Вы тут

З Чашнікаў — у вялікі свет


Калі ў вас надарыцца вольная субота ці нядзеля — паспяшайцеся ў Чашнікі. Старадаўні гарадок на Віцебшчыне падасца вам больш адкрытым і зразумелым, калі вы пачняце падарожжа па ім і ваколіцах са знаёмства з рэпрадукцыямі старых паштовак.


Чашнікі. Царква (былы касцёл). Пачатак ХХ ст.

І перад вамі паўстане зусім іншая прастора — адметная сваімі вуліцамі і вулачкамі, з ракой Ула, на якой і знаходзяцца Чашнікі, з праваслаўнай царквою — такой, якой яна выглядала ў пачатку XX стагоддзя. Яшчэ і паромная пераправа на старой паштоўцы падкажа вам яркія дэталі з гаспадарчага жыцця гэтага за сотню (калі быць дакладнымі — за 95) кіламетраў ад Віцебска паселішча. Дарэчы, дабірацца можна і цягніком па лініі Орша — Лепель. Да чыгуначнай станцыі Чашнікі — яна за 3 км ад сённяшняй раённай сталіцы.

У 1960-я гады нас тут яшчэ мог сустрэць касцёл Святога апостала Лукі. Знішчаны больш за паўвека назад. І ўсё менш сведкаў, якія памятаюць гэты архітэктурны помнік ужывую... А мураваны касцёл прастаяў у гарадку, ранейшым мястэчку, з канца XVІІІ стагоддзя, лічы, болей як паўтара стагоддзя. Выбудоўвалі яго ў 1779 — 1786 гады.

Самі ж Чашнікі ў XVІ стагоддзі былі ў складзе Полацкага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Гаспадарылі тут князі Лукомскія. У Лівонскую вайну на правым беразе Улы па загадзе маскоўскага цара Івана ІV пабудавалі Чашніцкую крэпасць, якая пазней зрабілася Чашніцкім замкам. У 1708 годзе замак спалілі. Уладарылі тут у розныя часіны Кішкі, Сапегі, Патоцкія, Валадковічы. У XVІІ стагоддзі мястэчка сфарміравалася як гандлёвы цэнтр. На галоўнай, гандлёвай, плошчы знаходзілася царква (з трыма званамі розных памераў). Ад плошчы радыяльна разыходзіліся тры дарогі — Іванская, да панскай сядзібы, Лукомская, да Лукомля, Цяпінская, да мястэчка Цяпіна. На Уле працавала прыстань. Да яе прыбывалі караблі з таварам купцоў. Мелася каля прыстані некалькі дзясяткаў складскіх збудаванняў. З часам нават судны-стругі будавалі ў Чашніках. У 1791 — 1793 гадах паселішча з'яўлялася цэнтрам Полацкага ваяводства. А з 1793 года Чашнікі — ужо ў складзе Расійскай імперыі... Мястэчка яшчэ больш пачало развівацца як суднаходны цэнтр. У 1797 годзе пад нагладам генерала Вітэ пачалося будаўніцтва Бярэзінскай воднай сістэмы. Местачкоўцы працавалі на будаўніцтве шлюзаў. Жыхары гарадка і ваколіц авалодвалі прафесіяй плытагонаў. У сярэдзіне XІX стагоддзя тут налічвалася каля дзвюх з паловай тысячы жыхароў, мноства з якіх былі высокапрафесійнымі лоцманамі. Наймаліся ўвесну на баркі і праводзілі іх па Дзвіне ажно да Рыгі.

Чарэя. Сядзібны дом. Пачатак ХХ ст.

Угледзьцеся ў чашніцкія ваколіцы... Красналукі з праваслаўнай царквою — на здымку пачатку XX стагоддзя. Іванск — з вонкава простым, але, па ўсім відаць, прыстойным сядзібным домам... Касцёл у Чарэях. Адна з паштовак дапаможа разгледзець і ўбранне ў Чарэйскім каталіцкім храме. А вось і сядзібны дом у Чарэях...

Заўсёды цікава, якіх знакамітых асоб выпеставаць можа такая выключна адметная працаздольнасцю сваіх жыхароў старонка... У Чашніках нарадзіўся беларускі паэт Янка Журба (1881 — 1964): у ранейшай вёсцы Купніна, якая цяпер знаходзіцца ў межах райцэнтра. Скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю, затым Глухаўскі настаўніцкі інстытут (у Чарнігаўскай губерні). Працаваў настаўнікам у гарадскіх і пачатковых вучылішчах ва Украіне, у Беларусі і Расіі. З 1934 года — у Мінску. Працаваў у Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук БССР. З-за хваробы вачэй у 1937 годзе пакінуў работу, вярнуўся ў Чашнікі. Быў настаўнікам спеваў. Апошнія гады жыцця правёў у Полацку, жыў у сваякоў і ў манашак зачыненага на той час Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра. Пахаваны на Ксавер'еўскіх могілках у Полацку. Аўтар паэтычных зборнікаў «Заранкі» (1924), «Ластаўкі» (1950), «Сонечная раніца» (1955), «Светлыя дні» (1959), «Ясныя шляхі» (1959), «Вершы» (1970), «Роднае» (1980), «Мая песня» (1984)... «Я рос сярод красы прыроды, / Душу сваю з прыродай зліў; / І у шчасны час, і ў час нягоды / Яе заўсёды я любіў» (з верша Янкі Журбы «Маё дзяцінства»).

Чашнікі. Паромны перавоз. Канец ХІХ ст.

