Вы тут

Алег Чыркун: Здольнасць адчуваць музыку мне дадзена ад бога


Талент усюды знойдзе сабе дарогу. Пацвярджэнне таму — гісторыя беларускага кампазітара, заслужанага дзеяча мастацтваў Алега Чыркуна. Ён насуперак усім жыццёвым акалічнасцям знайшоў свой шлях у прафесію. Сёння Алега Міхайлавіча ведаюць і любяць як аўтара песень і шматлікіх музычных твораў (музыка да тэатральных пастановак, сімфоніі, аперэты, кантаты, музычныя казкі). У размове з маэстра даведаліся, што вызначае шчаслівы лёс музычных твораў, хто фарміраваў яго погляды на майстэрства і дзе ён заўсёды знаходзіць натхненне.


Фота аўтара

— Алег Міхайлавіч, вы з дзяцінства цягнуліся да музыкі, але пайшлі вучыцца спачатку на будаўніка-муляра…

— Я нарадзіўся падчас вайны. Калі мне было 2-3 гады, апынуўся ў дзіцячым доме ў Глуску, таму што ў мяне хварэла маці, мела інваліднасць. Мы жылі там у такой драўлянай хаце. Помню, як аднойчы ўбачыў, як да дзіцячага дома ідзе жанчына, і я кінуўся да яе з крыкам «Мама!» Відаць, проста адчуў роднага чалавека. Пасля аказалася, што гэта сапраўды мая маці. Яна знаходзіла мяне і забірала дадому штораз, калі выходзіла з бальніцы. Так апошні раз забрала мяне з дзіцячага дома ў Высокім Брэсцкай вобласці. Мне тады ўжо 15 гадоў было. 

І я ўжо разумеў, мне трэба ўмець рабіць тое, што зможа пракарміць. А ў будаўнічым вучылішчы давалі форму і кармілі, таму і пайшоў у муляры. Пасля заканчэння вучобы працаваў на заводзе. Пазней паступіў ужо ў Мінскае музычнае вучылішча імя М. І. Глінкі і адтуль пачаўся мой шлях у музыку.

— Вы самі разумелі свае здольнасці ці хтосьці дапамог разгледзець талент?

— Мне здаецца, што мая цяга да музыкі і здольнасць яе адчуваць — гэта прызванне, і яно мне дадзена ад Бога. Я пачаў іграць на музычных інструментах яшчэ ў дзіцячым доме ў Маларыце. Там у нас было шмат розных інструментаў. Я як дзіця цікавіўся імі, спрабаваў нешта іграць і так асвойваў іх самастойна. Яшчэ спяваў. Быў тады фільм індыйскі «Бадзяга», і мне падабалася песня адтуль. Вывучыў яе і выконваў, падбіраючы музыку на слых.

Я быў не з тых дзяцей, якія ходзяць у музычную школу, спасцігаючы там майстэрства. Проста іграў усюды і на тым, што аказвалася ў полі зроку. Напрыклад, у дзіцячым доме ў Высокім быў баян. Навучыўся іграць на ім і акампанаваў на танцах, якія ў нас там ладзіліся. Падчас вучобы ў школе ў Мінску са мной займаўся настаўнік спеваў і падрыхтаваў мяне да выступлення на тэлебачанні, дзе я спяваў «Арляня» і «Санта Лючыю». А пазней мама на свае зберажэнні купіла мне мой першы гармонік-двухрадку, хоць вялікага дастатку яна і не мела. Мы жылі ў інтэрнаце, і там я таксама іграў на танцах.

— Кампазітарскае майстэрства вы спасцігалі ў вялікіх майстроў сваёй справы. Ці ўплывала тое на ваша стаўленне да прафесіі?

— У музычным вучылішчы ў мяне быў педагогам па кампазіцыі Рычард Пятровіч Буцвілоўскі. Ён, можна сказаць, даў мне дарогу ў прафесіянальнае жыццё. У кансерваторыі я вучыўся ў Пятра Пятровіча Падкавырава, у Дзмітрыя Браніслававіча Смольскага па класе кампазіцыі. Выкладалі ў нас таксама Анатоль Васілевіч Багатыроў, Ігар Міхайлавіч Лучанок. Проста так кампазітарам не станеш, нават калі і можаш нешта сачыняць. Калі ж гэтая здольнасць даецца чалавеку ад прыроды, то нараджаецца ўжо зусім іншая музыка. І ў наш час ёсць вельмі шмат кампазітараў, але так мала якаснага музычнага матэрыялу, бо вучыцца кампазіцыі — гэта не проста здольнасць мелодыі складаць. Там спасцігаеш тэхніку, а астатняе ўжо залежыць ад тваёй творчай індывідуальнасці. Трэба шмат пісаць, працаваць, каб стаць сапраўдным прафесіяналам. І няма сэнсу капіраваць тых, хто побач. Хоць калі я пісаў свае першыя творы, само сабой, яны ўсё ж нагадвалі часткова тое, што я чуў у іншых кампазітараў. Але паступова майстэрства адточваецца, і ты знаходзіш уласнае гучанне.

— А калі адчулі, што адбыліся ў прафесіі?

— У мяне шмат твораў напісана ў розных жанрах. Ёсць сімфанічная, вакальна-інструментальная і камерна-інструментальная музыка. Аперэта, мюзікл, музыка да тэатральных пастановак і іншае. Аднак пра тое, ці склаўся я ў прафесіі, ніколі не думаў. Лічу, што майстэрства заўсёды бачнае і адчуваецца. Ты проста працуеш, ствараеш нешта, а потым гэта ўжо слухаюць і ацэньваюць іншыя людзі. Мне здаецца, што творчы чалавек не можа адбыцца ў прафесіі ў нейкі канкрэтны момант, таму што мастак заўсёды знаходзіцца ў пошуку. Тут добра атрымалася, а там трэба знайсці новае і зрабіць лепш.

