Вы тут

Сведкі віцебскай даўніны


Выпраўляючыся ў чарговы раз у старажытны Віцебск, звернем сваю ўвагу на тых яго ўраджэнцаў, хто ў першую чаргу спрычыніўся да культуры, мастацтва, асветы... Такіх сыноў і дачок у славутага паселішча нямала. Пра некага напісана даволі шмат, а хтосьці яшчэ застаўся па-за шырокай увагай. Згадваючы многія імёны, пераконваешся, што працэс пошукаў землякоў падаецца ці не бясконцым.


Віцебск. Сувенірная паштоўка. Пачатак ХХ стагоддзя

Сярод ураджэнцаў Віцебска літаральна асобнай кнігі варты жыццяпіс Васіля Іванавіча Сабольшчыкава, які нарадзіўся ў Віцебску ў студзені 1813 года. Без гэтай яркай асобы нельга ўявіць гісторыю расійскага кнігазнаўства. Сабольшчыкаў — рускі бібліятэказнаўца, архітэктар, ганаровы член Пецярбургскай акадэміі мастацтваў (1858). З 1834-га Сабольшчыкаў працуе ў Пецярбургскай Публічнай бібліятэцы. Заснаваў аддзел замежных кніг пра Расію (Rossіca). У 1859 — 1862 гг. па праекту нашага земляка пабудавана новая чытальная зала ў двары Публічнай бібліятэкі. Васіль Іванавіч — аўтар наступных кніг, брашур, артыкулаў: «Некаторыя заўвагі з нагоды артыкула П. М. Строева аб простым і спрыяльным спосабе размяшчаць бібліятэкі вялікага памеру» (1856), «Аб уладкаванні грамадскіх бібліятэк і складанні іх каталогаў» (1859), «Агляд вялікіх бібліятэк Еўропы ў пачатку 1859» (1860), «Брытанскі музеум у Лондане і Імператарская публічная бібліятэка ў Пецярбургу» (1864), «Чарткоўская бібліятэка ў Маскве і Імператарская Публічная бібліятэка ў С.- Пецярбургу» (1864), «Успаміны старога бібліятэкара» (з прадмовай В. В. Стасава надрукаваны ў 1889 годзе — ужо пасля смерці Васіля Іванавіча) і інш. Пра Сабольшчыкава расказваецца ў кнізе У. Іваска «Жыццё і праца Васіля Іванавіча Сабольшчыкава, старшага бібліятэкара і архітэктара імп. Публічнай бібліятэкі» (Масква, 1914). Памёр легендарны бібліятэкар у 1872 годзе.

Віцебск — і радзіма вучонага-правазнаўца Арона Навумавіча Трайніна (нарадзіўся ў 1883 годзе). Закончыў Маскоўскі дзяржаўны універсітэт. Хоць і ўдзельнічаў у студэнцкіх хваляваннях, быў пакінуты на кафедры. Спецыялізаваўся па крымінальным праве. Пачынаючы з 1909 года, шмат друкаваўся па пытаннях юрыдычнай тэорыі і практыкі. Не ўступіўшы ў партыю камуністаў, многія гады ў перыяд Савецкай улады ўзначальваў ў Маскоўскім універсітэце кафедру крымінальнага права. Што па тых часах было справай, лічыце, неверагоднай. Аўтар аднаго з першых універсітэцкіх падручнікаў «Крымінальнае права» (1929). Наш зямляк адным з першых як вучоны-юрыст адгукнуўся на тыя падзеі, што адбываліся ў Германіі з прыходам да ўлады нацыстаў. Напісаў работы «Крымінальная інтэрвенцыя» (1935), «Абарона міру і крымінальны працэс» (1937), «Крымінальная адказнасць гітлераўцаў» (1944) і інш. У 1945 годзе Трайнін прадстаўляў СССР у складзе чатырохбаковай Лонданскай камісіі па падрыхтоўцы Нюрнбергскага працэсу. Пасля і ўдзельнічаў у ім у якасці кансультанта з боку савецкага абвінавачвання. Арон Навумавіч быў абраны членам-карэспандэнтам АН СССР, узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга. Высокія адзнакі не сталі ахоўнай граматай у часы, калі ў краіне разгарнулася барацьба з так званымі «касмапалітамі». Шальмаванне і пустыя абвінавачванні скіраваліся і ў адрас Трайніна, калі следам за «справай урачоў» у 1952 годзе рыхтавалася «справа юрыстаў». Арона Навумавіча выключылі з універсітэта, пазбавілі права займацца навуковай дзейнасцю. Памёр Трайнін у 1957 годзе. Хіба не варта постаць такога нашага земляка асобнай кнігі?

