Вы тут

Бойцеся разявакі з тэлефонам. І не чакайце ад яго дапамогі


Ведаеце, што мяне больш за ўсё ўразіла ў жудаснай трагедыі, якая адбылася днямі ў прыгарадзе Махачкалы, дзе адбыўся выбух на запраўцы, у выніку якога загінулі больш за семдзесят чалавек? Не гэта лічба і не колькасць пацярпелых, якіх больш за сотню, і ці ўсе з іх выжывуць, невядома. Не ўяўленне, што большасць гэтых няшчасных людзей фактычна гарэлі зажыва. Не паведамленні пра прычыны выбуху — а прычына, як і ў большасці трагедый, — звычайныя чалавечыя безадказнасць і сквапнасць. Там, мяркуючы па ўсім, хапала і таго, і другога: станцыя тэхабслугоўвання не павінна была так блізка знаходзіцца ад АЗС, але ж гэта так выгадна. Яшчэ некаторыя крыніцы пішуць пра тое, што на той жа станцыі некаторыя памяшканні былі занятыя пад склад салетры — той самай, выбух якой некалькі гадоў назад знёс палову Бейрута. Зрэшты, з гэтым разбяруцца следчыя, прычыны будуць выяўлены і апублікаваны, вінаватыя будуць пакараныя.. Дык вось, пра тое, што ўразіла найбольш. Не штосьці з пералічанага. А тое, з чаго пачыналася.


А пачыналася ўсё, калі верыць сведчанням відавочцаў, якія цяпер публікуюць шматлікія рэсурсы (і не верыць у тое няма ніякіх падстаў, бо карціна, на жаль, тыповая, нават без папраўкі на геаграфію), з таго, што на СТА загарэўся аўтамабіль. І адусюль — і з запраўкі, і з недалёкай шашы (спыніліся спецыяльна), і з недалёкіх дамоў — сабраліся разявакі. (Большасць з іх ужо нябожчыкі або ў бальніцы, можа, яно і нельга так, але тут буду называць усё сваімі імёнамі.) І гэтыя самыя разявакі замест таго, каб патушыць тую няшчасную машыну — а талакой гэта можна было лёгка зрабіць яшчэ да прыезду пажарных, — што вы думаеце пачалі рабіць? Правільна, угадалі: дасталі тэлефоны і пачалі здымаць машыну, якая гарэла. Бо гэта ж такое відэа можна будзе ў сеткі выкласці! Праз некалькі хвілін выбухнула тое, што выбухнула на СТА, пасля здэтанавалі цыстэрны на АЗС — і маем больш як сем дзясяткаў трупаў, многія з якіх можна апазнаць толькі па ДНК. Яшчэ напачатку дзіўна было, адкуль столькі ахвяр і пацярпелых — ну не можа столькі аўтааматараў сабрацца адначасова ў адным месцы, каб заправіць або падрамантаваць жалезнага каня. А яно вунь як выйшла — большасцю ахвяр сталі менавіта разявакі. Якія ні пра што не думалі, толькі пра ўдалае відэа ці фота...

А цяпер у мяне пытанне да тых, хто чытае гэтыя радкі. Адкажыце шчыра: што рабілі вы, калі пабачылі, як гарыць тая машына? Толькі шчыра... Ага, вось таму я і напісала: без папраўкі на геаграфію.

Чалавек увогуле істота сама па сабе вельмі цікаўная. І гэта добра, інакш у свой час ён наўрад ці выбраўся б з пячоры. Разявакі былі заўсёды. Але сярод іх заўсёды знаходзіліся спагадлівыя, якія кідаліся дапамагаць аб'екту цікаўнасці. Цяпер такіх спагадлівых, на жаль, усё менш. Ці не таму, што рукі занятыя смартфонам з камерай, а мазгі — уяўленнем, які ўдалы кадр можа атрымацца і колькі «лайкаў» за яго, размясціўшы ў сеціве, можна сабраць?

Хтосьці запярэчыць: а што ў тым дрэннага, паглядзіце, колькі ў сеціве харошых гісторый пра выратаванне людзей і жывёл, знятых выпадковымі сведкамі на камеру тэлефона. На гэта я адкажу: а колькі тыя ж выпадковыя сведкі знялі і выклалі ў інтэрнэт, як пакутуюць людзі і жывёлы, або — што яшчэ горш — як іх мучаюць? І пры гэтым ні словам, ні справай не дапамогшы, не заступіўшыся. Сведкі, але ніякім бокам не ўдзельнікі — гэта ж так зручна. Як тая журналістка, што зняла мёртвую сірыйскую дзяўчынку, выкінутую на бераг мора (памятаеце, калі ў Еўропе пачынаўся міграцыйны крызіс, гэтыя кадры абляцелі ўвесь свет). І ніхто не дадумаўся спытаць у дамы-рэпарцёра (а найперш — жанчыны), чаму яна не зняла, як спрабуе ратаваць дзіця, як падымае маленькае цельца, як плача над ім, убачыўшы, што ўжо нічым не дапаможаш? Ды проста таму, што гэтага, хутчэй за ўсё, не было. Раўнадушная сведка. Падышла, зрабіла ўдалы кадр, пайшла далей.

Амы — нашмат лепшыя? Не цешце сябе ілюзіямі. Успомнім давайце гісторыю, што нядаўна здарылася ў Мінску. Дзядуля выйшаў зімой у краму, паслізнуўся і ўпаў. Кіёк, з якім ішоў, адляцеў на адлегласць. Без яго стары падняцца не мог. Ён прасіў мінакоў дапамагчы, але тыя праходзілі міма, грэбліва крывячы твар: маўляў, яшчэ адзін п'яніца. Падлеткі (стала вядома ўжо пасля) знялі бездапаможнага старога на тэлефон — як ён спрабуе ўзняцца, паслізгваецца і падае — і выклалі пасля ў сеціве са здзеклівым каментарыем кшталту: «Звычайны вечар на Ангарскай». Дзядулю — абсалютна цвярозага, але знясіленага і пакрыўджанага, падняў нарад міліцыі. (Ад праваахоўнікаў і сталі вядомыя падрабязнасці гэтай гісторыі.)

Нядаўна ў нашым двары сабака напаў на бяздомнага коціка. Тое беднае кацяня, напыжыўшыся, моцна мяўкала, але шанцаў у яго не было — сабачыя іклы ляскалі ўсё бліжэй. Гаспадар сабакі стаяў убаку і з усмешкай здымаў усё на тэлефон. Яшчэ некалькі разявак стаялі крыху наводдаль і здымалі, як мужык у шортах здымае, як ягоны здаровы дварняк вось-вось загрызе худую рудзенькую кошку. І ні адзін не заступіўся за маленькую жывёлку.

Мы з нашай дворнічыхай Палінай беглі з розных бакоў. Я — лямантуючы і махаючы сумкай, яна — узброіўшыся вялікай мятлой. Пакуль я разбіралася з прыдуркам-гаспадаром сабакі (коцік, выбраўшы момант, уцёк, давялося пасля званіць валанцёрам), Паліна ўпэўнена рушыла ў бок разявак. Тыя нават тэлефоны апусціць не паспелі. Дасталося ўсім — каму па спіне, каму і па галаве. Разявакі прыгаломшана, не пярэчачы, рэціраваліся. Кадраў з іхняй фотавідэасесіі пакуль нідзе відаць не было. Можа, паразумнелі?

Толькі наўрад ці на кожнага разяваку з тэлефонам знойдзецца дворнічыха з мятлой. Каб па спіне, а то й па галаве... А шкада...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.