Вы тут

Зазірніце ў пашпарт. Калі табе не дваццаць пяць, не варта скакаць на «тарзанцы»


Ратавальнікам дажджы дабавілі работы, пэўна, як нікому больш. І справа не толькі ў ліквідацыі наступстваў непагадзі. Пасля даждоў пайшлі грыбы, а значыць, пачынаецца сезон зніклых грыбнікоў.


Размаўляла нядаўна з адным такім, патэнцыяльным. Ён, вядома, вопытны паляўнічы, ведае навакольныя лясы як свае пяць пальцаў. Але ж размяняў ужо сёмы дзясятак, дый здароўе падводзіць стала. Не далей як зімой два разы ў бальніцы «з сэрцам» ляжаў. «Ну як, — пытаюся, — хадзіў у грыбы?» — «Хадзіў. Нахадзіўся — ледзь прыцёгся, другі дзень няважна сябе адчуваю». «А ці многа ж прынёс?» — «Ды нават вядра не набраў». — «А яно таго варта было? А ў пашпарт ты даўно заглядаў?» Памаўчаў, уздыхнуў: «Дык мы ж
ніхто не маладзеем»... Я спрабавала яшчэ сказаць, ці думаў ён, ідучы ў лес адзін, што яму можа стаць дрэнна і знайсці яго пасля змогуць толькі ратавальнікі, дый не факт, што яны не спозняцца. Пра сям'ю — дзяцей, унукаў, якія яго вельмі любяць, я сказаць не паспела — ён паспяшаўся перавесці гаворку на іншае...

Зрэшты, я яго не асуджаю, бо хто з нас любіць казаць пра ўзрост і пра здароўе, дакладней, аб праблемах з ім. Асабліва гэта датычыцца тых, хто нядаўна пайшоў на пенсію. Бо ну як жа гэта можа быць — яшчэ нядаўна скакаў як вавёрка, а тут на табе — пенсія! «Не, гэта не прысуд, — сам сабе кажа наваспечаны пенсіянер, — вавёрка яшчэ — ого, куды заўгодна даскочыць!» І працягвае скакаць. Пакуль не пакалечыцца, не трапіць на «хуткай» у бальніцу з інфарктам — і гэта яшчэ не самы горшы выпадак.

Упэўненая, амаль у кожнага ўрача ці ратавальніка ў практыцы ёсць гісторыі, калі чалавек нажыў сабе праблемы на галаву (або на іншыя часткі цела) менавіта з-за таго, што не зусім адэкватна ацэньвае свой фізічны ўзрост. Зразумела, бадзёрасць духу, падтрыманне сябе ў добрай форме, жаданне выглядаць маладзейшымі, чым ёсць на самай справе, — гэта ўсё можна толькі вітаць і падтрымліваць. Але ж з узростам павінны прыходзіць і мудрасць, і нейкі жыццёвы досвед. Які, як мінімум, павінен своечасова падказаць, што шэсцьдзясят пяць — гэта ўсё роўна не дваццаць пяць, як ні старайся.

Гаварыла нядаўна на такую тэму са знаёмым траўматолагам. Ён некалькі выпадкаў з зусім нядаўняй, летняй ужо, практыкі расказаў — знарок не прыдумаеш. Чаго вартая маладая бабуля, якая вырашыла паказаць малым унучкам, як гуляць у «рызінку»? Не расказаць, а менавіта паказаць. Калі ўзровень гульні дайшоў да «на поясе», смелая кабета памерылася ўзяць і гэтую вышыню. Скокнула як вышэй нагамі наперад — і прызямлілася з размаху «пятай кропкай» аб асфальт. Вынік — пералом касцей таза, якія яшчэ і зрастацца не хочуць... Ці яшчэ адна дама постбальзакаўскага ўзросту. На пенсіі (першы год) атабарылася ў вёсцы ў бацькоўскай хаце, завяла курэй. Тыя сталі несціся на вышках у старым хлеве. Кабета палезла шукаць яйкі (а ў яе жывой вагі больш за цэнтнер). У выніку дошкі на вышках не вытрымалі, і яна трапіла з вышак проста на сячкарню, што стаяла ўнізе. Зламаныя абедзве нагі, ірваныя раны мяккіх тканак. «Што характэрна, абедзве гэтыя пацыенткі на пытанне, які чорт іх прымусіў лезці ў тыя авантуры, здзіўлена адказвалі: маўляў, я ж у маладосці рабіла гэта без праблем... Адна шасцідзесяцідвухгадовая фіфа на нейкі званы вечар дадумалася абуць лабутэны, яшчэ і танцаваць на іх спрабавала. Зламала ступню, падаючы, выбіла локаць. А калі паспрабаваў ёй, наклаўшы гіпс, сказаць, што абутак яна выбрала, мякка кажучы, не па ўзросце, дык думаў, што яна мне тым гіпсам галаву праломіць... А нядаўна адну такога ж узросту з каналізацыйнага люка дасталі. Ёй акуляры прапісалі, а яна пераканала сябе, нібы і так добра бачыць і што акуляры яе робяць старэйшай. Адкрытага люка, знака, які стаяў побач, і нават нацягнутую стужку яна сваімі «зоркімі» вачыма не заўважыла. І ёй яшчэ пашанцавала, што зламала руку, а не шыю...»

Мужчыны тут, па яго словах, таксама не адстаюць. Адзін з маладзейшымі калегамі ў страйкбол у лесе паехаў гуляць. Запыхаўся, бегаючы, паваліўся, ды няўдала — у лаўжы, у асінае гняздо. А ён алергік, ды і інфаркт гадоў пяць назад перанёс. Карацей, зламаная рука — гэта так, пабочны эфект быў. Урачы «хуткай» не ведалі, ад чаго перш за ўсё ратаваць — ад анафілактычнага шоку ці ад сардэчнага прыступу. Яшчэ адзін «герой» 60+ вырашыў пакатацца на электрасамакаце ўнука. Паблытаў «газ» і «тормаз», з усяго разгону ўехаў у кучу шчэбню, што ляжала на вуліцы. Абадраўся тым шчэбнем увесь. А ў самога цукровы дыябет, цяпер усё гэта вельмі дрэнна зажывае. Іншы малады дзед разам з унукамі пайшоў на «тарзанцы» з берага ў рэчку скакаць. «Тарзанка» дзеда не вытрымала, да вады ён не даляцеў, нязграбна ўпаў на корч. Той зламаўся, вострым краем за малым не трапіў у вока, наскрозь прабіў «акрабату» шчаку...

«Гэта, напэўна, крытычны ўзрост такі — людзі вельмі баяцца, што іх палічаць старымі?» — спытала я ў доктара. «А я адкуль ведаю? Гэта ты ў псіхіятра папытайся. Мая справа — ім гіпс накладваць ды раны зашываць...»

«Ты тупай старэчай хадою, а думай, што дваццаць адзін, — запярэчыў мне нядаўна адзін малады пенсіянер, з якім паспрабавала паразважаць на тэму. — Бачыш, нават класік заклікае, каб не спяшаліся старэць». Але ж у Коласа — «тупай», а не «імчыся». А яшчэ — «думай». Ключавое для ўсіх узростаў слова.

Дарэчы, пра «думай». Зазірнула сёння ў пашпарт. Да пенсіі далекавата, але ўжо не дваццаць пяць. Трэба пайсці заказаць акуляры (з паўгода збіраюся). А то раптам адкрыты люк ці яшчэ якую неспадзяванку не заўважу. Во смеху доктару будзе...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.