Вы тут

Калі мялеюць рэкі. Самае важнае ўсё роўна застаецца


«Цётка Лена, паехалі з намі на рэчку!» — клікалі малыя ў мінулыя спякотныя выхадныя. Ісці было далекавата — па ўсёй доўгай вясковай вуліцы, пасля яшчэ праз колішнюю балацянку. Але вабіла перспектыва апынуцца ў цяньку каля вады, дый пытанне бяспекі было не апошнім. Нашы жэўжыкі гойсалі туды на веласіпедах ужо каторы дзень і хорам пераконвалі ўсіх, што вады там у рэчцы «самае большае во пасюль», паказваючы на паабдзіраныя і пакусаныя камарамі загарэлыя калені. Але веры дзевяцігадовым авантурыстам асабліва не было, таму, дастаўшы з хлева стары веласіпед, я ўслед за імі папраставала да невялікай рачулкі за вёскай.


Яна і сапраўды аказалася абсалютна бяспечнай для малых — там, дзе яны гулялі, будуючы плаціны і гарады, а пасля ладзячы «цунамі» — шлёпкамі ганяючы ваду так, каб змыць горад (сучасныя дзеці — сучасныя гульні, нічога не папішаш) , было сапраўды мелка. У зацені старых дрэў гэта месца ў жнівеньскім пекле было гэткім лакальным раем. Цішыню парушаў мерны гул далёкіх камбайнаў, паветра над рэчкай трымцела і пералівалася вясёлкавым, сонныя ад гарачыні стракозы не пырхалі, як звычайна, часцей прысаджваліся на паверхню вады, ляніва ўзмахвалі сінімі крылцамі, узляталі ненадоўга, зноў садзіліся... Было ў гэтай прахалоднай млявасці нешта такое невымоўнае, ад чаго хораша было на душы і не хацелася нікуды ісці, нават рухацца з месца...

Але ўсё ж пайшла па ледзь бачнай дарозе, выйшла на адну з «лучак». «Лучкамі» ў нас зваліся ўчасткі травы пасярод хмызоў. Хмызы з'явіліся даўно, выраслі на колішняй кантрольнай паласе (да 1939 года тут была мяжа) і дагэтуль завуцца Кантрольная. А на «лучках», на якія не даходзіла саўгасная тэхніка, пасвілі вясковых кароў. Трава там заўсёды была добрая і сакавітая, мо таму што рагулі яе старанна выскубалі, але пасвіць радоўку на «лучках» было так сабе задавальненне — некалькі асабліва шкодных кароў абавязкова збочвала ў кусты, і аднойчы, не згледзеўшы, знайшлі іх толькі пад вечар у суседняй вёсцы. Каб такога не здарылася, даводзілася іх раз-пораз пералічваць. А статак быў — каля паўсотні галоў. І амаль усе аднолькавыя — пярэстыя, чорна-белыя, выдзялялася толькі адна чырвоная Сліва, якая першая ў шкоду і лезла. Пярэстыя каровы сніліся пасля радоўкі цэлую ноч — ты іх лічыў, збіваўся, зноў пачынаў спачатку...

Цяпер на «лучках» пакошана і відаць сляды трактара. Кароў няма — ні пярэстых, ні чырвоных — ніводнай. Малако нешматлікія вяскоўцы і шматлікія дачнікі купляюць у аўтакраме. Праўда, яно такой гарачынёй вельмі хутка кісне, але ж гэта вам не сырадой...

Там, дзе плёскаюцца малыя, калісьці была Купальня. Назва гаворыць сама за сябе — на даволі-такі шырокай і месцамі вельмі глыбокай і вірлівай рэчцы тут быў зладжаны своеасаблівы вясковы пляж. Пасля ўверсе па цячэнні рабілі новую дарогу і перакрылі рэчку дамбай. Цяпер купаюцца ўсе на тым рукатворным возеры, а Купальня як назва засталася толькі ва ўспамінах месцічаў, чыё дзяцінства прайшло на яе беразе. Сказала пра гэта малым: запомніце, кажу, як называецца. Пасмяяліся: «Чаму — Купальня? Хіба ж тут можна купацца?» Не, не запомняць, няма чаго і спадзявацца...

І Васілёва бярэзніка, што недзе зусім недалёка, не запомняць, нават расказваць няма чаго. Дзеці рускамоўныя, ім і само слова «бярэзнік» асабліва нічога не скажа. Дый бяроз там было няшмат нават у маім дзяцінстве, пэўна, той невядомы Васіль вельмі даўно іх садзіў. Затое там было добрае месца для рыбалкі, на вуду часта чапляліся келбы, сліжы, гаркушкі — маленькія рыбкі, пачастунак хіба для катоў, я так і не высветліла дагэтуль, як яны называюцца па-навуковаму. Увосень на Васілёў бярэзнік хадзілі па дзікую шыпшыну, шыкоўныя кусты якой чырванелі здалёк, узімку ладзілі побач лыжню — ляцелі з гары ўніз з вясёлым візгам, пасля караскаліся наверх, старанна ставячы лыжы «елачкай», каб не скаціцца назад...

Дарэчы, дзе ён, той бярэзнік? Гэты пагорак? Ці, можа, вунь той, далейшы? Памяць ліхаманкава шукае, за што зачапіцца. Ні бяроз, ні шыпшыны, ні рыбнага месца — рэчка ж з-за дамбы памялела і павузела паўсюль, зараслі берагі. Засталася толькі назва — родная ўтульная назва. Якая жыве, пакуль ты ёсць на гэтай зямлі.

Іду назад да Купальні, ногі блытаюцца ў роснай яшчэ траве. Малыя захоплена пішчаць — злавілі рыбку. «Гэта — гаркушка», — з веданнем справы заяўляю ім. «Гаркушка, гаркушка,» — ахвотна паўтараюць: слова новае, ім у гэты момант цікавае. «А можа, келба?» — сумняваюся (канешне, не ўслых), спрабуючы выцягнуць з памяці адрозненні гэтых «невядомых навуцы» рыбак. Не, у келбы, здаецца, былі яшчэ на баках плямкі... Іншая справа — сліжыкі, іх ні з кім не зблытаеш, гэткія самы ў мініяцюры, нават з вусамі, толькі велічынёй з палец. Цікава, ці засталіся яны дзе ў гэтай змялелай рэчцы?..

Сяджу на цяністым беразе і лаўлю сябе на думцы, што гэта ці не самы лепшы выхадны гэтым летам. Не толькі таму, што знайшла нарэшце пару гадзін не тырчаць у агародзе, а адпачыць, падыхаць, пакамунікаваць з дзецьмі. Родныя назвы і словы, якія раптам нахлынулі з усіх бакоў, тыя, што вельмі-вельмі рэдка вымаўляю ў сваім паўсядзённым гарадскім жыцці, але якія, аказваецца, заўсёды былі са мной... Яны разам з успамінамі нібы ахінулі пяшчотнай лёгкай пялюшкай і ціхенька закалыхвалі ў такт павольнаму руху сініх крылцаў. І так захацелася, каб і ў гэтай малечы, што робіць на вадзе «цунамі», калі яны стануць дарослымі (а гэта будзе вельмі хутка, яны і азірнуцца не паспеюць) і прыйдуць на гэты бераг са сваімі дзецьмі і ўнукамі, таксама з'явілася гэта адчуванне. Якое, здаецца, і ёсць тое самае шчасце.

Засталося толькі прыдумаць, як і што зрабіць, каб яно так і было...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Фота: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.