Вы тут

Свае-чужыя. Навука жыць па-суседску ў спадчыну не перадаецца?


Толькі выйшла з непрацяглага адпачынку, думаю, якую б тэму ў калонцы закрануць, а тут прыходзіць у пісьме на электронную пошту падказка. Піша Наталля з суседняга з нашым Стаўбцоўскага раёна. Не скардзіцца — проста дзеліцца тым, што хвалюе. Тэма — вяскова-дачная і, як для мяне, дык надзвычай для нашага часу тыповая і актуальная. Таму, калі дазволіце, спачатку перакажу той допіс блізка да арыгінала.


Наталля — наваспечаная дачніца. Чаму наваспечаная? Як і многія з нас, яна да нядаўняга часу была проста дарослай дачкой старых ужо бацькоў. І ездзіла ледзь не кожныя выхадныя і кожны летні водпуск у родную вёску не на дачу — дадому. Але бацькі адно за адным памерлі, і Наталля разам з дзвюма сёстрамі стала спадчынніцай дыхтоўнай бацькоўскай хаты. Якая ператварылася ў дачу, бо ўсе жанчыны працуюць, так што жыць там пастаянна няма магчымасці. «І так у нас усё ладна, — піша жанчына. — Мы не дзелім куткі, як іншыя, усе прыязджаем са сваімі сем'ямі, працуем, гатуем, сталуемся разам, агарод агульны на ўсіх садзім. Мы ж адна сям'я, што дзяліць? Нас так бацькі заўсёды вучылі...» Пагадзіцеся, сапраўды можна пазайздросціць. Бо колькі прыкладаў, калі маленькую хатку спадчыннікі, якія ў дзяцінстве ў гэтай хаце з адной міскі елі, дзеляць удоўж і ўпоперак, а пасля яшчэ хтосьці з іх сваю «адваяваную» частку возьме ды прадасць чужым людзям. Карацей, Наталлі тут, можна сказаць, вельмі нават пашанцавала. Але ёй не пашанцавала з іншым (і калі шчыра, я не ведаю, што тут горш). Ёй не пашанцавала з суседзямі.

«Што характэрна, і адну, і другую суседку ведаю столькі ж, колькі сябе. З адной у адзін клас вясковай школы хадзілі, нават некалькі гадоў за адной партай сядзелі. Я нават сведкай у яе на вяселлі была — яна раней замуж выйшла. З другой усе канікулы разам як спрэжаныя былі, вельмі ў дзяцінстве сябравалі, яна да сваёй бабулі з горада прыязджала. Пасля, праўда, шляхі нашы разышліся — раз'ехаліся па розных гарадах, ва ўсіх сем'і, дзеці, пасля ўнукі. Бачыліся зрэдку, прыязджаючы да сваіх старых, віталіся, размаўлялі прыязна пра справы, пра сям'ю. Адкуль што раптам узялося, што стала прычынай іхняй агрэсіўнай нахабнасці — ніяк не магу даўмецца...»

А здарылася так, што Наталля і яе суседкі-равесніцы прыкладна ў адзін час сталі з прыезджых гарадскіх гасцей паўнапраўнымі гаспадынямі вясковых сядзіб — былыя гаспадары, лічы, за нейкі год-два «перасяліліся» на вясковыя могілкі. Спадчыннікі, выканаўшы ўсе жалобныя традыцыі, хутка ўжыліся ў новую ролю ўласнікаў фазэндаў. Вось тут і пачалося. Спачатку адна суседка пачала наракаць Наталлі і яе сёстрам на яблыню, якая нібыта кідае цень на яе двор і засланяе градкі. «А тую яблыню бацька мой садзіў, яшчэ як мы малыя былі. І старэйшай гаспадыні, маме гэтай, новай, яна ніколі не перашкаджала, і на градах у яе ўсё радзіла. Сапраўды, там адна галіна на іх двор нахілілася, дык я ж дазволіла яе спілаваць — у яе трое сыноў прыязджаюць ледзь не кожныя выхадныя. Замест таго яна лінула праз плот нейкай атруты. Прапала і яблыня, і маліна на ўчастку, і кусты парэчак... Пасохла ўсё, лісты пакручаныя. Пайшла да яе, кажу: што ж ты робіш? А яна ў вочы смяецца і кажа: яно ў цябе само пасохла, такая ты, відаць, гаспадыня добрая. Хацела заяву на яе ў міліцыю напісаць, але параіліся з сёстрамі ды вырашылі гэтак не рабіць. Кусты ды яблыню новыя можна купіць і пасадзіць, а адносіны суседскія канчаткова псаваць не хочацца...»

