Вы тут

За плячыма не насіць. Мы не здагадваемся, калі і якія веды спатрэбяцца нам у жыцці. Галоўнае — каб яны былі


Зачапіліся ўчора з прыяцелькай за тэму выяўленчага мастацтва. Яна была нядаўна ў Нарвегіі, расказвала пра самы вялікі музей Манэ. «Каторага — Эдуарда ці Клода?» — спыталася ў яе. «Таго, што «Крык» напісаў...» — «Дык гэта ж Мунк». — «Во, дакладна Мунк. А я як сказала?..» І тут за некалькі хвілін я ёй выдаю і пра Мунка — заснавальніка школы экспрэсіянізму (а яго «Крык» лічыцца першай работай гэтай мастацкай плыні»), і пра Эдуарда Манэ, які сваім «Снеданнем на траве» паклаў пачатак імпрэсіянізму, і пра Клода Манэ, які лічыцца адным з самых выбітных прадстаўнікоў гэтай школы... «Адкуль ты гэта ўсё ведаеш?» — здзіўлена спыталася прыяцелька. «З лекцый на журфаку». — «Дзіўна, што ты памятаеш. Колькі гадоў ужо прайшло...»


А яно і праўда — колькі гадоў. І колькі лекцый, семінараў, урокаў было ў гэтым жыцці — запомніць усё проста немагчыма. Але курс «Гісторыя мастацтва» помніцца ўвесь. Бо Людміла Пятроўна Саянкова, якая яго выкладала, не проста расказвала. Яна старалася нам усё паказаць. З дапамогай слайдаў, малюнкаў — тады яшчэ не было ўсюдыіснага інтэрн'ту. Мы хадзілі з ёй у музеі, на лекцыі па гісторыі музыкі яна вяла нас ва ўніверсітэцкую аўдыторыю, дзе было піяніна, запрашала выкладчыцу з кансерваторыі. І мы ў жывым выкананні слухалі «Месяцовае святло» дэ Бюсі, «Балеро» Равэля — так вывучалі імпрэсіянізм у музыцы. А пасля — на кантрасце — слухалі дадэкафонію, ад якой стыла кроў, — Шнітке і «Таго, хто выжыў у Варшаве» Шонберга... Ужо гадоў праз дзесяць пасля заканчэння ўніверсітэта я трапіла ў Эрмітаж і там у зале імпрэсіяністаў пачала расказваць стрыечнай сястры ўсё, што памятала з журфакаўскіх лекцый. Праз нейкі час за намі хадзіла ўжо чалавек пятнаццаць наведвальнікаў, якія слухалі гэту імправізаваную экскурсію, а бабулі-наглядчыцы ўжо пачалі падазрона на нас пазіраць...

З урокаў у школе (а з яе заканчэння ўжо прайшло... страшна сказаць, колькі) і сёння помняцца ўрокі французскай, якія выкладаў Віктар Антонавіч Саковіч. Мы на іх размаўлялі, гулялі, спявалі песні. Тыя веды, тыя словы, закладзеныя ў дзесяці-дванаццацігадовым узросце, засталіся ў галаве не толькі ў мяне, якая яшчэ вучыла мову ва ўніверсітэце і самастойна. Нядаўна, на чарговым юбілеі заканчэння школы, нашы хлопцы (дакладней, не хлопцы, а дарослыя дзядзькі), якія да французскай пасля школы не мелі ніякага дачынення, з лёгкасцю прыгадвалі і правільна вымаўлялі фразы пра надвор'е і сям'ю, вывучаныя ў мінулым тысячагоддзі ў чацвёртым класе... Светлай памяці Мікалай Канстанцінавіч Багадзяж на ўсё жыццё зацікавіў антычнай гісторыяй, я і сёння памятаю імёны ўсіх багоў і герояў. На ўроках літаратуры ў Тамары Мікалаеўны Свяцкай разыгрывалі сцэнкі па «Недаростку» Фанвізіна, утваралі «партыю Базарава» і «партыю Кірсанава» і ледзь не біліся, даказваючы сваю пазіцыю — так мы вучылі «Бацькоў і дзяцей « Тургенева. На ўроках беларускай літаратуры ў Людмілы Васільеўны Ляўковіч мы выходзілі на прыроду і спрабавалі складаць вершы. І ў некага гэта даволі прыстойна атрымлівалася, матуля да канца жыцця захоўвала гэтыя спісаныя некалькімі пакаленнямі вучняў аркушы... А нядаўна, калі нацягвалі сетку-рабіцу, я нечакана для ўсіх з лёгкасцю яе разабрала на часткі, а пасля гэтак жа лёгка сабрала. Гэта ў пятым класе на ўроку працы Франц Зянонавіч Хмялеўскі навучыў нас рабіць з алюмініевага дроту дэталі і збіраць іх у адно цэлае...

Мы не ведаем, нават не здагадваемся, калі і навошта спатрэбіцца тое, што мы вывучаем у школе, каледжы, універсітэце. Магчыма, веданне, чым адрозніваецца Клод Манэ ад амаль цёзкі Эдуарда, ці ў чым розніца светапогляду Базарава і Кірсанава, ці ўменне адчуць рыфму і рытм або ў памяці скласці або адняць трохзначныя лічбы проста дазволіць адчуваць сябе адукаваным чалавекам. А магчыма, калі-небудзь камусьці выратуе кар'еру ці нават жыццё — такіх выпадкаў вядома шмат... Мы, становячыся носьбітамі гэтых ведаў, нячаста задумваемся над іх каштоўнасцю (пакуль не спатрэбяцца). А яшчэ радзей, а то і ніколі, згадваем пра тых людзей, якія зрабілі так, каб гэтыя веды запомніліся, засталіся з намі на ўсё жыццё. Не кажучы ўжо пра тое, каб ім за гэта падзякаваць.

І калі, як не сёння, у Дзень ведаў, гэта зрабіць? Калі не павіншаваць, дык прыгадаць добрым словам сваіх настаўнікаў, сваіх выкладчыкаў. За тое, што былі ў нашым жыцці, за тое, што нам гэтыя веды далі. Якія рабілі і працягваюць рабіць наша жыццё цікавым. Нават калі пасля заканчэння школы ці ўніверсітэта прайшло... страшна сказаць, колькі.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.