Калі працуеш над нейкім творам, то не заўсёды ты ўсім задаволены. І, маючы магчымасць змяняць і паляпшаць напісанае, абавязкова тое робіш. Напрыклад, у мяне ёсць песня «Сена маладое», якая абляцела ўвесь свет. Яна гучала ў Крамлі пры Гарбачове, бо была напісана на злобу дня. І да сёння гэты твор не страціў сваёй актуальнасці, аднак, можа, тое проста ўдача. Увогуле ў творчасці складана сказаць, што добра, а што не, што ўплывае на поспех. Я маю шмат песень, але не ўсе яны аднолькава «раскручаныя» і вядомыя людзям.

— Як жа сёння кампазітару быць пачутым?

— Вялікую ролю адыгрывае «раскрутка», але яна патрабуе фінансавых укладанняў. На тыя ж аранжыроўкі патрэбныя грошы. А калі ты сямейны чалавек, то часам даводзіцца выбіраць, куды ўкладвацца. Сёння вельмі шмат кампазітараў-аматараў, але іх музыка аднастайная. Каб песня знаходзіла водгук у сэрцах людзей, трэба яе прапусціць праз сябе. Немалаважна знайсці і свайго выканаўцу. Мне ўвогуле здаецца, што па песні можна вызначыць талент людзей, якія яе стваралі. Напрыклад, я выдзяляю для сябе такіх кампазітараў-песеннікаў, як Васіль Салаўёў-Сядой, Аляксандра Пахмутава, Ігар Лучанок, Юрый Семяняка, Уладзімір Алоўнікаў. Мне падабаецца працаваць з таленавітымі паэтамі.

Алегу Міхайлавічу шчасціць у жыцці на творчае супрацоўніцтва. Кампазітар стварыў шмат песень на вершы такіх паэтаў, як Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Пятрусь Броўка, Максім Багдановіч, Максім Танк, Янка Купала, Якуб Колас.

— Пры ўсёй жанравай разнастайнасці, якая ёсць у вашай біяграфіі, у чым хочацца сябе яшчэ апрабаваць?

— А цяпер працую над балетам. І гэта зусім іншая спецыфіка работы. Там цяжка, але і вельмі цікава. Ідэю пакуль раскрываць не буду, бо ёсць і канкурэнцыя, але, на жаль, не заўсёды сумленная.

— Для каго больш складана пісаць: для дзяцей ці для дарослых?

— Для дзетак, таму што ў іх дыяпазон голасу меншы, чым у дарослых. І мелодыю ты пішаш, арыентуючыся на гэта. Яшчэ важна і тое, ці спадабаецца музычны твор у выніку свайму выканаўцу. У мяне напісаны чатыры зборнікі музыкі розных жанраў для дзяцей.

— Хтосьці з вашых дзяцей выбраў прафесію бацькі?

— У мяне дзве дачкі і сын, і дзецьмі сваімі я задаволены. Яны ўсе вучыліся ў музычнай школе, але прафесію кожны выбраў сваю. Адна дачка стала піяністкай, другая ў медыцыну пайшла, а сын аддаў перавагу тэхналогіям. Але, на мой погляд, усе дзеці павінны вучыцца музыцы. Па-першае, гэта развівае інтэлект, а, па-другое, не важна, чым яны захочуць займацца па жыцці, але ў іх будзе пачуццё прыгожага і цяга да гармоніі.

— Улічваючы ваш жыццёвы вопыт, як лічыце, што робіць дзіця шчаслівым?

— Я пражыў цяжкае жыццё, бо ведаў і голад, і розныя нягоды. Але перакананы, як для дзіцяці, так і для чалавека ўвогуле шчасце ў тым, каб проста жыць. Вось ты маленькі хлопчык, але, нягледзячы на ўсе выпрабаванні, шчаслівы, бо нарадзіўся і жывы. А калі ёсць бацькі, то ты ўдвая шчаслівейшы.

— А жыць з кампазітарам складана?

— Спытаць лепш у жонкі, але думаю, ёй няпроста. У творчых людзей думкі заўсёды занятыя работай. Да іх тонкай натуры патрэбен асаблівы падыход, бо ўсё ўплывае на творчасць. Жанчына заўсёды дае натхненне. Жонка для мяне — нязменная муза. Мы з ёй з розных прафесійных сфер і ў нас няма пачуцця рэўнасці да чужога поспеху. Таму я ствараю, а жонка закрывае тыл у сямейным жыцці.

— Сяброў у вас шмат?

— З кожным годам, на жаль, іх становіцца менш. Новых знаходзіць ужо няма часу, а былыя сыходзяць у вечнасць. Але ў мяне былі сапраўдныя сябры, з кім мы па жыцці прайшлі разам. Ведаеце, адна справа за сталом сябрамі назвацца, а іншая, калі ў розных сітуацыях людзі вас падтрымліваюць, разумеюць і пры неабходнасці падстаўляюць плячо.

— Добрую музыку вызначае гармонія. Скажыце, а што для вас галоўнае ў жыцці?

— Мне хочацца, каб людзі жылі ў міры і каб не было вайны. Я помню, якім было жыццё ў акупаваным Мінску, таму галоўнае, няхай у нашай роднай Беларусі будуць мір і дабрабыт. Дзеля гэтага і я працую. Мне важна любіць тых, хто жыве побач, і сваю зямлю. Вышэй носа не пераскочыш, таму сабе і ўсім раю: проста жыві, паспявай рабіць добрыя справы і будзь удзячны за ўсё, што маеш.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.