнэце, можа, нават і лепшых-смачнейшых — заваліся. Але ж гэта не тое. Зусім іншая справа — рэцэпт, запісаны ў спецыяльнай кнізе, што ляжыць на сваім месцы ў шафе. Яго мы здабылі ў роднай мамінай вёсцы, у яе колішніх суседзяў, гадоў мо дваццаць назад. Мы тады выпадкова завіталі да іх на падворак, і тыя клапатлівыя гаманкія цёткі мітусіліся, не ведаючы, куды пасадзіць неспадзяваных гасцей і чым пачаставаць. Пакаштаваўшы самаробную смакату з памідораў, матуля папрасіла рэцэпт. Запісвалі яго, памятаю, простым алоўкам на папяровых грашах. Пасля мама старанна перапісала яго ў спецыяльную кніжку... У ёй ад часу пажаўцелі старонкі, вынілялі літары, якія даводзіцца паднаўляць. Кетчуп, які варым кожны год, мы з сястрой называем «мамін», дарослыя пляменніцы — «бабулін». Іншага рэцэпту мы і не шукаем. Навошта, калі ёсць свой, сямейны, запісаны родным почыркам у кнізе, што заўжды на сваім месцы?..

Вось неяк так. А мора — няхай пачакае. Дасць бог, яшчэ з ім убачымся. А не — дык таксама бяда невялікая.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.