Віцебск. Сувенірная паштоўка. Пачатак ХХ стагоддзя

Віцебск. Від на горад з маста. Пачатак ХХ стагоддзя

Алена Аркадзеўна Кабіршчэн-Якерсон, якая нарадзілася ў Віцебску ў 1903, — сведка ўжо другіх падзей. Рускі савецкі мастак, жывапісец, графік. Вучылася ў Віцебску ў мастацкай студыі легендарнага Юдэля Пэна. У 1918 — 1921 гг. вучылася ў Віцебскім мастацкім вучылішчы. У 1921 г. выйшла замуж за мастака Д. А. Якерсона (1896 — 1947), з якім пазнаёмілася яшчэ ў час вучобы ў студыі Ю. Пэна, і выехала ў Маскву. У 1921 — 1923 гг. вучылася ў славутым ВХУТЕМАСе. Удзельнічала ў мастацкіх выстаўках з 1927 г. У 1925 — 1929 гг. працавала ў Маскве ў Дзяржаўным Цэнтральным музеі прыродазнаўства. З 1929 года — у фальклорным кабінеце Дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. У 1930 — 1940-ыя гг. выконвала скульптурныя, жывапісныя работы для розных устаноў. У 1950 — 1958 гг. працавала мастаком Маскоўскага аддзялення Мастацкага фонду СССР. Работы Кабішчэр-Якерсон захоўваюцца ў зборах шэрагу музеяў Расійскай Федэрацыі, у прыватных калекцыях. Пра мастачку з Віцебска — некаторыя старонкі ў кнізе Г. Казоўскага «Мастакі Віцебска. Іегуда Пэн і яго вучні», што пабачыла свет ў Маскве ў 1992 годзе.

У Віцебску ў красавіку 1912 года нарадзіўся Якаў Іосіфавіч Волчак, рускі драматург, кінасцэнарыст, празаік. Закончыў Растоўскі дзяржаўны універсітэт. У свой час былі добра вядомыя кнігі Якава Волчака — «Апавяданні пра капітана Бурунца» (1959), «Карай. Сын Карая» (1963), «Мае настаўнікі» (1963). Ураджэнец Віцебска — аўтар п’ес «Зазірнуць у калодзеж», «Судовая хроніка», «Палічымся славаю...», «Голас крыві», «Зволены і прызначаны», «ККД апантанасці». Некаторыя з тэатральных твораў наш зямляк напісаў у сааўтарстве. Літаратурная праца Я. Волчака была адзначана ў 1955 годзе прэміяй Саюза пісьменнікаў СССР і МУС СССР. Памёр Якаў Іосіфавіч у 1988 годзе.

Віцебск. Успенскі сабор. Пачатак ХХ стагоддзя

Рускі літаратуразнавец Ілья Серман нарадзіўся ў Віцебску ў 1913 годзе. Удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне, быў паранены. Узнагароджаны ордэнамі і медалямі. У 1944 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. Працаваў у Лендзяржлітвыдаце. У 1949 годзе нашага земляка арыштавалі за «антысавецкую прапаганду». Болей 5 гадоў правёў у лагеры на Калыме. У жорнавы сталінскага лагера патрапіла і жонка Ільі Сермана. Пасля вызвалення вучоны працаваў у Пушкінскім доме (Інстытуце рускай літаратуры) у 1956 — 1976 гг. Абараніў доктарскую дысертацыю па тэме «Руская паэзія XVІІІ стагоддзя» (1969). Выдаў кнігі «Паэтычны стыль Ламаносава» (1966), «Дзяржавін» (1967), «Рускі класіцызм» (1973). Быў адным з рэдактараў шматтомнай «Гісторыі рускай літаратуры» на французскай мове. З 1976 жыў у Ізраілі.

Віцебск. Гогалеўская вуліца і кандытарская «Жан Альберт». Пачатак ХХ стагоддзя

Віцебск. Тэатр. Пачатак ХХ стагоддзя

Шкада, што некаторыя са згаданых постацяў па-ранейшаму так мала згадваюцца альбо зусім невядомыя ў Беларусі. А ўсе яны сведкі віцебскай даўніны. «Маўклівыя» старыя паштоўкі адкрываюць нам і іх памяць. А калі следам яшчэ выправіцца ў грунтоўны гісторыка-краязнаўчы пошук, то ў розных матэрыялах, звязаных з легендарнымі асобамі нараджэннем з Віцебска, знойдзецца нямала дэталяў, згадак пра губернскі горад канца XІX — пачатку XX стагоддзя. Такі, які ён нам прадстаўляецца з рэпрадукцый, са старых паштовак.

Віцебск. Касцёл Святой Барбары. Пачатак ХХ стагоддзя

Кастусь ЛЕШНІЦА

Паштоўкі з калекцыі лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.