Вы тут

Сёлета ў БДУ арганізавана дзейнасць каля 50 студэнцкіх атрадаў


Сёлета ў БДУ арганізавана дзейнасць каля 50 студэнцкіх атрадаў. У іх складзе працуе больш за тысячу студэнтаў універсітэта. Арганізатарам руху выступае Штаб працоўных спраў БРСМ БДУ. Пра свой трэці працоўны семестр расказваюць студэнты ўніверсітэта.


Другакурснік факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Захар Статкевіч працуе важатым у дзіцячым аздараўленчым лагеры «Хваля». Хлопец даўно хацеў паспрабаваць сябе ў ролі выхавальніка або настаўніка, і яго мара нарэшце ажыццявілася. Працоўны дзень студэнта падрабязна спланаваны: пад'ём, зарадка, прыбіранне тэрыторыі, мерапрыемствы, ціхі час, дыскатэка. «Як важаты я бяру на сябе поўную адказнасць за жыццё і здароўе ўсяго атрада. Бяспека дзяцей, мабыць, наш галоўны абавязак», — падкрэслівае Захар і канстатуе, што работа ў студатрадзе стала для яго незабыўным досведам.

Студэнтка другога курса біялагічнага факультэта Святлана Вішнеўская
працуе ў аграгарадку Шчомысліца. Яе сельскагаспадарчы атрад дапамагае ў гадавальніку дэкаратыўных раслін БДУ. У абавязкі каманды ўваходзіць праполка і акультурванне, работа ў полі, выдаленне пустазелля. У гэтым занятку для дзяўчыны найбольш каштоўнае знаходжанне на свежым паветры, магчымасць падпрацаваць у свабодны летні перыяд і атрымаць новыя веды аб раслінах. Няпростая фізічная праца кампенсуецца сяброўскай атмасферай паміж студэнтамі і кіраўніцтвам. На думку Святланы, агульная справа гуртуе і спрыяе аб'яднанню. «Кожны дзень — як чысты аркуш. Ніколі не ведаеш, што адбудзецца, — расказала студэнтка. — Вы ж таксама не чакаеце па дарозе на работу ўбачыць, як літаральна за пяцьдзясят метраў ад вас прабяжыць казуля? А ў студатрадзе такіх цікавых гісторый хапае з лішкам».

Першакурснік хімічнага факультэта БДУ Павел Тучкоўскі ўступіў у вытворчы атрад на заводзе бытавой тэхнікі «Атлант». Ён працуе слесарам-зборшчыкам пральных машын і выконвае аперацыі на канвееры. Хлопцу падабаецца збіраць тэхніку, якую потым можна ўбачыць у сябе дома ў дзеянні. «Як толькі заходзіш у цэх, адразу адчуваецца рабочая атмасфера. Хочацца хутчэй узяцца за справу. Прызнаюся, што па першым часе было складана, але дружны калектыў дапамог прызвычаіцца, — дзеліцца ўражаннямі Павел. — Я не пашкадаваў, што прыйшоў працаваць менавіта сюды. Калі наступным летам мне прапануюць вярнуцца, абавязкова пагаджуся».

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.