А суседка з іншага боку, тая, з якой сядзелі за адной партай, дзеліць з Наталляй і яе сёстрамі палоску зямлі. «Наш хлеў і іхняя павець спрадвеку, мо яшчэ з даваеннага часу, страха да страхі стаялі. Так дзяды нашы пабудавалі, і ўсё ўсіх задавальняла. Плот паміж гэтымі пабудовамі калі і быў, дык разбурыўся даўно, яшчэ не пры нас. Цяпер яна дастала аднекуль схему, даказвае мне, што наш хлеў пабудаваны насуперак усім правілам занадта блізка ад яе ўчастка, патрабуе, каб мы яго зносілі, інакш пойдзе ў суд. А ў мяне зяць, архітэктар, паглядзеў ды заявіў: мы, маўляў, таксама ў суд пойдзем, бо ваша павець таксама не па правілах пабудаваная, зносьце тады і вы сваю... Пакуль на гэтым і скончылася, але мы цяпер адна з адной не вітаемся нават, не тое што пагаварыць...»

«Ведаеце, я ўспамінаю, як была маладая, глядзела, як нашы матулі кожны вечар збіраюцца на чыёй-небудзь лаўцы, чакаючы кароў з поля, і так хораша размаўляюць, жартуюць. Ці як дзеляцца адна з адной насеннем, саджанцамі, соллю, цукрам... чым заўгодна. Я тады думала: у нас з дзяўчатамі, як пасталеем, будзе яшчэ лепш. Бо яны ж, матулі нашы, чужыя зусім адна адной спачатку былі, замуж з розных месцаў сюды павыходзілі. А мы ж з самага дзяцінства амаль як родныя... А яно во як атрымалася. Ці мы такія, ці жыццё такое?..»

А яно сапраўды так атрымліваецца. Кожны з такіх наваспечаных дачнікаў-вяскоўцаў можа прыгадаць падобную гісторыю, калі не з уласнага досведу, дык з таго, што адбываецца на вачах. Людзі, якія гадаваліся разам, хадзілі ў адну школу, гулялі ў «вайнушку» і «выбівалы», атрымаўшы ў спадчыну бацькоўскую хату, пачынаюць вайну сапраўдную. Патраўленыя грады, бензін у калодзежы, заявы адно на аднаго ў суд і міліцыю — усё ідзе ў ход. Добра, што яшчэ хаты не падпальваюць, хоць часам ужо і да гэтага недалёка... Што не могуць падзяліць? Што хочуць даказаць? А можа, такім чынам спрабуюць супакоіць уласнае сумленне, загладзіць віну. Кінулі ж калісьці бацькоўскую хату, пайшлі шукаць шчасце ў горадзе, ператварылі ў рэшце рэшт яе ў дачу. А цяпер даводзяць самі сабе і іншым: я адказны, я пільны, я о-го-го які сапраўдны гаспадар!..

І што ты каму скажаш? Тыя, хто маглі сказаць, навучыць, падказаць, як яно — жыць у вёсцы па-суседску, ціха ляжаць зусім недалёка адно ад аднаго на пагорку пад елкамі ці бярозамі. І лепш верыць, што яны адтуль нічога не чуюць і не бачаць...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.