Мне давялося быць знаёмым з яўрэйскім паэтам, перакладчыкам, публіцыстам, які пісаў на ідыш, беларускай і рускай мовах, Рыгорам Рэлесам (1913 — 2004), які таксама нарадзіўся ў Чашніках. Журналістыкай і літаратурай ён пачаў займацца яшчэ ў 1930-я гады. У Саюз пісьменнікаў быў прыняты ў 1936 годзе. Пасля быў выключаны. Затым адноўлены. Працаваў у газетах «Піянер Беларусі», пасля вызвалення Заходняй Беларусі — у Навагрудку на радыё. Пасля Вялікай Айчыннай вайны працаваў у газеце «Зорька», часопісе «Вожык». У 1948 — 1973 гг. настаўнічаў у Мінску. Пераважна — у вячэрніх школах рабочай моладзі. І працаваў як паэт, празаік, публіцыст. Выдаў кнігі апавяданняў «Сябры і знаёмыя», «За цеснымі партамі», «У родным куточку», аповесць «Праз цяжкі парог», іншыя творы. У 1961 годзе ў перакладзе Рыгора Барадуліна выйшла кніга вершаў Рыгора Рэлеса на беларускай мове — «Бяроза пад акном». У 1992 годзе разам з Юліяй Канэ Рыгор Львовіч уклаў кнігу прозы Шолам-Алейхема «Тэўе-малочнік». Калі я браў інтэрв'ю ў Рыгора Рэлеса, а было гэта звыш 20 гадоў таму, пісьменнік са светлым розумам, чыстымі вачыма расказваў мне і пра сваю прывязанасць да Чашнікаў, да памяці аб прашчурах з гэтай старажытнай старонкі… У Чашніках у 1863 годзе нарадзіўся яшчэ адзін яўрэйскі пісьменнік — Сямён Акімавіч Ан-скі. Парваўшы сувязь з яўрэйскім асяроддзем, ён зрабіўся ў юным узросце апантаным рэвалюцыянерам-народнікам. Неаднаразова яго арыштоўвалі, утрымлівалі ў астрозе. Працаваў шахцёрам на Екацярынаслаўскіх шахтах. Пачаў пісаць артыкулы з шахцёрскага быту і друкавацца з імі ў мясцовых газетах. Вандраваў па Германіі і Швейцарыі, працаваў ў пераплётнай майстэрні. Праз некаторы час напісаў кнігу «Нарысы народнай літаратуры». Па рэкамендацыі вядомага публіцыста Глеба Успенскага стаў асабістым сакратаром сацыёлага, народніка Пятра Лаўрова. Пад яго дыктоўку запісаў працы «Вопыт гісторыі думкі», «Перажыванні дагістарычнага перыяду», «Уводзіны ў гісторыю думкі». Стаў адным з заснавальнікаў Аграрна-сацыялістычнай лігі. Напісаў на ідыш верш «Клятва», які стаў «Марсэльезай яўрэйскіх рабочых». Займаўся этнаграфіяй, вывучаў быт і фальклор яўрэйскіх мястэчак. Праехаў і абследаваў больш чым 70 паселішчаў, запісаў вялікую колькасць казак, прымавак, песень. Сабраў велізарную колькасць дакументаў... Зрабіў каля 1500 фотаздымкаў. Над сістэматызацыяй сабраных матэрыялаў працаваў да канца свайго жыцця…

Красналукі. Царква Святога Духа. Пачатак ХХ ст.

Чашнікі — і радзіма даволі папулярнага савецкага, расійскага пісьменніка-фантаста Зіновія Юр'ева (1925 — 2020). Відаць, нехта са старэйшых пакаленняў, хто быў захопленым чытачом фантастычных твораў, памятае яго раман «Хуткія сны». А яшчэ такія творы, як «Дару вам памяць», «Далёкія родзічы», «Тонкі галасок безыменнай кветкі»... У рамане «Бэта Сем пры блізкім разглядзе» (1990) выступіў супраць ідэй сацыялізму. З 1952 года ўраджэнец Чашнікаў працаваў у часопісе «Крокодил».

Чашнікі. Малюнак Н. Орды. Сярэдзіна ХІХ ст.

А Чарэя, якую мы ўжо згадвалі, і якая ад Чашнікаў на адлегласці звыш 30 км, — радзіма французскага паэта Оскара дэ Любіча Мілаша (1877 — 1939), дзядзькі і настаўніка лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры Чэслава Мілаша. З Чарэі — і легендарны савецкі ваеначальнік генерал арміі Яўген Піліпавіч Іваноўскі (1918 — 1991), які ў свой час камандаваў і войскамі Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі. Герой Савецкага Саюза. У апошнія гады вайсковай службы — Галоўнакамандуючы Сухапутнымі войскамі СССР. У 1899 годзе ў Чарэі нарадзілася савецкі мікрабіёлаг Рахіль Драбкіна (памерла ў 1982 годзе)... Пра ўсіх гэтых знакамітых землякоў вы даведаецеся ў Чашніцкім гістарычным музеі. Варта толькі зазірнуць на вуліцу Савецкая, 71.

А будзеце мець больш часу на вандроўку ў Чашнікі і Чашніцкі край, то не абмініце і Новалукомль. Ад Чашнікаў — усяго 23 км. Добрага настрою вам дадасць і любаванне возерам Лукомскае, на правым беразе якога і размешчаны Новалукомль... Упэўнены, падарожны выхадны дзень марна не пройдзе.

Кастусь ЛЕШНІЦА

Паштоўкі з калекцыі лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра ЛІХАДЗЕДАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.